ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,

орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.

т. 12, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕДЭРАТЫ́ЎНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ,

поўная назва саюза (канфедэрацыі) паўд. рабаўладальніцкіх штатаў у час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЗ (ад франц. prise здабыча),

маёмасць непрыяцеля або кантрабанда, захопленыя на моры ў час вайны. Гл. таксама трафеі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШКО́ (Тамара Кірылаўна) (11.12.1918, в. Любашава Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.3.1981),

бел. тэатральны крытык. Скончыла БДУ (1946). Працавала ў газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Работніца і сялянка». Аўтар рэцэнзій на спектаклі, артыкулаў пра Бел. т-р імя Я.​Купалы («Першы тэатр», «Час і вобразы», «Жамчужына беларускага мастацтва»), праблемных артыкулаў па пытаннях драматургіі і т-ра, творчых партрэтаў і нарысаў пра майстроў бел. сцэны. Лепшыя тэатразнаўчыя работы сабраны ў кн. «Святло незабыўных імгненняў» (1985).

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ Блум

(Blum) Роберт (10.11.1807, г. Кёльн, Германія — 9.11.1848),

нямецкі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1831 займаўся літ. дзейнасцю. Выдаваў у Саксоніі паліт. зборнікі, брашуры, да 1847 працаваў у паліт. час. «Sáchsische Vaterlandsblätter» («Саксонскія айчынныя лісткі»). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі заснаваў у Лейпцыгу дэмакр. Айч. асацыяцыю (больш за 40 тыс. чл.), быў кіраўніком левых дэмакратаў у Франкфурцкім нац. сходзе і інш. Расстраляны па прыгаворы ваен. суда за ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў Вене.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЮСТ (ад ням. Wollust сладастраснасць),

сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.​М.​Браім.

Восці.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,

міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс. г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)