ПРЫГО́ДЗІЧ (Зіновій Кірылавіч) (н. 15.10.1944, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Канд. філас. н. (1984). Скончыў БДУ (1967), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1984). З 1960 працаваў у друку, на радыё. З 1967 у газ. «Звязда». У 1977—84 і з 1989 у ЦК КПБ (у 1984—89 заг. кафедры Мінскай ВПШ). З 1989 рэдактар газ. «Советская Белоруссия», з 1992 гал. рэдактар час. «Гаспадыня», у 1996—99 1-ы нам. старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 у БДУ. Друкуецца з 1960. Піша на бел. і рус. мовах вершы і апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы пра бел. л-ру. Першая кн. «Добры дзень, сад!» (1974). Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (1984) прысвяціў студэнцкай моладзі, аповесць «Ноч перад нядзеляю» (1985) — сучаснай вёсцы, праблемам сям’і, прыгажосці ўнутр. свету людзей старэйшага пакалення. Аўтар дакумент. аповесцей «Строгая дабрата» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), зб. нарысаў «Жменя зярнят» (1979).

Тв.:

Сучасная беларуская літаратура: Прывабнасць ідэалу. Мн., 1987;

Калі б не ты: Вершы. Мн., 2001;

Журба мая светлая. Мн., 2001.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.​Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.​Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.​Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.​Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.​Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.​Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.​Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.​Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.​Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.​Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАШЫ (Rákosi; сапр. Розенберг) Мацьяш

(9.3.1892, г. Ада, Югаславія — 5.2.1971),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Усх. акадэмію ў Будапешце (1912). У 1912—14 удзельнічаў у рабочым руху ў Гамбургу (Германія) і Лондане. У 1 -ю сусв. вайну ваяваў на рас. фронце (з лета 1914), дзе трапіў у палон (крас. 1915, вызвалены ў лют. 1918). З 1918 чл. Камуніст. партыі Венгрыі. У 1919 чл. урада Венг. сав. рэспублікі. У 1921—24 сакратар Выканкома Камуніст. Інтэрнацыянала. З 1925 зняволены ў Венгрыі. У 1940—44 у СССР, дзе ўзначальваў цэнтр венг. камуністаў у эміграцыі. З крас. 1945 ген. сакратар ЦК адноўленай Венг. камуніст. партыі, з чэрв. 1948 ген. сакратар аб’яднанай Венг. партыі працоўных (ВПП), са жн. 1952 адначасова прэм’ер-міністр Венгрыі. З 1949 праводзіў курс на насаджэнне ў краіне сав. мадэлі сацыялізму (у т. л. культ асобы Р., рэпрэсіі супраць Л.Райка, Я.Кадара, І.Надзя і многіх інш. камуністаў), зневажаў нац. асаблівасці Венгрыі, што выклікала рост грамадскай напружанасці. У чэрв. 1953 — ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК ВПП. У 1962 выключаны з партыі. У апошнія гады жыў у СССР.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НДЭСРАТ (ням. Bundesrat),

1) верхняя палата парламента ў Германскай імперыі ў 1871—1918.

2) Орган прадстаўніцтва зямель у ФРГ. Створаны ў 1949, складаецца з 68 чл., выконвае заканад. функцыю.

3) Адна з дзвюх палат парламента ў Аўстрыі. Складаецца з 63 чл., якіх прызначаюць ландтагі — парламенты зямель.

4) Назва ўрада ў Швейцарыі.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКРО́С (англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ПАНЧО́ШНЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1965—68 у г. Брэст. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Сыравіну часткова атрымлівае з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і інш. краін. Дзейнічаюць круцільная і вязальная вытв-сць. Асн. прадукцыя (1995): гладкія і з малюнкамі жаночыя калготкі, паўшарсцяныя жаночыя і дзіцячыя калготкі, мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя шкарпэткі.

т. 3, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1934 у Віцебску як бальніца-медінстытут, з 1938 мед. ін-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: лячэбны, фармацэўтычны; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае, на фармацэўтычным ф-це і завочнае. Аспірантура з 1960, дактарантура з 1991. Мае цэнтр. н.-д. лабараторыю, аддзел навук.-мед. інфармацыі.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРСКАЯ ПАПЯРО́ВА-КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Заснавана да 1809 у мяст. Азёры Гродзенскага пав. (цяпер вёска ў Гродзенскім р-не). Вырабляла друкарскую паперу розных гатункаў, простую з рыззя, абгортачную і кардон з драўніннай масы. У 1876 працавала 108, у 1881 — 21 рабочы. У 1884—90 мела 2 паравыя машыны, з 1890 — папяровую машыну.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)