АДЭНІ́Н, 6-амінапурын,

C5H5N5, арганічнае злучэнне, адна з пурынавых асноў. Белы дробнакрышталічны парашок без паху, вострасалёнага смаку. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у к-тах і шчолачах; здольны да моцнага паглынання ў ультрафіялетавай вобласці спектра. Ёсць ва ўсіх жывых раслінных і жывёльных клетках у складзе адэназіну, адэназінфосфарных кіслот, нуклеінавых кіслот, а таксама некаторых ферментаў. У арганізме акісляецца ў мачавую к-ту.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎНА,

вёска ў Беларусі, у Бабыніцкім сельскім савеце Полацкага раёна Віцебскай вобласці. За 30 км ад Полацка, 129 км ад Віцебска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына. 18 жыхароў, 10 двароў (1995).

Узнікла пасля 1521 на землях І.​Р.​Корсака, гараднічага полацкага, пазней мястэчка ў складзе Полацкага ваяводства. З 1552 дваром Арэхаўна, дзе было 50 сем’яў, валодаў сын Корсака Баркулаб.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАВЕ́Ц,

вёска ў Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Любань, 169 км ад Мінска, 42 км ад чыг. ст. Урэчча. 1197 ж., 369 двароў (1994). Цагельня. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і помнік партызанам.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці. У бас. р. Ушача, за 22 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,31 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 3 м. Пл. вадазбору 15,2 км². Берагі нізкія, забалочаныя, параслі хмызняком. 3 астравы агульнай пл. 3,6 га. Упадае ручай з воз. Блізніца. Выцякае ручай у воз. Расна.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАШКЕ́ВІЧ (Валерый Іосіфавіч) (22.4.1939, в. Красная Горка Ушацкага р-на Віцебскай вобласці — 26.1.1990),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962), дзе і працаваў. Дэбютаваў вершамі ў 1958. У манаграфіі «Ад прататыпа да вобраза» (1984) даследаваў праблемы аўтабіяграфізму ў бел. прозе 1920-х г. (Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, Я.​Колас). Аўтар прац па гісторыі бел. л-ры, тэксталогіі, тэатры.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЕ́ДА (Oviedo),

горад на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах. Адм. цэнтр аўт. вобласці Астурыя і правінцыі Аўеда. Засн. пры кляштары, пабудаваным каля 780. 196,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аванпорт на Біскайскім зал. — Хіхон. Цэнтр найбуйнейшага ў краіне вугальнага басейна, металургія, машынабудаванне (пераважна цяжкае), харч., тэкст., цэментная, керамічная, фармацэўтычная прам-сць. Арх. помнікі 8—18 ст. Ун-т. Археал. музей.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАГАТА́Й, Чагатай (7—1242),

мангольскі хан. Другі сын Чынгісхана, удзельнік большасці яго заваёўніцкіх паходаў. Пасля падзелу бацькам заваяваных зямель паміж сынамі (1224) Дж. атрымаў сярэднеазіяцкія вобласці ад Алмалыка да Амудар’і і Сырдар’і [гл. Джагатайскі (Чагатайскі) улус]. Стаўка Дж. знаходзілася ў даліне р. Ілі. У манг. дзяржаве Дж. быў лепшы знаўца манг. звычаёвага права, на сваіх землях патрабаваў строгага выканання манг. законаў.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МШЧЫНА,

частка тэр. Рус. дзяржавы, вылучаная Іванам IV Васілевічам у сувязі з апрычнінай. Цэнтр — Масква. Мела асобнае кіраванне (Баярскую думу, мясц. прыказы), войскі. У З. ўваходзілі пераважна ўскраінныя землі: пермскія, вяцкія, парубежныя і северскія гарады, Сярэдняе Паволжа, раёны Старадуба і Абаленска, вобласці Ноўгарада і Пскова, Разань, Вял. Лукі, Цвер, Уладзімір, часткова Масква. Пасля рэарганізацыі апрычніны (1572) З. і апрычныя землі паступова зліліся.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСАНГА́НІ (Kisangani),

горад на ПнУ Дэмакр. Рэспублікі Конга. Да 1966 наз. Стэнлівіль. Адм. ц. вобласці. Засн. ў 1883. 316 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Порт на р. Конга ніжэй вадаспада Баёма (б. Стэнлі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандлёва-размеркавальны і прамысл. цэнтр. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., хім., лакафарбавая, дрэваапр., буд. матэрыялаў; першасная апрацоўка с.-г. сыравіны. Мясакамбінат. Ун-т. Ін-т агранамічных даследаванняў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)