хамса, рыба атр. селядцападобных. Жыве ў водах Атлантычнага ак. ад Паўночнага м.да Біскайскага заліва.
Даўж.да 20 см, маса да 19 г. Цела цыгарападобнае, спінны плаўнік невялікі. Трымаецца чародамі. Робіць сезонныя і вертыкальныя сутачныя міграцыі. Корміцца планктонам. Палавой спеласці дасягае на 2-м годзе жыцця. Жыве да 4 гадоў. Мае прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛКА́Н (Scophthalmus maeoticus),
рыба сям. ромбавых атр. камбалападобных. Пашырана ў Чорным, Азоўскім, Адрыятычным і ўсх.ч. Міжземнага мора, заходзіць у вусці рэк Дняпро і Днестр. Жыве на глыбінях да 100 м.
Даўж. да 1 м, маса да 15 кг. На целе вял. касцяныя шыпы. Плоднасць да 13 млн. ікрынак. Корм — рыба і ракі. Прамысл. рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХО́МЫ ТРАТУА́Р, пасажырскі канвеер,
дапаможны від гар. транспарту для пазавулічнага перамяшчэння пешаходаў. Уяўляе сабой канвеер у выглядзе гібкай стужкі ці пласцін (звёнаў). Прымацоўваецца да цягавага ланцуга, які рухаецца на роліках са скорасцю да 6 м/с (даўж.да 100 м, шыр. стужкі да 2,6 м). Выкарыстоўваецца ў метро, грамадскіх будынках, вакзалах, аэрапортах, магазінах, стадыёнах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс.дан.э. У 15 ст.дан.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст.дан.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст.дан.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст.дан.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 дан.э.), латэнскі (500—100 дан.э.) і рымскі (да 350 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст.дан.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст.дан.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст.дан.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст.дан.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс.дан.э. З 3—2 ст.дан.э.да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі дафеадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Даарт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст.дан.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст.дан.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Даарт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст.дан.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст.дан.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЧА,
рака ў Докшыцкім, Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 118 км, пл. вадазбору 1150 км². Пачынаецца ў Докшыцкім р-не, за 5 км на ПдЗ ад в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на. Цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мурагі, Тартак, Царкавішча, Замошша, Вял. Існа, Бароды і Варонічы. Вусце насупраць размешчанай на правым беразе р.Зах. Дзвіна в. Цюлькі Полацкага р-на. Асн. прытокі: Ідута, Альзініца, Нежлеўка (злева) і Крашанка (справа). Даліна дав. Пуцілкавічы невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр.да вусця р. Альзініца да I км, ніжэй 300—400 м, месцамі звужаецца да 200 м. Схілы сярэдне стромкія і стромкія, выш. 8—15 м, месцамі 20—30 м, парэзаны ярамі і лагчынамі, за 1 км ніжэй в. Каўтуны абрываюцца ўступам выш.да 6 м. Пойма двухбаковая, да вусця р. Альзініца нізкая, забалочаная, шыр. 400—600 м, на асобных участках да 1,5 км, ніжэй высокая, звужаецца да 30—50 м, месцамі знікае. Рэчышча звілістае і моцназвілістае, зарастае, трапляюцца валуны дыяметрам да 1,5 м. У верхнім цячэнні шыр. рэчышча 3—10 м, ніжэй воз.Вял. Існа 30—40 м. Берагі стромкія, абрывістыя, месцамі нізкія і забалочаныя. Ледастаў ад 1-й дэкады снеж.дапач. красавіка. Працягласць веснавога разводдзя каля 60 сут, на гэты перыяд прыпадае 50% гадавога сцёку. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню да 1,5 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.п. Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),
у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс.дан.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст.дан.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 дан.э., гл.Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 дан.э. Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 дан.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 дан.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 дан.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст.н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст.тэр. Н. захапілі арабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),
грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 дан.э.) з цэнтрам у г.Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м.Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 дан.э.] і Эўмене II [197—159 дан.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 дан.э.) і Сірыйскай (192—188 дан.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 дан.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 дан.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 дан.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),
палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫЯ (Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 дан.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 дан.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 дан.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 дан.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.