традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІА́РУ, іалу,
у егіпецкай міфалогіі замагільны свет, месца асалоды для душ памерлых фараонаў. Паводле пазнейшых уяўленняў, І. — райскія палі пад зямлёй, на якіх працуюць і атрымліваюць асалоду ўсе душы памерлых, апраўданыя судом Асірыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,
адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.
Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял.кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.І.Булгакавым-Голіцам і І.А.Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары сабраў апалчэнне ВКЛпад камандаваннем вял. гетмана ВКЛкн. К.І.Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.К.Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс.чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.Радзівіл, Я.Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс.чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.
Літ.:
Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;
Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;
Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;
Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКЛА́Ў (ад аўта... + лац. clavis ключ),
герметычны апарат для правядзення розных працэсаў пад ціскам (большым за атмасферны) і пры награванні. Выкарыстоўваецца ў хім. прам-сці, гідраметалургіі, вытв-сці буд матэрыялаў, харч. прам-сці, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКАЕ ПАЎША́Р’Е,
умоўная палавіна сферычнай паверхні Зямлі, у межах якой Сусветны ак. (гл.Акіян) найб. пакрывае зямны абшар (пад сушай 9% паверхні). Цэнтр паўшар’я знаходзіцца на У ад Новай Зеландыі. Гл. таксама Мацерыковае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,
тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРА́ІНА,
паласа адкрытай вады паміж ледзяным покрывам і берагам. Утвараецца на рэках перад крыгаломам, а на морах і азёрах пры адрыве прыпаю ад берага пад уздзеяннем ветру, цячэнняў або ў выніку скразнога раставання лёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛУ,
у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бажаство, бацька багоў і людзей, творца сусвету і ўсяго існага, які дае людзям патомства. У Старым запавеце выступае пад імем Элахіма як адзіны бог, стваральнік сусвету, жывёл і людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),
расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КАННЕ,
вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел.літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус.літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.