ВЕНЯВІ́ЦІНАЎ (Дзмітрый Уладзіміравіч) (26.9.1805, Масква — 27.3.1827),
рускі паэт. Прадстаўнік філас. плыні ў рус. рамантызме. Скончыў Маскоўскі ун-т (1824). Адзін з заснавальнікаў «Таварыства любамудрасці». Рамантычная паэзія Венявіцінава насычана філас. матывамі ў духу шэлінгіянства. Многія вершы прысвечаны высокаму прызначэнню паэта і паэзіі, культу дружбы і братэрства паміж людзьмі. Аўтар любоўных элегій («Запавет», «Элегія», «Да майго пярсцёнка», «Паэт і сябра», «Апошнія вершы» і інш.), паэмы «Еўпраксія» (выд. 1829). Перакладаў з лац., франц. і ням. моў (Вергілій, Ш.Мільвуа, І.В.Гётэ, Э.Т.А.Гофман і інш.). Пісаў філас. і літ.-крытычныя артыкулы.
Тв.:
Полн. собр. соч.М.; Л. 1934;
Стихотворения;
Проза. М., 1980.
Літ.:
Тартаковская Л.А. Дмитрий Веневитинов: (Личность. Мировоззрение. Творчество). Ташкент, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.М.Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.М.Астроўскага, І.А.Ганчарова, А.К.Талстога, І.С.Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЯРО́ЗКА»,
штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАНО́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (13.3.1853, в.Вял. Лес Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1901),
філолаг-славіст. Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Магістр філалогіі (1882). У 1886—88 прыват-дацэнт Казанскага ун-та, у 1889—1901 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та. Аўтар прац па літ.-знаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі слав. моў: «Меркаванне праасвяшчэннага Парфірыя пра кірыліцу і глаголіцу» (1877), «Нататкі пра славенскую мову XV—XVI ст.» (1878), «Харвацкія летапісы ХV—XVI стст.» (1881), «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), «Разгляд дысертацыі П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і інш. Даследаваў сербскія, харвацкія, візант. і інш. помнікі як гіст. крыніцы.
Літ.:
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст.араб. і іранскія, з 19 ст.рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.
Літ.:
Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ХАРА (Сайкаку) (сапр.Хіраяма Тога; 1642, г. Осака, Японія — 10.8.1693),
японскі пісьменнік. Паэт.зб-кі «Тысяча строф хайкай, складзеных у адзіноце на працягу аднаго дня» (1675), «Вялікае мноства строф хайкай» (1677) напісаны ў жанры жартоўнага рэнга, вылучаюцца прастатой паэт. імправізацыі. Першы ў яп. л-ры адлюстраваў жыццё горада: раманы «Гісторыя любоўных прыгод адзінокага мужчыны» (1682), «Гісторыя любоўных прыгод адзінокай жанчыны» (1686), зб. навел «Апавяданні Сайкаку з усіх правінцый» (1685), у якіх сцвярджаецца свабода асобы і неабходнасць саслоўнай роўнасці. Узбагаціў яп.літ. мову — увёў гутарковы, прастамоўны элемент насуперак строгай упарадкаванасці і іерархічнасці сярэдневяковай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ХСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакская група). Дзярж. мова Казахстана. Пашырана таксама на сумежных тэрыторыях Кітая, Манголіі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Дыялектнае чляненне невыразнае. У фанетыцы — сінгарманізм слова; 9 галосных. У граматыцы побач з агульнацюркскай асновай прадстаўлены спецыфічны дзеяслоўны афікс -атын(-етін-), шырока выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікавыя канструкцыі. У лексіцы нешматлікія араба-іранскія і манг. запазычанні, рус. запазычанні, 19—20 ст. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 19 ст.Літ. мова сфарміравалася на аснове агульнанар. у 19 ст. Пісьменства спачатку на аснове араб. графікі, з 1930 — на лац., з 1940 — на рускай.
Літ.:
Современный казахский язык. Ч. 1. Лексика. Алма-Ата, 1959;
Современный казахский язык: Фонетика и морфология. Алма-Ата, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́ГІН (Вячаслаў Гаўрылавіч) (17.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 23.10.1925),
рускі муз. крытык, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). Ігры на фп. вучыўся ў маці, кампазіцыі ў М.Сакалова. Адзін з арганізатараў (1901) гуртка «Вечары сучаснай музыкі». Як муз. крытык друкаваўся з 1906. З 1916 выкладаў у Петраградскай кансерваторыі, з 1919 праф. і правадз. член Ін-та гісторыі мастацтваў (Петраград). Даследчык творчасці А.Скрабіна, М.Мусаргскага, садзейнічаў прызнанню творчасці С.Пракоф’ева, І.Стравінскага, К.Дэбюсі, М.Равеля, А.Шонберга і інш. Аўтар музыкі да многіх спектакляў т-ра В.Ф.Камісаржэўскай, камерна-вак, і інстр. твораў.
Літ. тв.: Избр. статьи. М.; Л., 1965.
Літ.:
В.Г. Каратыгин: Жизнь, деятельность: Статьи и материалы. Вып. 1. Л., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж.бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр.літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТЫ́ЗМ,
слова ці выраз з мясц. гаворак, якія выкарыстоўваюцца ў літ. мове як адзін са сродкаў стылістычнай выразнасці. Асн. сфера іх ужывання — гутарковая мова і мова маст. л-ры. Вылучаюць Д.: лексічныя (уласналексічныя і этнаграфічныя), якія служаць мясц. назвай агульнавядомых або мясц. прадметаў і з’яў; семантычныя (адрозніваюцца мясц. значэннем); фразеалагічныя (мясц. выразы ўстойлівага характару); фанетычныя (адлюстроўваюць гукавыя асаблівасці мясц. гаворак); словаўтваральныя (вызначаюцца словаўтваральнымі сродкамі мясц. гаворак); граматычныя (маюць мясц. марфалагічную або сінтакс. структуру). Найб. апраўданыя Д. ў мове персанажаў твора, аднак ад празмернага ўжывання Д. мова маст. твора засмечваецца, становіцца малазразумелай, стылістычна невыразнай.
Літ.:
Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1981.