ВІ́КТАРАЎ (Рычард Мікалаевіч) (7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),
рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.
т. 4, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЫН (Георгій Міхайлавіч) (н. 23.4.1918, Масква),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТЭС ((Voites) Маргарыта) (н. 30.10.1936, Масква),
эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.А.Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Альцына («Альцына» Г.Ф.Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.Штрауса). Выступае як камерная спявачка.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКАЯ (Настасся Аляксандраўна) (н. 19.12.1944, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.
т. 4, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎКІНА (Соф’я Мікалаеўна) (н. 13.10.1915, Масква),
руская артыстка балета і педагог. Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1933; з 1995 Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі), з 1960 яго дырэктар. У 1933—59 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Яе мастацтву ўласцівы героіка-аптымістычны, тэмпераментны стыль выканання. Партыі: Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Зарэма, Мірэйль дэ Пуацье («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева). Сярод вучаніц: Н.Бяссмертнава, К.Міхальчанка, Н.Грачова. Дзярж. прэмія СССР 1947.
т. 4, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯРГІ́ДЗЕ (Збігнеў Іосіфавіч) (н. 7.2.1912, Масква),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1979). Скончыў Закаўказскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932), Усесаюзны завочны фін. ін-т (1940). З 1949 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, у 1959—91 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы фін.-крэдытных адносін.
Тв.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970 (у сааўт.);
Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982 (разам з Л.Ф.Герашчанка);
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЕВА (Алена Мікалаеўна) (7.4.1900, Масква — 13.11.1993),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучылася ў Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва. З 1918 у Малым т-ры. Стварала выразныя па знешнім малюнку драм. і трагедыйныя вобразы моцных, валявых, энергічных жанчын. Сярод роляў: Соф’я («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Надзея Манахава («Варвары» М.Горкага), княжна Плавуціна-Плавунцова («Халопы» П.Гнедзіча), Панова («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), герцагіня Мальбара («Шклянка вады» Э.Скрыба), місіс Краўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя).
т. 5, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗАДУ́БАВА (Валянціна Сцяпанаўна) (31.1.1910, г. Харкаў, Украіна — 1993),
савецкая лётчыца, Герой Сав. Саюза (1938), Герой Сац. Працы (1986), палкоўнік (1943). Скончыла аэраклуб (1929), Тульскую авіяц. школу (1933). У 1938 разам з П.Дз.Асіпенка, М.М.Расковай здзейсніла беспасадачны пералёт Масква — Д. Усход. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у 1942—44 камандзір 101-га авіяц. палка далёкага дзеяння, самалёты якога дастаўлялі войскам боепрыпасы, лёталі ў тыл ворага да бел. партызан, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944. Зрабіла каля 200 баявых вылетаў. З 1946 у грамадз. авіяцыі.
т. 5, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НДАРАВА (Наталля Георгіеўна) (н. 28.8.1948, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЭЛЬСО́Н (Мікалай Францавіч) (26.1.1844, Масква — 3.7.1918),
расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з тэарэтыкаў ліберальнага народніцтва. Скончыў Пецярбургскае камерцыйнае вучылішча (1862). Сябар Г.А.Лапаціна. Перапісваўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам, забяспечваў іх л-рай і звесткамі па эканоміцы Расіі. У 1870 арыштаваны па справе С.Г.Нячаева. Завяршыў (разам з М.М.Любавіным) пачаты Лапаціным пераклад на рус. мову 1-га т. «Капіталу» Маркса (выдадзены ў 1872), пераклаў 2-і (1885) і 3-і (1896) тамы. Гал. праца — «Нарысы нашай парэформеннай гаспадаркі» (1893), у якой спалучаны марксісцкія і народніцкія ідэі.
т. 6, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)