ШТУ́ЧНЫ АДБО́Р,

выбар чалавекам найб. каштоўных у гасп. адносінах жывёл і раслін дадзенага віду, пароды ці сорту для атрымання ад іх патомства з пажаданымі ўласцівасцямі. Асновы тэорыі распрацаваў Ч.Д.Дарвін (1859), які выявіў, што Ш.а. з’яўляўся асн. фактарам пры ўзнікненні парод свойскай жывёлы і сартоў с.-г. раслін. Несвядомы Ш.а. ужо адбываўся на першых этапах адамашнівання чалавекам жывёл і акультурвання раслін. Метадычны Ш.а. (селекцыя) сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. Існуюць 2 формы метадычнага адбору. Пры масавым Ш.а. выбракоўваюць усе асобіны паводле фенатыпу, якія не адпавядаюць пародным або сартавым стандартам, з мэтай захавання пародных і сартавых якасцей. Індывідуальны Ш.а. — адбор асобін з улікам спадчыннай стойкасці іх адзнак (паводле генатыпу), што забяспечвае ўдасканальванне пародных і сартавых якасцей. У адрозненне ад натуральнага адбору Ш.а. ажыццяўляецца чалавекам па асобных адзнаках, таму часам адбываецца распадзенне генет. і морфагенет. карэляцыйных сістэм арганізма з выяўленнем фенатыпічнага эфекту генаў, якія раней былі блакіраваны ўздзеяннем генаў-рэпрэсараў у саставе адпаведных генет. комплексаў. У выніку фенатыпічная зменлівасць арганізмаў павышаецца, а агульная жыццяздольнасць паніжаецца. Метадычны Ш.а. выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

Літ.:

Проблемы доместикации животных и растений. М., 1972.

Р.​Г.​Заяц.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛА́М,

старажытная дзяржава ў 4—1-м тыс. да н.э. на У ад р. Тыгр, на паўд.-зах. тэр. сучаснага Ірана. Быў населены эламітамі, мова якіх, відаць, была роднаснай дравідыйскім ці каўказскім мовам. Сталіца — г. Сузы, найб. значныя вобласці — Барахшы, Сімашкі, Аншан. У эканоміцы Э. значную ролю адыгрывала земляробства з выкарыстаннем працы вольных абшчыннікаў, кліентаў і рабоў. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. трапіў пад уладу Акада, у 23 ст. да н.э. пры цару Пузур-Іншушынаку вярнуў незалежнасць. У 23—22 ст. да н.э. пад уладай гуціяў і цароў III дынастыі Ура. У 2-м тыс. да н.э. перыяды заняпаду чаргаваліся з існаваннем моцнай цэнтралізаванай дзяржавы, якая дасягнула найб. магутнасці ў 13—12 ст. пры царах Унташ-Напірышы, Кітэн-Хутране і Шутрук-Нахунтэ. У 11—9 ст. да н.э. гісторыя Э. малавядома. У 8—7 ст. да н.э. ў саюзе з Вавілоніяй Э. вёў няўдалыя войны супраць Асірыі; канчаткова заняпаў у 7 ст. да н.э. У 6 ст. да н.э. падпарадкаваны Мідыяй, потым у складзе Ахеменідаў дзяржавы, дзе г. Сузы стаў адной з яго сталіц.

Літ.:

Юсифов Ю.Б. Элам: Соц.-эконом. история. М., 1968.

Я.​У.​Новікаў.

Эладэя канадская.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТАЛІ́ЙСКІ САЮ́З,

палітычнае аб’яднанне шэрагу стараж.-грэч. гарадоў Этоліі, а з сярэдзіны 3 ст. да н.э. і гарадоў Паўн., Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса. Створаны каля 320 да н.э. як племянны саюз, з 3 ст. да н.э. набыў рысы федэратыўнай дзяржавы. Узмацніўся ў барацьбе з дыядохамі. Каля 290 да н.э. вырас яго ўплыў на свяшчэнны для грэкаў г. Дэльфы. У 279 да н.э. эталійцы паспяхова адбілі нашэсце на Грэцыю галатаў. Найб. магутнасці саюз дасягнуў у 2-й пал. 3 ст. да н.э. У яго склад акрамя Этоліі ўваходзілі вобласці Сярэдняй Грэцыі (Факіда. Лакрыда, пэўны час Беотыя), Паўн. Грэцыі (ч. Фесаліі), некат. гарады Пелапанеса (Тэгея, Мантынея, Архамен). Абшчыны, з якіх складаўся Э.с., захоўвалі ўнутр. аўтаномію. Вышэйшы саюзны орган улады — сход, які выдаваў законы, абвяшчаў вайну, заключаў мір, выбіраў службовых асоб, збіраўся раз у год у рэліг. цэнтры Этоліі г. Тэрме (надзвычайныя склікаліся ў інш. месцы). Надзённыя справы вырашала калегія апаклетаў, якая выбіралася са складу саюзнай рады (з прадстаўнікоў асобных гарадоў). Найвышэйшая службовая асоба Э.с. — стратэг. У спробе супрацьстаяць рым. экспансіі Э.с. пацярпеў паражэнне і спыніў існаванне (189 да н.э.).

Літ.:

Сизов С.К. Федеративное государство эллинистической Греции: Эголийский союз. Н. Новгород, 1990.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Кракаўскі універсітэт,

найстарэйшы універсітэт Польшчы, адзін з першых у Еўропе. Засн. ў 1364 у Кракаве Казімірам III Вялікім; у 1400 рэарганізаваны каралём Польшчы Ягайлам (адсюль назва) на ўзор Парыжскага ун-та. Шырока вядомы ў 15 — пач. 16 ст. высокім узроўнем выкладання юрыд. навук, а таксама астраноміі, геаграфіі і матэматыкі. Сярод студэнтаў былі не толькі палякі, але і чэхі, венгры, немцы. Выхаванцамі ун-та былі М.​Капернік, а ў 1504—06 Ф.​Скарына (атрымаў ступень бакалаўра). З сярэдзіны 16 ст. Я.у. заняпаў, навучанне мела царк.-схаластычны характар. У 1782—86 рэктар ун-та філосаф-асветнік Г.Калонтай ліквідаваў устарэлыя метады навучання, увёў вывучэнне прыродазнаўчых і дакладных навук, выкладанне на польскай мове замест латыні. У канцы 19 ст. Я.у. — адзін з асн. цэнтраў польскай навукі. У гады 2-й сусв. вайны закрыты, у 1945 аднавіў дзейнасць. Па стане на 2003 ва ун-це мелася 14 ф-таў. Па стане на 2003/04 навуч. г. у Я.у. працавала 3174 выкладчыкаў (з іх 387 прафесараў) і навучалася каля 37 тыс. студэнтаў. Выдаюцца «Навуковыя сшыткі Ягелонскага універсітэта» (14 серый). Існуюць культ. сувязі з інш. навуч. ўстановамі замежных краін (абмен выкладчыкамі і студэнтамі, у т. л. з Беларусі).

т. 18, кн. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЫЧА́РЫ (тур. yeniçeri літар. — новае войска),

1) асобныя часці рэгулярнай тур. пяхоты, што існавалі з 2-й пал. 14 ст. да 1826; разам з атрадамі конніцы складалі аснову пастаяннага войска Асманскай імперыі. Напачатку камплектаваліся з ваеннапалонных і юнакоў, якіх захапілі ў рабства, пазней — шляхам гвалтоўнага набору хлопчыкаў і юнакоў (8—20 гадоў) з ліку хрысц. насельніцтва. Пасля прыняцця ісламу Я. лічыліся рабамі султана, жылі ў казармах, ім забаранялася ўступаць у шлюб і займацца гаспадаркай. Я. ўдзельнічалі ў заваявальных паходах, у т. л. супраць славян у складзе войск крымскіх ханаў у 16—17 ст., неслі гарнізонную службу на Балканах і ў араб. краінах. На ўзбраенні Я. — лук (пазней заменены ружжом і пісталетамі), шабля і ятаган. З канца 16 — пач. 17 ст. пачаўся працэс разлажэння корпуса Я.: яны абзаводзіліся сем’ямі, займаліся гандлем, рамяством. Паступова Я. сталі замкнёнай ваен. кастай, апорай кансерватыўных сіл, умешваліся ў палітыку ўрада, удзельнічалі ў дварцовых пераваротах. У 1826 корпус Я. ліквідаваны султанам Махмудам II.

2) У пераносным значэнні — узброены ахоўнік дэспатычнай улады, карнік, кат.

Да арт. Янычары. Янычар-ага (янычарскі палкоўнік). Турцыя. 17 ст. Малюнак В.​Ляхора.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К’Я́РЫ (Chiari) Бернгард (н. 20.7.1965, Вена),

нямецкі гісторык. Д-р навук (1997). У 1992—97 спецыялізаваўся на кафедры ўсх.-еўрап. гісторыі Франкфурцкага ун-та. З 2000 працуе ў Цэнтры ваен.-гіст. даследаванняў у г. Патсдам. Даследуе праблемы сучаснага развіцця Беларусі, Расіі і Паўд.-Усх. Еўропы, Беларусі як мультыкультурнага рэгіёна, гісторыю Расіі 19—20 ст. і СССР, гісторыю яўрэяў у Польшчы, Расіі і Сав. Саюзе. Аўтар кнігі «Будні дзень за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыянізм і супраціўленне ў Беларусі, 1941—1944» (1998), адзін з аўтараў «Падручніка па гісторыі Беларусі» (Гётынген, 2001). Рэдактар кнігі даследаванняў «Польская Армія Краёва: Гісторыя і міф Арміі Краёвай пасля 2-й сусветнай вайны» (Мюнхен, 2003). Член рэд. рады час. «Беларускі гістарычны агляд».

Тв.:

Бел. пер. — Гісторыя як паслядоўнасць катастроф: Бел. рэгіён як акупаванае грамадства (1939—1944/47) // Бел. гіст. агляд. 1996. Т. 3, сш. 2;

Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэнія» // Там жа. 2000. Т. 7, сш. 1(12);

Подходы к истории второй мировой войны в двух исследованиях из Германии // Беларусь і Германія. Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы міжнар. навук. канф. Мн., 2003. Вып. 2.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 18, кн. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЕ́Ц Міхаіл Васілевіч (н. 15.2.1959, г. Любань Мінскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг. Д-р гіст. н. (2003), праф. (2002). Скончыў БДУ (1981). З 1981 настаўнічаў. З 1987 у Брэсцкім тэхн. ін-це. Даследуе пытанні гісторыі і палітыкі Германіі ў 2-й пал. 20 ст., бел.-ням. сувязі. Сааўтар навуч. дапаможнікаў па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы і ВНУ: «Малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі: перыядызацыя, духоўная і матэрыяльная культура, манеты» (1991), «Некаторыя пытанні вывучэння эканамічнай гісторыі Беларусі ў ВНУ» (1995), «Некаторыя пытанні вывучэння гісторыі, эканамічнай тэорыі і культуралогіі ў ВНУ» (1997) і інш.

Тв.:

ФРГ и проблемы ограничения и сокращения вооружений в Европе (1949—1990 гг.). Брест, 1997;

Імперская ідэя ў нямецкай гісторыі і яе крах. Брэст, 1997;

Бонн и постсоциалистическое пространство в Европе: концепции и реалии 1990-х гг. Брест, 1999 (разам з В.​І.​Старыкавым);

Асноўныя этапы гісторыі беларуска-нямецкіх сувязяў. Брэст, 2000 (разам з М.​А.​Коршакам);

Германский бундесвер в 1990-е гг.: новые акценты, новые задачи. Брест, 2000 (разам з П.​У.​Малашуком);

Базавая тэрміналогія па гісторыі Беларусі. Брэст, 2001 (разам з Коршакам).

М.​А.​Коршак.

т. 18, кн. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,

узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт. Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.

Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс. чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт. ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл. Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр. СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).

Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл. Варшаўскае паўстанне 1943).

Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт. узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс. чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр. СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.​Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс. чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз. Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс. чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.

Літ.:

Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;

Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;

Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ГА,

пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл. Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл. Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл. Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.

Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст. н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб. стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб. стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.

Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.​Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.​Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Літ.:

Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;

Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;

Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);

Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт. Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.

В.​М.​Герасімаў.

Да арт. Кніга. Выданні Ф.​Скарыны. 16 ст.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ, Львів,

горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сць муз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л. Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах. навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.

Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл. Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр. Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.

Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.​Штэхер, М.​Гром, А.​Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.​Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.​Капінас, А.​Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.​Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.​Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.​Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.​Мерэцін, С.​К.​Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм. т-ра імя М.​Занькавецкай (1836—42, арх. Л.​Піхаль, І.​Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.​А.​Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.​Матэйкі), акад. т-ра оперы і балета імя І.​Франко (1897—1900 арх. З.​Гаргалеўскі, скульпт. А.​Л.​Попель, П.​Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.​Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.​І.​Парашчук), І.​Франко (1964, скульпт. В.​Н.​Барысенка і інш., арх. А.​М.​Шуляр), Я.​Галану (1972, скульпт. А.​П.​Пылеў, арх. В.​І.​Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.​Франко.

Літ.:

Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;

Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.

Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя).

Плошча А.​Міцкевіча ў Львове.
Сабор святога Юра ў Львове.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)