ЛАКУЦІ́,
вёска ў Заходскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл., на шашы Магілёў—Орша. Цэнтр калгаса. За 25 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Шклоў, 26 км ад Магілёва. 208 ж. 94 двары (1998). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (сярэдзіна 19 ст.).
т. 9, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМПРАФІ́Р,
жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСАСІ́НА,
рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Сухадроўка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца на зах. схілах Віцебскага ўзв. з воз. Запецкае, за 1,8 км на З ад в. Цішкава Віцебскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма шыр. 200—600 м. Рэчышча ў ніжнім цячэнні моцназвілістае.
т. 9, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́БЕДЗЬ»,
прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
т. 9, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СБАС (Lesbos),
Мітыліні, востраў у Эгейскім м., каля ўзбярэжжа п-ва М. Азія; тэр. Грэцыі. Пл. 1636 км². Нас. больш за 100 тыс. чал. Узгоркі і горы выш. да 967 м (г. Олімбас), шмат бухтаў. Тэрмальныя крыніцы. Міжземнаморскія хмызнякі, лясы. Аліўкавыя гаі. Вырошчваюць цытрусавыя, тытунь. Рыбалоўства. Здабыча мармуру. Гал. порт — Мітыліні. Л. — адзін з цэнтраў стараж.-грэч. культуры.
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЁТЦЫ»,
кліматычны і бальнеалагічны курорт у Віцебскай вобл. (за 15 км ад г. Віцебск). Дзейнічае з 1936. Лечаць пераважна хваробы сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, верхніх дыхальных шляхоў. Асн. лек. фактары: умерана кантынентальны клімат, хларыдна-натрыевая мінер. вада (для ваннаў і інгаляцый), гразелячэнне (пры хваробах руху і апоры); выкарыстоўваюць таксама фізіятэрапію, лячэбную фізкультуру. Функцыянуюць санаторый, санаторый-прафілакторый, водагразелячэбніца.
т. 9, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБІТЫ́НА,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня пахавання. У яе храме, які знаходзіўся ў прысвечаным ёй гаі, захоўваліся пахавальныя прыналежнасці. За кожнае пахаванне ў храм Л. плацілі манету і такім чынам вёўся ўлік памерлых. Пазней Л. атаясамлівалі таксама з Венерай і багіняй падземнага царства Празерпінай. Л. былі прысвечаны сады і вінаграднікі. У стараж.-рым. паэтаў Л. — сінонім смерці.
т. 9, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАСО́МЫ (ад лізіс + sōma цела),
структуры цытаплазмы клетак жывёльных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды, ліпіды. Дыяметр Л. 0,2—0,4 мкм: маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К.Дэ Дзювам. Вылучаюць 2 асн. класы Л. — першасныя і другасныя. Парушэнне функцыі Л. вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАТЫ́ЧНЫЯ ВУЗЛЫ́,
органы лімфатычнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзяцца па ходу лімфатычных сасудаў. У чалавека іх больш за 500 (памеры 0,5—50 мм), асабліва шмат у шыйнай, падпахавай і пахвіннай абласцях. Складаюцца з капсулы і рэтыкулярнай стромы, дзе знаходзяцца лімфацыты. Асн. функцыі: ахоўная (выпрацоўка антыцел, лімфацытаў, фагацытоз), бар’ерна-фільтрацыйная (абясшкоджванне бактэрый, таксінаў); дэпануючая.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,
умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.
т. 9, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)