ЖЫЛІБЕ́Р ((Gilibert) Жан Эмануэль) (21.6.1741, г. Ліён, Францыя — 2.9.1814),
французскі і бел. натураліст, хірург і анатам. Д-р медыцыны (1763). Скончыў ун-т у г. Манпелье і працаваў у Ліёнскім калежы (1763—74). У 1775—81 арганізаваў і кіраваў Гродзенскай медыцынскай акадэміяй. Заснавальнік акушэрскай і вет. школ у Гродне, клінічнага шпіталя (1775—81), бат. сада. У 1781—83 праф. натуральнай гісторыі мед. ф-та Гал. школы ВКЛ (пазней Віленскі ун-т), дзе заснаваў бат. сад. З 1783 у Францыі. Навук. працы па флоры Беларусі, Літвы, Польшчы, па эпідэміялогіі эндэмічных хвароб у гэтых краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г. Труа, Францыя — 1.9.1715),
французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 22.2.1965, г. Табольск, Расія),
бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. майстар спорту Беларусі (1992). Скончыў Табольскі пед.ін-т (1994). З 1998 гал. трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па біятлоне, з 1999 — гал. трэнер нац. зборнай каманды. Чэмпіён XV зімовых Алімп. гульняў (1988, г. Калгары, Канада) і сярэбраны прызёр XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) у эстафетах 4∙7,5 км. Чэмпіён свету (1989, 1992, 1996, 1997), сярэбраны (1987, 1989, 1991) і бронз. (1995, 1996) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1995), сярэбраны (1995, 1996, 1998) і бронз. (1996, 1998) прызёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАБО́ (Mirabeau) Анарэ Габрыэль дзю Рыкеці
(du Riqueti; 9.3.1749, Біньён-Мірабо, Францыя — 2.4.1791),
палітычны дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Граф. У 1786 накіраваны з сакрэтнай місіяй у Прусію. У 1789 выбраны ў Генеральныя штаты ад трэцяга саслоўя гарадоў Марсель і Экс. Стаў вядомы дзякуючы выкрывальным прамовам супраць абсалютысцкага ладу. Паступова перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, стаў лідэрам буйной буржуазіі, прыхільнікам парламенцкай манархіі. У 1790 заключыў тайнае пагадненне з каралеўскім дваром, за абавязацельствы пагасіць вял. даўгі М. стаў яго сакрэтным агентам. Раптоўна памёр. Пахаваны ў Пантэоне, пасля адкрыцця здрады перапахаваны на могілках для злачынцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТРА́ЛЬ ((Mistral) Фрэдэрык) (8.9. 1830, Меян, Францыя — 25.3.1914),
правансальскі паэт; адзін з кіраўнікоў руху фелібраў, якія мелі на мэце адраджэнне правансальскай л-ры, мовы і культуры. Паэзія М. развівалася пад уплывам рамантызму (зб. «Залатыя астравы», 1876; «Збіранне аліў», 1912). На фалькл. аснове стварыў паэмы «Мірэйо» (1859), «Паэма пра Рону» (1897) і інш. Аўтар правансальска-франц. слоўніка «Скарб Фелібрыжа» (1879—87). Для яго твораў характэрны багацце фалькл. матэрыялу, рамантычнасць, ідэалізацыя нар. жыцця. Зрабіў вял. ўклад у развіццё нац. л-ры і мовы. Нобелеўская прэмія 1904 (разам з Х.Эчэгарай-і-Эйсагірэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл.бас. 36 тыс.км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНЦЮРА́НТА ((Mäntyranta) Эра) (н. 20.11.1937, г. Пела, Фінляндыя),
фінскі спартсмен (лыжны спорт). Чэмпіён VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — у эстафеце 4 × 10 км; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — у гонках на 15 і 30 км), сярэбраны прызёр IX і X Алімп. гульняў (1964 — у эстафеце; 1968, г. Грэнобль, Францыя — у гонцы на 15 км), бронз. прызёр X Алімп. гульняў у эстафеце і гонцы на 15 км. Чэмпіён свету (1962, 1966 — у гонках на 30 км, сярэбраны прызёр у эстафеце 4 × 10 км), бронз. прызёр (1968 — у гонцы на 50 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра... + грэч. lithos камень),
буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).