МА́РШЫ (ням., адзіночны лік Marsch),

нізінныя палосы раўніннага марскога ўзбярэжжа, якія заліваюцца вадой у час высокіх прыліваў або нагонаў марской вады. Размяшчаюцца вышэй ватаў, часта абмежаваныя паласой дзюн. Складзены звычайна з ілістых або пясчана-ілістых наносаў, на якіх фарміруюцца багатыя гумусам глебы, пакрытыя лугамі і балотамі. Асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў наз. польдэрамі. Характэрны для ўзбярэжжаў Паўночнага м. (Нідэрланды, Германія), Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША. Падобныя на М. ландшафты (лайды) пашыраны на берагах Паўн. Ледавітага ак.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКО́ПСКІ ПЕРАШЫ́ЕК Злучае Крымскі п-аў з мацерыком, раздзяляе Каркініцкі зал. Чорнага м. і воз. Сіваш. Даўж. каля 30 км, шыр. 8—23 км. Выш. да 20 м. Складзены з глін і суглінкаў. Берагі стромкія (да 5 м). Паверхня — раўніна са стэпавай расліннасцю. Салёныя самасадачныя азёры (Старое, Чырвонае). Па П.п. праходзіць Паўн.-Крымскі канал. У час грамадз. і Вял. Айч. войнаў на П.п. адбываліся жорсткія баі (у 1920, 1941 і 1943—44).

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛА, Рыла-Планіна,

горны масіў на ПдЗ Балгарыі, самы высокі на Балканскім п-ве (2925 м, г. Мусала). Даўж. каля 80 км. Складзены са стараж. крышт. і метамарфічных парод. Характэрны востраканцовыя вяршыні, цыркі, трогі. З Р. бяруць пачатак рэкі Іскыр, Марыца, Места. На выш. 2100—2500 м ледавіковыя азёры, на схілах шыракалістыя і хвойныя лясы, вышэй за 2000—2100 м субальпійскія і альпійскія лугі. Мінеральныя крыніцы. Зімовы спорт. Курорты. У паўд.-зах. адгор’ях — Рыльскі манастыр.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ТРА (Socotra, Sokotra),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад мыса Гвардафуй (Афрыка), тэр. Йемена. Пл. 3,6 тыс. км². Самы буйны — в-аў Сакотра (выш. да 1503 м). Складзены пераважна з крышт. парод. Клімат трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. 21 °C, ліп. 28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Паўпустынная расліннасць. На У і ў гарах — ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Вырошчванне фінікавай пальмы. Рыбалоўства. Гал. горад — Хадыбу (на в-ве Сакотра).

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЕ́НЫ (Cevennes),

горы на ПдУ Францыі, платопадобная паўд.-ўсх. ўскраіна Цэнтр. Франц. масіву. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1702 м (г. Лазер); Паўд. і ўсх. схілы стромка абрываюцца да Ронскай нізіны, паўн. і зах. — пакатыя. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сланцаў, месцамі з вулканічных парод. Міжземнаморскія хмызнякі, вышэй шыракалістыя лясы (з каштану, буку) змяняюцца хвойнымі (з хвоі, елкі, піхты), на вяршынях — лугі. У далінах — вінаграднікі, сады. Нац. парк Севены (засн. ў 1970).

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЛА (Sula),

група астравоў у Малайскім архіпелагу, на У ад в-ва Сулавесі, тэр. Інданезіі. Пл. 4,8 тыс. км². Асн. а-вы: Таліабу, Манголе, Санана. Горы (выш. да 1157 м на в-ве Таліабу) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены пераважна са сланцаў і гранітаў, якія перакрыты пясчанікамі і вапнякамі. Клімат экватарыяльны, ападкаў 1700—3000 мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства: вырошчванне какосавай пальмы, рысу, кукурузы. Рыбалоўства. Порт Санана (на в-ве Санана).

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАР, Тхар,

пустынная і паўпустынная вобласць у Індыі і Пакістане. Распасціраецца ўздоўж левабярэжжа ніжняга цячэння р. Інд на 850 км. Пл. каля 300 тыс. км². Пераважаюць выш. 100—200 м. Укрытыя расліннасцю пясчаныя грады, дзюны, барханы, вял. ўчасткі пяскоў. У маі—чэрв. моцныя вятры і пылавыя буры. Астанцовыя ўзвышшы складзены з пясчанікаў, гранітаў, кварцытаў. У паніжэннях — саланчакі, такыры, салёныя азёры. Разрэджаная кустовая расліннасць. Пашавая жывёлагадоўля. У аазісах і ў даліне р. Інд — арашальнае земляробства.

т. 15, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎР, Торас (Toros’lar),

горы на Пд Турцыі. Цягнуцца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага м. прыблізна на 1000 км. Выш. да 3726 м (г. Дэмірказык). Утвараюць паўд. ўскраіны Малаазіяцкага і часткова Армянскага нагор’яў. Складзены пераважна з вапнякоў і крышт. сланцаў. У цэнтр. ч. альпійскі рэльеф, на З — карставыя ландшафты. На паўн. схілах да 400 мм ападкаў за год; пустыні і стэпы, на паўд. да 3000 мм; міжземнаморскія лясы, хмызнякі, лугі. Нац. паркі. Т. праразаюць Кілікійскія Вароты.

А.Р.Таўпека.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)