МАХАВІ́К, махавое кола,

кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ АРА́НЖАВЫ, метыларанж, геліянцін, n-(n-дыметыламінафенілаза) бензолсульфанат натрыю,

вытворнае азабензолу. Аранжава-жоўтыя крышталі; раствараюцца ў вадзе. Водны раствор (0,04%-ны) выкарыстоўваюць у аналіт. хіміі як індыкатар для кіслотна-асн. цітравання (у шчолачным асяроддзі афарбаваны ў жоўты колер, у кіслым — у чырвоны).

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАМЕРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (МБР),

міждзяржаўны рэгіянальны банк для крэдытавання праграм развіцця краін Лац. Амерыкі. Засн. ў 1959. Праўленне ў Вашынгтоне. 44 дзяржавы-члены. Статутны капітал 34 млрд. дол. ЗША. 34,5% галасоў належыць ЗША. Крэдытныя рэсурсы МБР мабілізуюцца пераважна з міжнар. рынку капіталу.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІМЕ́ТР РТУ́ТНАГА СЛУПА́,

устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа ртуці вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм рт. сл. 1 мм рт. сл. = 133,322 Па = 13,5951 мм вадз. сл. Выкарыстоўвалася для вымярэння атм. ціску.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «АРОЛ».

Дзейнічала ў 1910—15 у Мінску. Мела мех. рухавікі (99 к.с.) і спец. абутковыя машыны. У 1910—13 працавала 160 чал., выпускала каля 800 пар абутку за суткі. У 1-ю сусв. вайну выпускала абутак для рас. арміі.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДУС (ад лац. modus мера, узор, спосаб),

1)у філасофіі — уласцівасць прадмета, характэрная для яго толькі ў некаторых выпадках (у адрозненне ад атрыбута — неад’емнай уласцівасці прадмета).

2) У логіцы — разнавіднасць сілагізмаў, што вызначаюцца формай (колькасцю і якасцю) пасылак і заключэнняў (гл. Сілагістыка).

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛО́МЕТР (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння ступені мутнасці вадкасцей і газаў па інтэнсіўнасці рассеянага імі святла. Дзеянне Н. засн. на параўнанні светлавых патокаў, рассеяных выпрабаваным і эталоннымі ўзорамі. Бывае візуальны і фотаэлектрычны. Выкарыстоўваецца ў нефеламетрыі пры даследаванні дысперсных сістэм.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ДЭ́ЛІ, Новы Дэлі,

паўднёвая адміністрацыйная частка г. Дэлі. Першапачаткова забудавана ў 1911—23 для брыт. каланіяльнай адміністрацыі, якая перанесла ў Н.-Д. цэнтр. рэзідэнцыю з г. Калькута. Каля 300 тыс. ж. (1998). Месца размяшчэння асн. урадавых устаноў Індыі. 2 ун-ты.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ВАЕ ДРЭ́ВА, брусанетыя папяровая,

шаўкоўніца папяровая (Broussonetia papyrifera),

кветкавая расліна сям. тутавых. Пашырана ва Усх. Азіі і Палінезіі. З кары і лубу вырабляюць вышэйшыя сарты паперы (для грошай, дзярж. актаў і інш.), вопратку (т.зв. тапа, ці капа) і вяроўкі. Дэкар. расліна.

Папяровае дрэва.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРАЎТВАРА́ЛЬНІКІ,

асобныя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для атрымання порыстых (газанапоўненых) матэрыялаў. П. з’яўляюцца арган. (т.зв. парафоры) і неарган. злучэнні (напр., гідракарбанат натрыю), што вылучаюць газы пры тэрмічным раскладанні. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў (гл. Газанапоўненыя пластыкі), сітаватай гумы, пенабетону і інш.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)