заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іхметал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛЬНІКАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (23.4.1941, г. Гомель — 6.9.1992),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1974). З 1977 выкладчык у ім. У выніку раскопак і аналізу летапісаў даследаваў межы рассялення радзімічаў і іх суседзяў, храналогію радзіміцкіх старажытнасцяў, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю радзіміцкага пахавальнага абраду, выявіў асаблівасці іх адзення. Вывучаў гісторыю і грамадскі лад усх.-слав. летапісных плямёнаў на тэр. Беларусі.
Тв.:
Археологические памятники Гомельщины. Мн., 1988 (разам з А.А. Макушнікавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНСІРО́ЎКА,
ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал.ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.
Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРПАРАВА́НЫЯ МО́ВЫ, полісінтэтычныя мовы,
структурны тып моў, якія складаюцца са славесных комплексаў або слоў-сказаў, пабудаваных паводле прынцыпу інкарпарацыі. Да іх належыць шэраг палеаазіяцкіх моў (карацкая, ніўхская, чукоцкая і інш.), мовы паўн.-амер. індзейцаў (дакота, пают, хупа і інш.). У асобную тыпалагічную групу І.м. вылучыў у 19 ст. В.Гумбальт. Вылучэнне іх у адметны тып моў не з’яўляецца агульнапрынятым у сучаснай лінгвістыцы, бо пэўнымі структурнымі прыкметамі яны аб’ядноўваюцца з аглюцінатыўнымі мовамі.
Літ.:
Гумбольдт В. Избр. труды по языкознанию. Пер. с нем. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮНКТУ́РА (позналац. conjunctura ад лац. conjungo звязваю, злучаю),
збег акалічнасцей, сітуацыя, стан рэчаў, здольныя паўплываць на зыход якой-н. справы. К. эканамічная — стан эканомікі, узровень эканам. актыўнасці, якія характарызуюцца рухам цэн, працэнтных ставак па дэпазітах і крэдытах, валютнага курсу, зарплаты, дывідэндаў, а таксама дынамікай вытворчасці і спажывання. Адлюстроўвае ўплыў не толькі эканам. фактараў, але і паліт., сац., тэхн., экалаг. і інш.Іх аналіз дазваляе своечасова выявіць адмоўныя ўплывы і тэндэнцыі, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры па паляпшэнні К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш.сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАДЫЯГРА́МА (ад карта + дыяграма),
карга, на якой дыяграмнымі фігурамі адлюстроўваюць сумарную велічыню або структуру і дынаміку якой-н. з’явы (з’яў) у межах пэўнай тэр. адзінкі, нанесенай на карту. Дыяграмныя фігуры бываюць: лінейныя (слупкі, палоскі), плошчавыя (квадраты, кругі), аб’ёмныя (кубы, шары). Віды дыяграмных фігур выбіраюцца ў залежнасці ад колькаснай характарыстыкі картаграфаваных паказчыкаў і іх адрознення паміж крайнімі велічынямі. Выкарыстоўваюцца для характарыстыкі зямельных угоддзяў і іх структуры, насельніцтва і яго складу, валавой прадукцыі прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш.