БО́КУЦЬ (Барыс Васілевіч) (27.10.1926, в. Сакольшчына Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1993),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1974), д-рфіз.-матэм.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі, У 1973—89 рэктар Гомельскага ун-та. Навук.працы па нелінейнай оптыцы і электрадынаміцы аптычнаактыўных крышталёў. Высветліў асн. аспекты нелінейнага пераўтварэння частаты ў крышталях і стварыў (разам з супрацоўнікамі) перастройвальныя крыніцы кагерэнтнага аптычнага выпрамянення. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з В.В.Філіпавым);
Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980 (разам з Г.С.Міцюрычам, В.В.Шапялевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛСУН (Аляксандр Іванавіч) (н. 4.11.1935, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1967). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1959). У 1962—67 у Ін-це фізікі АН Беларусі, у 1967—71 і з 1993 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя», адначасова з 1995 праф.Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук.працы па фізіцы элементарных часціц. Аўтар першага на бел. мове «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (з Я.Н.Рапановічам, 1979), «Кароткага слоўніка фізічных тэрмінаў» (1979, 2-е выд. 1986), вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.
Тв.:
Методы математической физики. Мн., 1988 (разам з В.К.Гронскім, А.А.Бейдам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РМАТАЎ (Усевалад Яўстафіевіч) (н. 7.11.1928, в. Міцькаўка Клімаўскага р-на Бранскай вобл.),
бел. генетык і селекцыянер раслін. Чл.-кар.АН Беларусі (1970), д-рбіял.н. (1968), праф. (1976). Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1952). З 1955 нам. дырэктара Ін-та біялогіі АНБССР, з 1977 рэктар БСГА, у 1963—77 і з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук.працы па эксперым. поліплаідыі і гетэрозісе ў с.-г. раслін, тэорыі і метадах храмасомнай інжынерыі раслін, біятэхналогіі.
Тв.:
Экспериментальная полиплоидия и гетерозис у сахарной свеклы. Мн., 1972 (разам з М.В.Турбіным);
Полиплоидия и полиморфизм растений по величине клеток. Мн., 1986 (разам з Т.І.Лапацінай);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ШКАВІЧ, Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал.працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.
Літ.:
Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗА́ЎСКАС ((Brazauskas) Альгірдас) (н. 22.9.1932, г. Рокішкіс, Літва),
літоўскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд.эканам.н. (1974). Скончыў Каўнаскі політэхн.ін-т (1956). У 1965—66 міністр прам-сці буд. матэрыялаў Літ. ССР. У 1966—77 1-ы нам. Старшыні Дзяржплана Літ. ССР. З 1977 сакратар, чл. Бюро, з 1988 1-ы сакратар ЦК КПЛ, якая ў канцы 1989 пераўтворана ў Дэмакр. партыю працы Літвы (ДППЛ). Са студз. 1990 старшыня Вярх. Савета Літ. ССР. Пасля абвяшчэння 11.3.1990 Акта аб аднаўленні незалежнасці Літ. дзяржавы — нам. прэм’ер-міністра Літвы. У кастр. 1992 пасля перамогі ДППЛ на выбарах у сейм Літ. Рэспублікі Бразаўскас абраны старшынёй сейма. З лют. 1993 прэзідэнт Літ. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЦАЎ (Васіль Раманавіч) (10.3.1878, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.7.1964),
савецкі хірург. Брат І.Р.Брайцава і Я.Брайцава. Акад.АМНСССР (1945). Засл. дз. нав. РСФСР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). У 1911—13 земскі ўрач у Пінску. З 1919 у Вышэйшай мед. школе, Цэнтр. клінічнай бальніцы імя М.А.Сямашкі, з 1937 адначасова ў Цэнтр. ін-це ўдасканалення ўрачоў у Маскве. Навук.працы па праблемах раку прамой кішкі, лячэнні язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пластыцы стрававода, метадах лячэння раненняў крывяносных сасудаў і перыферычных нерв. ствалоў. Ганаровы чл.Хірург.т-ва Беларусі.
Тв.:
Острый аппендицит. М., 1946;
Заболевания прямой кишки. М., 1952;
Врожденные (дизонтогенетические) образования средостения и лёгких. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял.Айч. вайну і яго кіраўнікоў А.С.Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Віктар Ніканавіч) (н. 3.11.1933, в. Замасточча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. педагог. Д-рпед.н. (1994), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае пед. вучылішча (1953), Полацкі пед.ін-т (1957). З 1957 у Віцебскім ун-це (з 1978 рэктар). Працы па методыцы выкладання начартальнай геаметрыі і чарчэння ў ВНУ і сярэдняй школе. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручніка «Чарчэнне ў сярэдняй школе» (1969, перакладзена на 20 моў), аўтар курса для пед. ін-таў «Начартальная геаметрыя» (1977), адзін з аўтараў «Методыкі навучання чарчэнню» (1990), «Слоўніка-даведніка па чарчэнні» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ПЕР (Роберт Юр’евіч) (14.7.1859, Масква — 30.12.1954),
рускі гісторык. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АНСССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.