РЭАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. réalisation ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны),

1) ажыццяўленне, здзяйсненне, правядзенне ў жыццё якога-н. плана, ідэі, праекта і да таго падобнае; 2) (эканам.) продаж маёмасці, тавару, каштоўных папер.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́ (франц. sabot),

1) чаравікі на драўлянай падэшве (на Беларусі наз. дзеравяшкі) або выдзеўбаныя з дрэва (клумпы), а таксама абутак, які нагадвае такія чаравікі.

2) Прыстасаванне для блакіроўкі колаў машын.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́АДЭР ((Baader) Франц Ксавер фон) (27.3.1765, Мюнхен — 23.5.1841),

нямецкі філосаф, урач, прыродазнавец, прадстаўнік філас. рамантызму і неартадаксальнага каталіцызму. У аснове яго вучэння — уяўленне пра быццё як арганічнае цэлае. Містыку трактаваў як даследаванне розумам таінстваў рэлігіі; прырода для яго не процілеглая духу, як цела не процілеглае душы. Непрыняцце рэвалюцыі (лічыў яе парушэннем арган. эвалюцыі грамадства) і франц. утапічнага сацыялізму спалучалася ў Баадэра з крытыкай з пункту гледжання хрысц. сацыялізму панавання грашовых адносін, «памылковых адносін маёмнага і немаёмнага класаў». Вырашэнне класавых супярэчнасцяў Баадэр (як і Гегель) бачыў у саслоўнай дзяржаве, якая адпавядала б прынцыпу справядлівасці.

Тв.:

Sämtliche Werke. Bd. 1—16. Leipzig, 1851—60;

Schriften zur Gesellschaftsphilosophie. Jena, 1925.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФЕР ((Hofer) Андрэас) (22.11.1767, г. Сан-Леанарда-ін-Пасірыя, Італія — 20.2.1810),

кіраўнік узбр. выступлення супраць баварскага панавання ў аўстр. Ціролі ў 1809. Карчмар. У пач. 1809 наведаў Вену, дзе ўзгадніў план паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы (пераважна сяляне) тройчы вызвалялі Ціроль ад баварскіх і саюзных ім франц. войск (поспеху паўстанцаў спрыялі падзеі аўстра-франц. вайны 1809). У жн. — кастр. 1809 Гофер — фактычны правіцель Ціроля. Пасля заключэння 14.10.1809 Шонбрунскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй паўстанне задушана ваен. сіламі французаў. У выніку здрады Гофер трапіў у палон, паводле загаду Напалеона I расстраляны.

Літ.:

Пристер Е. Краткая история Австрии: Пер. с нем. М., 1952. С. 325, 328—330.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КЛЮШ (ад франц. coqueluche кашаль),

вострая інфекц. хвароба з прыступамі спазматычнага кашлю. Найчасцей хварэюць дзеці. Узбуджальнік — палачка Бардэ-Жангу (апісаны ў 1906 бельг. бактэрыёлагам Ж.​Бардэ і франц. О.​Жангу). Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Пасля хваробы развіваецца імунітэт.

Інкубацыйны перыяд 2—15 дзён. Нетыповы «назойлівы» кашаль праз 2—3 тыдні пераходзіць у прыступападобны з глыбокім свістам пасля 2—3 кашлевых штуршкоў (рэпрызы). Прыступ канчаецца выдзяленнем вязкай празрыстай макроты з ірвотай. Твар хворага робіцца адутлаватым, павекі ацёчнымі, бывае кровазліццё ў скуру. кан’юнктыву вачэй, тоўшчу павекаў. Ускладненні: пашкоджанне лёгкіх (пнеўманія, эмфізема, пнеўматоракс), нерв. сістэмы (да кровазліцця ў мозг) і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́ЛЯ—МУСАЛІ́НІ ПАГАДНЕ́ННІ 1935, Рымскі пакт. Падпісаны 7.1.1935 у Рыме міністрам замежных спраў Францыі П.Лавалем і фаш. дыктатарам Італіі Б.Мусаліні. Ініцыіраваны франц. урадам, каб скіраваць экспансію Італіі з Балканаў і бас. Дуная ў бок Афрыкі. Прадугледжвалі ўступку Італіі часткі франц. калан. уладанняў у Афрыцы (114 тыс. км² каля паўд. мяжы Лівіі, каля 800 км² на мяжы Італьян. Эрытрэі, в-аў Думейра), перадачу ёй 20% акцый чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, згоду Францыі на эканам. перавагу Італіі ў Эфіопіі (у сакрэтным парадку і ваен. ўварванне), спыненне Італіяй антыфранц. дзейнасці ў Тунісе і інш. Садзейнічалі падрыхтоўцы італа-эфіопскай вайны 1935—36. Дэнансаваны Італіяй у снеж. 1938.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЕРУ́З (La Pérouse) Жан Франсуа дэ Гало

(Galaup; 22.8.1741, г. Альбі, Францыя — 1788),

французскі мараплавец. На ваенным флоце з 1756. У 1785—88 узначальваў кругасветнае падарожжа на фрэгатах «Астралябія» і «Бусоль». Экспедыцыя ўдакладніла контуры часткі ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, Усх. Азіі, адкрыла праліў паміж а-вамі Сахалін і Хакайда (гл. Лаперуза праліў), а-вы Манерон, Савайі. З Сіднея экспедыцыя накіравалася на Пн і прапала без вестак. У 1826 англ. капітан П.​Дзілан і ў 1828 франц. мараплавец Ж.​Дзюмон-Дзюрвіль знайшлі на в-ве Ванікора (з трупы Санта-Крус) і рыфах каля яго некаторыя рэчы экспедыцыі, а ў 1964 франц. экспедыцыя Брасара — рэшткі затанулага фрэгата.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),

папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.​Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НДЖАМЕ́НА (N’Djamena),

горад, сталіца Чада, на правым беразе р. Шары, каля ўпадзення ў яе р. Лагоне. Адм. ц. прэфектуры Шары-Багірмі. 826 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (мясахаладабойня, вытв-сць алею, мукі, піва і інш.), абутковая, тэкст., будматэрыялаў. Гандаль жывёлай, бавоўнай. Нац. ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1900 французамі пад назвай Форт-Ламі як ваен. апорны пункт (ад імя кіраўніка экспедыцыі маёра А.Ф.​Ж.​Ламі). Да 1958 адм. цэнтр франц. калоніі Чад. У 1958—60 сталіца аўтаноміі ў складзе франц. Супольнасці, з 1960 — незалежнай Рэспублікі Чад. У 1973 перайменавана ў Н.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.

Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.​П.​Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл, адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)