ЛА́ХВА,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смердзь, на аўтадарозе Лунінец—Мікашэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад г. Лунінец, 265 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Лахва. 1620 ж., 724 двары (199 8).

У 16 ст. ў Навагрудскім пав. ВКЛ. Належала вял. князям, потым Кішкам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 17 ст. мястэчка, непадалёку існаваў сядзібны комплекс. У пач. 18 ст. ў Л. пабудаваны палац, у 1746 — мураваны Троіцкі касцёл (не збярогся). З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. працавалі ф-кі па вырабе плеценай мэблі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ., 892 ж., 112 двароў, школа, 2 царквы, капліца, 2 сінагогі, 2 крамы. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Лунінецкага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 437 ж., спалілі 168 двароў. Вясной 1942 фашысты стварылі ў Л. гета, куды было сагнана больш за 2500 яўрэяў з Л., навакольных мястэчак і вёсак. 3.9.1942 у час знішчэння гета адбылося паўстанне, у выніку якога каля 600 чал. выратавалася. У 1972—2374 ж., 675 двароў.

Нафтабаза, рыбгас. Дзіцячы санаторый. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Прачысценская царква (1880-я г.). За 2 км на Пд ад вёскі селішча жал. веку.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).

Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.​І.​Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.​Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, звязаны з пошукам, рэгістрацыяй і даследаваннем патокаў нейтрына ад пазаземных крыніц. Узнікла ў 1960-я г. разам са з’яўленнем прылад і метадаў дэтэктыравання нейтрына. Метады Н.а., у адрозненне ад інш. метадаў даследавання касм. аб’ектаў, даюць магчымасць вывучаць шчыльныя касм. аб’екты і даўнія касмалагічныя эпохі.

У Сусвеце нейтрына ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў у нетрах зорак і пры ўзаемадзеянні касм. выпрамянення з асяроддзем, напр. з рэчывам атмасферы Зямлі (атм. нейтрына), міжгалактычным і міжзорным газамі, морам рэліктавых фатонаў (гл. Рэліктавае выпрамяненне) і інш. Энергетычны спектр касм. нейтрына ад ~10​−4эВ (касмалагічныя, ці рэліктавыя нейтрына) да 10​20—10​28эВ. Энергія нейтрына ад Сонца і нестацыянарных зорак да 10​8эВ. Нейтрына слаба ўзаемадзейнічаюць з рэчывам, таму зоркі для іх практычна празрыстыя і яны бесперашкодна пакідаюць іх. Рэгістрацыя гэтых нейтрына дае магчымасць вызначаць т-ру, шчыльнасць і хім. састаў цэнтр. часткі зорак, недаступнай вывучэнню інш. метадамі. Слабае ўзаемадзеянне касм. нейтрына з рэчывам абумоўлівае складанасць іх дэтэктыравання (патрэбна вял. колькасць рэгістравальнага рэчыва і дэтэктары неабходна будаваць глыбока пад зямлёй). Створана 5 найб. магутных дэтэктараў сонечных нейтрына (ЗША, Расія — ЗША Італія — Расія, Японія, Канада) і 2 вял. дэтэктары атм. нейтрына (у воз. Байкал, Расія і антарктычным лёдзе, ЗША). З 1980 існуе сусветная служба назірання за ўспышкамі звышновых зорак у нейтрынным святле. Гл. таксама Нейтрынная астрафізіка.

І.​С.​Сацункевіч, А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛА́КС (ад грэч. parallaxis адхіленне),

уяўная змена становішча прадмета з прычыны перамяшчэння ў прасторы вока назіральніка. Залежыць ад даўжыні вектара перамяшчэння назіральніка, адлегласці паміж ім і аб’ектам. Напр., бачнае зрушэнне краю слупка ртуці ў барометры адносна дзяленняў шкалы пры розных становішчах вока. П. у астраноміі — уяўнае зрушэнне свяціла, абумоўленае перамяшчэннем назіральніка. Адрозніваюць П.: з прычыны вярчэння Зямлі — сутачны, абарачэння Зямлі вакол Сонца — гадавы.

Сутачны П. — вугал паміж напрамкамі на свяціла з цэнтра Зямлі і з пэўнага пункта зямной паверхні (вугал p′, пад якім са свяціла M бачны радыус Зямлі r у месцы назірання). Для свяціла, якое знаходзіцца ў зеніце, сутачны П. роўны нулю; для свяціла на гарызонце ён максімальны і наз. гарызантальным П. Па значэнні гарыз. П. свяціла p″ можна знайсці адлегласць Δ ад цэнтра Зямлі да свяціла: Δ = 206265 r/p″, дзе r — экватарыяльны радыус Зямлі. Гарыз. П. Сонца роўны 8,794, што адпавядае адлегласці ад Зямлі да Сонца 149 597 870 км, якая наз. астранамічнай адзінкай. Гадавы П. — вугал, пад якім са свяціла відаць вял. паўвось зямной арбіты; служыць для вызначэння адлегласцей да зорак.

А.​А.​Шымбалёў.

Уплыў паралакса на адлік ціску па барометры.
Сутачны паралакс свяціла (∠OMT): T — цэнтр Зямлі; O — пункт назірання на паверхні Зямлі; M (M′) — цэнтр свяціла; r — радыус Зямлі; ∠OM′T — гарызантальны сутачны паралакс.
Гадавы паралакс.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖА́НКА,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Масты—Шчучын. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Шчучын». За 8 км на Пд ад г. Шчучын, 65 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Ражанка. 2140 ж., 796 двароў (2001). Філіял Гродзенскага занальнага НДІ сельскай гаспадаркі, рамонтны з-д, райаграпрамтэхніка, лясніцтва. Сярэдняя школа, спец. школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл, капліца (19 ст.), сядзіба (2-я пал. 19 ст.).

З 2-й пал. 16 ст. ў складзе Лідскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. У 1674 пабудаваны Петрапаўлаўскі касцёл. З 1795 у Рас. імперыі. З 1801 у Лідскім пав. Гродзенскай, з 1843 Віленскай губ. У 1866 мястэчка, цэнтр воласці, меліся касцёл, царква, сукнавальная ф-ка. У 1885 у Р. 604 ж., 63 двары, валасное праўленне, 2 вадзяныя млыны, 3 корчмы; у 1897—777 ж. У 1905 існавалі Р. — маёнтак (45 ж.) і мястэчка (504 ж.), за 2 вярсты ад старой — новая Р. (135 ж.). У 1907 пры пракладцы чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск пабудавана чыг. ст. Р. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага ваяв., 734 ж., касцёл, царква, пошта (1933). З 1939 у БССР, вёска, 965 ж., цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл.

У.​В.​Мальцаў.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,

этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.​Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст. франц. асветнікамі, напр., у працах К.​Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.​Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.​Г.​Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.

А.​Б.​Савеня.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́РА, Мілавіца,

другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн. км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙10​24 кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек​2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн. км, найб. 261 млн. км.

Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.​Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.​В.​Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.

Н.​А.​Ушакова.

Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ «ПАХО́ЖЫЯ»,

«людзі вольныя», феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 15—1-й пал. 17 ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога і не былі прымацаваны да зямлі, як айчызныя людзі, людзі «непахожыя» або чэлядзь нявольная. Лічыліся асабіста вольнымі. У 15 ст. Л.«п.» складалі найб. групу сялянства. У актах 16 ст. Л.«п.» называюцца таксама людзьмі прыбылымі, «прыхожымі». Пераходзячы да інш. землеўладальніка, Л.«п.» павінны былі выплаціць грашовы эквівалент усіх павіннасцей, выканаць умовы «выхаду» і папярэдзіць пра гэта землеўладальніка. Л.«п.» маглі ўзяць з сабой сваю маёмасць. Феадал не меў права затрымліваць выхад Л.«п.» ці прысвойваць іх рухомыя рэчы («дамовыя статкі»). Колькасць Л.«п.» скарачалася па меры ўзмацнення паліт. правоў шляхты. У Статутах ВКЛ 1529 і 1566 тэрмін даўнасці, паводле якога «пахожы» селянін траціў права пераходу і станавіўся «непахожым», не быў агавораны, хоць у Статуце ВКЛ 1529 прыводзіцца 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці. Гэты артыкул Статута феадалы Беларусі і дзярж. апарат выкарыстоўвалі, каб запрыгоніць Л.«п.», што пражылі ў іх маёнтках больш за 10 гадоў. Статут ВКЛ 1588 канстатаваў узмацненне працэсу запрыгоньвання Л.«п.». «Пахожы» селянін мог пайсці ад феадала, толькі адпрацаваўшы льготныя гады або заплаціўшы па 6 грошаў за льготны тыдзень. Калі ж «пахожы» селянін прабыў («засидел») у пана 10 гадоў, то незалежна ад таго, атрымліваў ад шляхціца дапамогу ці не, ён пазбаўляўся права пераходу і разам з дзецьмі пераводзіўся ў становішча отчыча. Ён мог адкупіцца, аддаўшы пану 10 коп грошаў і выплаціўшы атрыманую ад пана дапамогу. Але заплаціць такія грошы селянін фактычна не меў магчымасці. Збеглых Л.«п.» феадалы адшуквалі ўжо як отчычаў. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. «пахожыя» і «непахожыя» сяляне зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,

асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл. Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах. губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., або больш за ​1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап. ч. краіны.

Літ.:

Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;

Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.

В.​П.​Панюціч, У.​А.​Сосна.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)