ГЛО́МА (Glomma),

рака на Пд Нарвегіі, адна з самых вял. на Скандынаўскім п-ве. Даўж. 611 км, пл. бас. 41,8 тыс. км². Пачынаецца з азёр на У Сёр-Трэндэлага, цячэ па даліне Эстэрдаль, перасякае мноства азёр, утварае вадаспады. Упадае ў праліў Скагерак. Сярэдні расход вады 440 м³/с. Лесасплаў. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС РА́НКІНА,

адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы. Абазначаецца °Ra. Роўны градусу Фарэнгейта. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: абсалютны нуль (0 °Ra) і т-ра трайнога пункта вады (491,688 °Ra). Прапанаваны шатл. фізікам У.​Дж.​Ранкінам. Выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр., у ЗША, дзе вымяраюць т-ру па шкале Фарэнгейта. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЯ,

рака ў Латвіі. Даўж. 460 км. Пл. вадазбору 8900 км². Пачынаецца на Відземскім узв. Цячэ цераз шматлікія азёры, упадае ў Рыжскі зал. У раёне г. Валміера — г. Сігулда даліна глыбока ўрэзаная. Сярэдні расход вады 78 м³/с. Сплаўная. У бас. Гаўі — прыродны нац. парк Гаўя. На Гаўі гарады Стрэнчы, Валміера, Цэсіс, Сігулда.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. ўздоўж паўн.-ўсх. берагоў Паўд. Амерыкі, галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Т-ра вады 26—28 °C. Скорасць 1,8—2,3 км/гадз. Пачынаецца каля мыса Сан-Рокі (Бразілія) і накіроўваецца на ПдЗ уздоўж берагоў Гвіяны ў Карыбскае м., дзе злучаецца з паўд. патокам Паўд. Пасатнага цячэння.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКАРБАНА́ТЫ, бікарбанаты, гідрагенкарбанаты,

кіслыя солі вугальнай кіслаты. Добра раствараюцца ў вадзе ў адрозненне ад большасці карбанатаў. Пры награванні ператвараюцца ў нармальныя карбанаты. Выконваюць важную фізіял. ролю, з’яўляюцца буфернымі рэчывамі, якія падтрымліваюць нязменнасць рэакцыі крыві. Часовая жорсткасць вады абумоўлена прысутнасцю гідракарбанатаў у прыроднай вадзе. Найб. практычнае значэнне маюць гідракарбанаты натрыю NaHCO3 (пітная сода) і амонію NH4HCO3.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАПО́РЫСТЫ БЕТО́Н, беспясчаны бетон,

бетон, які атрымліваюць з сумесі шчыльнага або порыстага жвіру (друзу), вяжучага матэрыялу (пераважна партландцэменту) і вады. Адсутнасць пяску і абмежаваны расход цэменту (да 280 кг/м³) абумоўліваюць буйнапорыстую структуру і невял. шчыльнасць бетону. Буйнапорысты бетон выкарыстоўваюць у асноўным для ўзвядзення вонкавых сцен будынкаў, а з порыстымі запаўняльнікамі — для цеплавой ізаляцыі.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ УЗЕ́НЬ,

рака на ПдУ еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі і на З Казахстана. Даўж. 650 км, пл. бас. 15,6 тыс. км². Упадае ў бяссцёкавыя Камыш-Самарскія азёры. Жыўленне пераважна снегавое. Сцёк вясной. Летам на асобных участках перасыхае. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Новаўзенск 6,7 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДА́Р (Vardar),

рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗА́БХАН,

рака на З Манголіі. Даўж. 808 км, пл. бас. 71,2 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Хангай, сярэдняе цячэнне — па шырокай міжгорнай упадзіне, ніжняе — па пустынях Катлавіны Вял. азёр, упадае некалькімі рукавамі ў воз. Айраг-Нур. Сярэдні расход вады на выхадзе з гор 60 м³/с. Жыўленне снегава-дажджавое. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЮ́ЧКІ ў раслін,

цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)