ФОКСТЭР’Е́РЫ (англ. fox-terrier),

пароды паляўнічых сабак з групы тэр’ераў. Выведзены ў пач. 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюцца для палявання на ліс, баброў, барсукоў, янотападобных сабак, для знішчэння пацукоў. Вылучаюць Ф. гладка- і шарсткашэрсных (найб. пашыраныя).

Канстытуцыя моцная, сухая. Целасклад прапарцыянальны, форма цела квадратная. Касцяк моцны, мускулатура добра выяўленая. Галава доўгая, сухая. Вушы невял., трохвугольныя. Пярэднія лапы роўныя, блізка пастаўленыя. Выш. ў карку 34—40 см. Шэрсць з густым мяккім падшэрсткам. доўгая, грубая, на канцах сагнутая (з надломам) у шарсткашэрсных. ці кароткая. густая ў гладкашэрсных. Афарбоўка белая з чорнымі, рыжымі і шэрымі плямамі. Хвост купіруюць. Тып паводзін — узбудлівы.

Фокстэр’еры: 1 — шарсткашэрсны; 2 — гладкашэрсны.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРТЫ́,

пароды паляўнічых сабак. Каля 20 парод (рускія псовыя і стэпавыя, тазы, англійскі, афганскі, арабскі і інш.). Вядомы са старажытнасці. Выкарыстоўваюць у паляванні на зайцоў, лісоў, ваўкоў, дробных антылоп. Х. даганяюць, затрымліваюць ці душаць здабычу.

Канстытуцыя сухая, моцная. Выш. ў карку 65—82 см. Галава доўгая і вузкая, вушы невял., моцна адцягнутыя назад. Спіна і паясніца ўтвараюць выгнутую лінію (напружыну). Жывот моцна падцягнуты. Хвост шаблепадобны. Масць (аднатонная ці плямістая) палевая і шэрая розных адценняў, тыгровая, рыжая, чорная. Шэрсць мяккая. хвалістая або з буйнымі завіткамі. Тып паводзін ураўнаважаны з характэрнай рэзкай узбудлівасцю ў час палявання.

Харты: 1 — слугі (арабскі); 2 — рускі псовы; 3 — афганскі; 4 — грэйхаўнд (англійскі).

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАХО́ДКІ (Tardigrada),

тып беспазваночных жывёл. Вядомы з мелавога перыяду. 2 атр., каля 300 відаў. Жывуць у прэсных вадаёмах, вільготных глебах, імхах і інш. На Беларусі найб. адзначаецца Ц. вялікая (Macrobiotus hufelandi).

Даўж. 0,1—1,2 мм. У будове спалучаюць рысы кольчатых чарвей і членістаногіх. Галава не адасоблена, 4 пары нячленістых шышкападобных ног з 2—9 кіпцюркамі на канцы. Рухаюцца павольна (адсюль назва). Покрыва з кутыкулай. Маюць 2 простыя вочкі. Ротавыя органы — пара вострых штылетаў. Стрававальны тракт — прамая трубка ўздоўж цела. Дыхаюць праз скуру. Раздзельнаполыя. Развіццё прамое, з лінькамі. Кормяцца сокамі водарасцей, імхоў, дробных жывёл. Наземныя Ц. здольныя да анабіёзу.

С.​Л.​Максімава.

Ціхаходка вялікая.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, эканоміка-геаграфічныя карты,

тып тэматычных карт, якія адлюстроўваюць розныя эканам. з’явы і працэсы ў развіцці і размяшчэнні гаспадаркі ў цэлым або яе галін на пэўнай тэрыторыі. Адрозніваюць Э.к.: агульнаэканам. (паказваюць стан гаспадаркі ў цэлым) і галіновыя (карты прамысловасці, с.-г., транспарту і інш.); часам да іх адносяць карты прац. рэсурсаў, прыродных рэсурсаў, абслугоўвання насельніцтва, гісторыка-эканам. і інш. Стварэннем Э.к. займаецца эканамічная картаграфія паводле вынікаў даследаванняў, задач і патрэб сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і эканамічнай геаграфіі.

Літ.:

Новое в тематике, содержании и методах составления экономических карт. М., 1974;

Никишов М.И. Проектирование и редактирование учебных экономических карт. М., 1976.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),

генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв. фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л-БАС (ням. Generalbaß літар. агульны бас), баса кантынуа, лічбаваны бас,

спосаб запісу муз. сугуччаў лічбамі пры басовым голасе, на аснове якога выканальнік стварае акампанемент; аснова вучэння аб гармоніі. Умоўнасць запісу дае выканаўцу-арганісту (клавесіністу) свабоду ў выбары дэталей фактуры, магчымасць імправізацыі. Генерал-бас як тып суправаджэння склаўся ў Італіі ў 2-й пал. 16 ст. Яго пашырэнне звязана з развіццём гамафоніі ў еўрап. музыцы 2-й пал. 16 — 1-й пал. 18 ст. Узоры генерал-баса сустракаюцца ў творах К.​Мантэвердзі, Г.​Шутца, Г.​Пёрсела, А.​Карэлі, А.​Вівальдзі, Ж.​Ф.​Рамо, І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і інш. Лічбаваны спосаб запісу партыі акампанементу адрадзіўся ў джазе і эстр. музыцы.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),

заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.

Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап. ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.

М.​І.​Смяян.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ РАМЕ́СНІКА,

тып жылога дома.

Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл. Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.​Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.​Конт, К.​Маркс, Э.​Дзюркгейм, М.​Вебер, П.​Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.​Фурасцье, Р.​Арон, Д.​Бел, У.​Ростаў, Дж.​Голбрэйт, Р.​Дарэндорф, А.​Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)