ШТО́КВЕРК (ням. Stockwerk),
руднае цела няправільнай формы, утворанае масай горнай пароды, пранізанай густой сеткай розна арыентаваных жыл, пражылкаў і ўкрапанікаў рудных мінералаў.
Вядомы Ш. лінейныя і ізаметрычныя па плошчы, памерамі ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў. Ш. адносяць да групы гідратэрмальных утварэнняў, якія ўзнікаюць пры адкладанні металаноснага рэчыва з гарачых мінералізаваных раствораў, што цыркулююць сярод трэшчынаватых горных парод. Да іх належаць некат. радовішчы руд медзі, малібдэну, вальфраму, золата, волава і інш.
т. 17, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАНДА́МА,
горад Баспорскай дзяржавы, які згадваецца Страбонам і інш. ант. аўтарамі. Мяркуецца, што горад знаходзіўся на паўд. беразе Таманскага зал. на мысе Тузла, дзе захаваліся рэшткі ант. паселішча і яго некропаля. З сярэдзіны 19 ст. неаднаразова даследаваўся археолагамі. Паселішча існавала з 6 ст. да н. э. да 4 ст. н. э., тут жылі разам грэкі, сінды, меоты і інш.
т. 8, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (галанд. lood),
навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Я ў праве,
адзін з відаў факта юрыдычнага, з якім закон звязвае ўзнікненне праваадносін. Да П. адносяць натуральныя і прыродныя з’явы, што адбываюцца незалежна ад волі людзей (навадненне, землетрасенне, нараджэнне, смерць і да т.п.). Калі размова ідзе пра невалявы характар П., маецца на ўвазе не прычына, якая яе выклікала, а працэс уздзеяння П. на канкрэтныя праваадносіны.
т. 11, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАМАРФО́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + морфа],
эвалюцыйная змена арганізмаў, што прыводзіць да поўнай страты дарослай стадыі з адпаведным скарачэннем антагенезу, пры якім апошняй стадыяй становіцца былая раней лічынкавай. Бываюць у арганізмаў, лічынкі якіх здольныя да размнажэння, у прыватнасці, на аснове неатэніі і педагенезу. Шляхам П. ўзніклі некат. групы хвастатых паўзуноў, насякомых, павукападобных.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ТУС-КВО (лац. status quo),
у міжнародным праве становішча ў якой-н. галіне міжнар. адносін або ва ўзаемаадносінах дзяржаў, якое існавала нейкі час у мінулым або існуе ў дадзены момант. Падтрымліваць С.-к. або аднавіць С.-к. — значыць захаваць існуючае становішча або вярнуцца да таго, што існавала раней. С.-к. антэ белум — становішча, якое існавала да пачатку вайны.
т. 15, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАСФЕ́РА (ад тэрма... + сфера),
слой верхняй атмасферы, які размешчаны паміж верхняй мяжой мезасферы (мезапаўзай) і экзасферай, на выш. ад 80—90 км да 1000 км. Характарызуецца хуткім ростам т-ры да выш. 200—300 км, дзе дасягае 1500 °C, што звязана пераважна з паглынаннем караткахвалевай сонечнай радыяцыі. У межах Т. вылучаюць слой з высокай ступенню іанізацыі паветра (гл. Іанасфера).
т. 16, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНГУ́З,
субшыротнае лагчынападобнае паніжэнне ў пустыні Каракумы, на мяжы Нізінных і Заунгузскіх Каракумаў, у Туркменістане. Даўж. 470 км. Складзены з ланцуга ўпадзін (даўж. да 15 км, шыр. да 4 км з плоскімі саланчаковымі і такырнымі днішчамі. Упадзіны аддзелены адна ад адной перамычкамі з карэнных пясчаністых парод або навеяных пяскоў. Мяркуюць, што У. — рэштка стараж. рачнога рэчышча, дэфармаванага тэктанічнымі рухамі.
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУ́ЙСКІ СТЭП,
міжгорная катлавіна на ПдУ Алтая, паміж Курайскім хр. на Пн і Паўд.-Чуйскім хр. на Пд, у верхнім цячэнні р. Чуя (бас. р. Об). Даўж. да 70 км. Выш. 1750—2200 м. Пераважаюць паўпустыні, што выкарыстоўваюцца як пашы. Цераз Ч.с. пралягае Чуйскі тракт — участак аўтадарогі даўж. 626 км ад г. Новасібірск (Расія) да мяжы з Манголіяй.
т. 17, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́СІ-ЛЕ́БЕДЗІ»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі выбіраюць кіраўніка — «гусіную маці» і дзеляцца на 2 групы — «гусей» і «ваўкоў». «Маці» садзіцца на лаўку, «гусі» становяцца на процілеглым баку, «ваўкі» — у цэнтры. «Маці» кліча «гусей»: «Гусі, дадому!». Тыя пытаюцца: «А што дома?». «Маці»: «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!». «Гусі»: «А што ім рабіць?». «Ваўкі»: «Гусей лавіць». «Маці» камандуе: «Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе дахаты». «Гусі» бягуць да яе, а «ваўкі» іх ловяць. Гульня працягваецца, пакуль «ваўкі» не пераловяць усіх «гусей», пасля мяняюцца ролямі.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)