род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.
Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́ЛЬ (франц. aval),
вэксальнае паручыцельства, зробленае трэцяй асобай (авалістам) у выглядзе спец. гарантыйнага запісу на вонкавым баку вэксаляці прымацаваным да яго дадатковым лісце (алонжы) або ў выглядзе асобнага дакумента. Можа выдавацца на ўсю суму вэксаля ці яе частку. Учыніўшы аваль, аваліст бярэ на сябе абавязацельства за любую з адказных па вэксалі асоб — вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),
павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.
У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́РЫЯ (ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),
мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙКІДО́ (яп.літар. шлях спасціжэння гармоніі),
разнавіднасць самаабароны без зброі. Адзін з найб. складаных у асваенні відаў адзінаборстваў усходніх. Сучасная сістэма айкідо створана яп. майстрам Марыхеі Уешыба (1883—1969). Прыёмы разлічаны на адбіццё нападу аднаго ці некалькіх праціўнікаў. Атакуючых прыёмаў ці дзеянняў у айкідо няма, таму спарт. спаборніцтвы не праводзяцца. На Беларусі развіваецца з пач. 1980-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́ЛА,
народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусіяці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ЛІ, качэлі, гушкалка,
прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы. Звычайна рабілі ў месцах, дзе збіралася моладзь у час адпачынку і святаў (абавязковыя на масленіцу). На ўкапаных у зямлю слупах мацавалі папярочку, да якой на жэрдках, металічных кольцах, скураных рамянях ці вяроўках падвешвалі шырокую дошку, на яе станавіліся ці садзіліся і гушкаліся. У наш час робяць невялікія арэлі для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДКА́ЗНАСЦЬу тэхніцы,
уласцівасць вырабу захоўваць працаздольнасць на працягу некаторага часу ці пры выкананні пэўнага аб’ёму работы без вымушаных перапынкаў у зададзеных умовах эксплуатацыі. Для вырабаў, якія не падлягаюць рамонту ці замяняюцца пасля першага парушэння працаздольнасці, паказчыкамі безадказнасці могуць быць імавернасць безадказнай работы, інтэнсіўнасць адказаў і інш.; для рамонтапрыдатных вырабаў — напрацоўка на адказ, імавернасць безадказнай работы. Гл. таксама Надзейнасць.