АГІ́НСКІ КАНА́Л,

у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).

Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.​К.​Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯЦЫ́ЙНЫ РУХАВІ́К,

цеплавы рухавік для забеспячэння палётаў лятальных апаратаў у каляземнай паветр. прасторы. Асн. тыпы авіяцыйнага рухавіка: паветрана-рэактыўныя рухавікі (пераважна турбарэактыўныя рухавікі), турбавінтавыя рухавікі і поршневыя бензінавыя (устанаўліваюцца на самалётах грамадз. авіяцыі спец. прызначэння).

Да кампрэсарных паветрана-рэактыўных авіяцыйных рухавікоў адносяцца газатурбінныя рухавікі прамой і непрамой рэакцыі (у т. л. турбавальныя, якія выкарыстоўваюцца ў асн. на верталётах). На самалётах пакарочанага, а таксама верт. ўзлёту і пасадкі прымяняюць пад’ёмныя і універсальныя пад’ёмна-маршавыя газатурбінныя рухавікі. На самалётах, здольных развіваць звышгукавыя скорасці, устанаўліваюць бескампрэсарныя праматочныя паветрана-рэактыўныя рухавікі ці змешаныя ўстаноўкі. Ёсць таксама пульсавальныя паветрана-рэактыўныя, вадкасна-ракетныя і паветрана-ракетныя рухавікі. Авіяцыйныя рухавікі аснашчаюць аўтам. сістэмамі, што аблягчае кіраванне імі, павышае іх эксплуатацыйную надзейнасць. Асн. паказчыкі дасканаласці авіяцыйнага рухавіка: удз. вага (адносіны вагі рухавіка да яго ўзлётнай цягі ці магутнасці) і ўдз. расход паліва (адносіны гадзіннага расходу паліва да крэйсерскай цягі ці магутнасці).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).

Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.

Альбіцыя ленкаранскяя («шаўковая акацыя»).

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),

аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.

Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.

Бурыя водарасці: 1 — фукус пухіраваты; 2 — ламінарыя цукрыстая; 3 — саргасум змешаны.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),

канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.

Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.

Бэлькі: 1 — разразная (простая); 2 — кансольная; 3 — з заладжанымі канцамі; 4 — двухкансольная; 5 — трохпралётная неразразная; 6 — трохпралётная кансольная; 7 — прамавугольная; 8 — таўровая; 9 — двухтаўровая; 10 — каробчатая.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс. г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр. ч. тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.

А.​К.​Карабанаў.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР, вандроўная трупа,

тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст. — Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.​Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,

антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.​Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.​Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.​Г.​Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс. чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.

Літ.:

Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;

Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;

Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг. Мн., 1981.

Н.​І.​Стужынская.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАРУХАВІ́К,

рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.

Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.​Я.​Жукоўскі, развівалі яе У.​П.​Вятчынкін, А.​Г.​Уфімцаў і інш.

Ветрарухавік: 1 — ветраное кола; 2 — хваставое апярэнне; 3 — мачта; 4 — ніжні рэдуктар; 5 — рабочае прыстасаванне.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, асн. нясучыя элементы якіх (тросы, канаты, кабелі, ланцугі, сеткі, стрыжні, мембраны) успрымаюць толькі расцягвальныя намаганні. Бываюць: плоскія (выкарыстоўваюцца ў вісячых мастах, канатных дарогах) і прасторавыя (у пакрыццях грамадскіх і прамысл. будынкаў); аднапаясныя (паралельныя тросы, сеткі ці мембраны ўтвараюць цыліндрычныя або парабалоідныя паверхні з насцілам), двухпаясныя (папярэдне напружаныя, з крывалінейных паясоў, павернутых выпукласцямі ў процілеглыя бакі), седлападобныя (з тросаў, якія перасякаюцца і ўтвараюць сетку, або з адпаведных абалонак), вантавыя (гл. Вантавыя канструкцыі) і камбінаваныя.

Вісячыя канструкцыі лёгкія, эканамічныя, архітэктурна выразныя, мала адчувальныя да сейсмічных уздзеянняў, асядання апор. Будуюцца хутка, з дапамогай лёгкіх пад’ёмных механізмаў, пераважна без рыштаванняў. Асн. недахоп — дэфармавальнасць ад мясц. нагрузкі (памяншаецца адцяжкамі, раскосамі, бэлькамі жорсткасці, дадатковымі паясамі, папярэднім напружаннем элементаў). Выкарыстанне ў вісячых канструкцыях сучасных высокатрывалых матэрыялаў дазваляе перакрываць збудаванні з вял. пралётамі.

М.​К.​Балыкін.

Вісячыя канструкцыі: 1 — спартыўны будынак з вантава-бэлечным пакрыццём; 2 — падвеснае пакрыццё фабрыкі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)