чаргавальныя выступы і ўпадзіны (канаўкі) на паверхні цел вярчэння, размешчаныя па вінтавой лініі.
Паводле формы сячэння адрозніваюць Р. трохвугольную, прамавугольную, трапецаідальную, круглую, паводле размяшчэння — вонкавую і ўнутраную, паводле прызначэння — крапежную, сілавую, хадавую, артылерыйскую і інш. У залежнасці ад напрамку вінтавой лініі бывае правая (найб. пашыраная) і левая. Утвараюць Р. пластычнай дэфармацыяй (напр., накаткай), рэзаннем на універсальных (такарных і інш.) і спецыялізаваных (рэзьбафрэзерных і інш.) станках ці ўручную пры дапамозе інструменту агульнага (разцы, фрэзы і інш.) або спец. (метчыкі, плашкі і інш.) прызначэння.
Профіль разьбы: d, d1, d2 — вонкавы, унутраны і сярэдні дыяметры; P — шаг, які вымяраюць у міліметрах (метрычная разьба) і ў цалях (цалёвая разьба); H — вышыня зыходнага профілю; α — вугал пры вяршыні профілю (60° — для метрычнай, 55° — для цалёвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва дляракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца длянайб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,
тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькі абарачальныя рэакцыі.
Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл.Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі
(μi — хім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КВЕЛА МЕ́ТАД,
метад вызначэння цвёрдасці матэрыялаў (пераважна металаў) уцісканнем у іх паверхню алмазнага конуса з вуглом пры вяршыні 120° (шкалы A і C) або стальнога загартаванага шарыка дыям. 1,588 мм (шкала В).
Робіцца спец. настольнымі прыладамі — цвердамерамі з індыкатарам. За ўмоўную адзінку цвёрдасці прымаецца яе лікавае значэнне, адпаведнае восеваму перамяшчэнню конуса (шарыка) на 0,002 мм. Метад распрацаваны ў 1919 амер. металургам С П.Роквелам. Цвёрдасць матэрыялаў вызначаецца таксама Брынеля метадам і Вікерса метадам, якія менш прадукцыйныя і больш пашкоджваюць паверхню вырабу.
Прылада для вызначэння цвёрдасці матэрыялаў паводле Роквела метаду: 1 — махавік; 2 — вінт; 3 — узор, які выпрабоўваецца; 4 — індэнтар (алмазны конус або стальны шарык); 5 — індыкатар; 6 — ручка для апускання грузу 7, які стварае намаганне на індэнтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (Анатоль Максімавіч) (н. 14.2.1951, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Д-ртэхн.н. (2000). Скончыў БПІ (1973). З 1973 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у КБ «Імпульс», з 1981 у НВА «Планар». З 1997 нам. міністра прам-сці Беларусі. Адначасова з 1986 у БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 2000 праф.). Навук. працы па тэорыі прэцызійных механізмаў, гібкіх вытв. сістэмах для дакладнага электроннага машынабудавання. Распрацаваў агульныя метады структурнага, кінематычнага, дынамічнага аналізу і аптымізацыйнага праектавання прэцызійных каардынатных сістэм.Дзярж. прэмія Беларусі (1996).
Тв.:
Координатные позиционеры гибких производственных систем для электронного машиностроения. Мн., 1998;
Оптимизационное проектирование прецизионных координатных систем и механизмов оборудования производства электронной техники. Мн., 1999 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),
1) у музыцы тэма інстр. або вак.муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны дляронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл.Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.
Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст.для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».
У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ГА (стараж.-сканд. saga ад segia казаць, гаварыць),
старажытна-ісландскія празаічныя апавяданні. Захаваліся ў запісах 2-й пал. 12—14 ст. Адрозніваюць 3 віды С. Найб. своеасаблівыя з іх т.зв. родавыя С., ці «сагі аб ісландцах». Для іх характэрны гіст. і быт. рэалізм, эпічная прастата, глыбокі псіхалагізм. Асн. сюжэт — родавыя разлады. Аўтарства гэтых С. не выяўлена. Захаваліся С. пра каралёў Нарвегіі, сярод іх аўтараў — С.Стурлусан і С.Тордарсан. Крыніцамі для іх паслужылі легенды, паэзія скальдаў, апавяданні сведкаў падзей, дакументы. С. пра епіскапаў, правадыроў Ісландыі падобны да хронік і напісаны сведкамі тагачасных падзей. У іх заўважаюцца рэліг.-маралістычныя тэндэнцыі. Рыцарскімі С. наз. празаічныя пераклады рыцарскіх раманаў. Слова «С.» выкарыстоўваецца таксама ў бел. і рус. перакладзе ў дачыненні да ірл. эпасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,
забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г.Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.Прынцыпам і Д.Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава дляваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.