ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДА,
у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіныпрафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац.адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзінынац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арт.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзінысусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс.чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.
Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс.чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв.к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦКРСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн.прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал.паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв.к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.
Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.
Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ.М., 1993;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;
Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;
Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;
Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;
Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989;
Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.
Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.