БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел. Нар. Рэспублікі і Бел. цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал. нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУ-АРЫЗО́НТЫ (Belo Horizonte),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1892. 2,3 млн. ж. (1989), з прыгарадамі 3,7 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буйнога горнапрамысл. раёна (здабыча жал. і марганцавых рудаў, золата). Чорная металургія, хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць. Федэральны і каталіцкі ун-ты, ун-т мастацтваў штата Мінас-Жэрайс. Гіст. музей. Каля Белу-Арызонты спартыўны і турыст. гарадок Пампулья.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ФУНДАМЕНТА́ЛЬНАЯ БДУ́.

Засн. ў 1921 у Мінску. У Вял. Айч. вайну знішчана. Аднаўленне фонду пачалося ў 1943. На 1.1.1995 ён складаў больш за 2100 тыс. экз. Зберагаюцца асобныя выданні 18—19 ст., класікаў замежнай л-ры, кнігі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, дысертацыі, абароненыя ў БДУ. Абменьваецца навук. выданнямі з замежнымі краінамі. Метадычны цэнтр б-к ВНУ Беларусі. Пры б-цы працуюць 4 факультэцкія і 49 б-к пры кабінетах і кафедрах.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАЛО́ТЛЬ (ацтэкскае літар. вадзяная цацка),

лічынка тыгравай амбістомы. Жыве ў вадаёмах Цэнтр. Амерыкі.

Даўж. 20—25 см. Здольная да размнажэння (гл. Неатэнія). Мае шчэлепы. Да сярэдзіны 19 ст. лічыўся самастойным відам (упершыню ператварэнне ў амбістому назіралі ў 1865). Страта здольнасці аксалотля да нармальнага ператварэння — вынік недастатковага развіцця шчытападобнай залозы; дабаўленне ў ежу або ін’екцыя гармону гэтай залозы прыводзіць да ператварэння аксалотля ў амбістому. Кладзе да 500 яец. Выкарыстоўваецца для доследаў у біялогіі.

Аксалотль.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1912,

усеагульнае паўстанне хрысц. і мусульм. насельніцтва Албаніі супраць асманскага панавання. Пачалося ў сак. на Пн і ПнЗ (гал. яго ачаг знаходзіўся ў горным раёне каля г. Шкодэр), у ліп. Ахапіла Пд і цэнтр Албаніі. Аднак алб. феадалы, якія з мая ўзначалілі кіраўніцтва паўстаннем, адмовіліся ад ідэі поўнай незалежнасці Албаніі і заключылі пагадненне з тур. урадам, які абяцаў задаволіць некаторыя нац. патрабаванні албанцаў. У жн. кіраўнікі дамагліся спынення Албанскага паўстання 1912.

т. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,

вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́КАЎ (Іван Аўдзеевіч) (19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЫЖА́Н,

горад ва Узбекістане, цэнтр Андыжанскай вобл. Размешчаны ў паўд.-ўсх. ч. Ферганскай даліны на р. Андыжансай. Вядомы з 9 ст. 297 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для ірыгацыйных збудаванняў і бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў; эл.-тэхн. вырабы і інш.), хім., лёгкая (баваўняная, абутковая, трыкатажная і інш.), харчасмакавая (масларобная, кансервавая, гідролізная, мясная і інш.) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. У раёне Анжыжана — здабыча нафты і газу. 4 ВНУ. Музей.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)