РАБАНІ́ (Бархануддзін) (н. 1941, г. Файзабад, Афганістан),
афганскі дзярж. і грамадскі дзеяч. Скончыў тэалагічны ф-т Кабульскага ун-та і ун-т аль-Азхар (Егіпет). З 1968 праф. тэалогіі Кабульскага ун-та. У 1975 адзін з кіраўнікоў паўстання супраць рэжыму М.Дауда. У 1976 стварыў у эміграцыі ў Пакістане Ісламскае т-ва Афганістана, якое разам з інш. ўзбр. групоўкамі вяло ўзбр. барацьбу супраць рэжыму Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, а ў 1979—89 і сав. войск (гл. Муджахіды). У 1988—92 міністр аднаўлення і замежных спраў у створаным у Пакістане пераходным урадзе Афганістана. З чэрв. 1992 прэзідэнт Ісламскай Дзяржавы Афганістан. У вер. 1996 пад націскам атрадаў руху Талібан пакінуў Кабул. Прызнаецца сусв. супольнасцю законным прэзідэнтам Афганістана.
т. 13, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫРА́КА ((Ratsiraka) Дзідзье) (н. 4.11.1936, Ватамандры, Мадагаскар),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Мадагаскара. Скончыў Ін-т інжынераў сувязі і вышэйшае ваен.-марское вучылішча ў Тулоне (Францыя, 1969). Адмірал. Служыў у ВМФ, быў ваен. аташэ пры мадагаскарскім пасольстве ў Францыі. У 1972—75 міністр замежных спраў Мадагаскара. У выніку дзярж. перавароту з чэрв. 1975 старшыня Вярх. Рэв. Савета, са снеж. 1975 прэзідэнт Мадагаскара. З 1976 ген. сакратар партыі Авангард малагасійскай рэвалюцыі. Абвясціў сваёй мэтай пабудову на Мадагаскары сацыяліст. грамадства. Праводзіў палітыку супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пад націскам нар. выступленняў быў вымушаны правесці ў 1993 свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх прайграў прадстаўніку апазіцыі. У лют. 1997 зноў абраны прэзідэнтам Мадагаскара.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЛА́НАВА (Лідзія Андрэеўна) (27.10.1900, с. Чарнаўка Саратаўскай вобл., Расія — 20.9.1973),
расійская эстр. спявачка (кантральта). Засл. арт. Расіі (1942). Выступаць пачала ў 1917. З 1933 артыстка муз.-эстр. ўпраўлення Дзярж. аб’яднання муз., эстр. і цыркавых прадпрыемстваў. У 1945 рэпрэсіравана. З 1953 артыстка Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Дасканала валодала майстэрствам імправізацыі. Гал. месца ў рэпертуары займалі рус. нар. песні, якія выконвала распеўна, з праніклівай сардэчнасцю, лірызмам і гумарам. Аднавіла (аўтар) многія нар. песні, у т. л. «Валёнкі». Першая выканаўца многіх песень рас. кампазітараў, у т. л. «Кацюшы» М.Блантэра. У 1967 разам з Л.Уцёсавым, К.Шульжэнка і М.Бернесам узначаліла 1-ы Усесаюзны фестываль сав. песні.
Літ.:
Л.Русланова в воспоминаниях современников. М., 1981.
т. 13, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ,
апазіцыйны паліт. рух у асяроддзі партуг. афіцэраў, які падрыхтаваў і ажыццявіў Партугальскую рэвалюцыю 1974. Узнік у вер. 1973 як лабісцкая арг-цыя прафес. вайскоўцаў; з канца 1973 палітызаваўся, да сак. 1974 наз. Рух капітанаў. У сак.—крас. 1974 «цэнтр. камісія» руху распрацавала план узбр. выступлення супраць аўтарытарнага рэжыму М.Каэтану (пераемнік дыктатара А.Салазара). Абапіраўся на капітанаў (каля 2 тыс. чал. у 1974) і інш. афіцэраў партуг. узбр. сіл. Пасля перамогі рэвалюцыі (крас. 1974) праграма руху (у т. л. дэмакратызацыя дзярж. ладу, спыненне вайны у афр. калоніях Партугаліі) прызнана праграмай Часовага ўрада Партуг. Рэспублікі. У снеж. 1975 рэарганізаваны, страціў паліт. значэнне.
Літ.:
Гл. пры арт. Партугальская рэвалюцыя 1974.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСКУ́ЛАЎ (Муратбек) (23.11.1909, с. Чаек Нарынскай вобл., Кыргызстан — 1.2.1974),
кіргізскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). З 1936 у трупе Кірг. муз.-драм. т-ра, з 1941 у Кірг. драм. т-ры ў г. Фрунзе. Сярод лепшых роляў: Тэйітбек, Каныбек («Курманбек», «Каныбек» К.Джантошава), Акылбек («Лёс бацькі» Б.Джакіева), Шэрмат («Хто смяецца апошнім» Т.Абдумамунава), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Атэла, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно: «Салтанат», «Песня табуншчыка», «Тактагул», «Неба нашага дзяцінства» і інш. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1969.
Літ.:
Иманкулов Д. Наш Муратбек. Фрунзе, 1970;
Брудный Д. Муратбек Рыскулов. М., 1974.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ І СПРАВЯДЛІ́ВАСЦІ,
палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Створана ў чэрв. 1993. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Палітвыканком. Асн. мэта — стварэнне грамадства эканам. дабрабыту і сац. справядлівасці. Выступае за прафесійны парламент, прэзідэнцкую форму праўлення, мясц. самакіраванне і незалежную судовую ўладу. Партыя лічыць, што ў грамадстве павінна атрымаць развіццё змешаная эканоміка, якая прадугледжвае наяўнасць дзярж. і прыватнай форм уласнасці. У агр. сферы прадугледжвае свабоднае развіццё разнастайных форм гаспадарання і ўласнасці. Выступае за эканам. і знешнепаліт. саюз з Расіяй. Асн. сац. база партыі — людзі фіз. і разумовай працы, навучэнцы, пенсіянеры і інваліды. Друкаваны орган — «Цэнтральная газета» (з 1994). На 1.1.2001 дзейнічалі 9 гар., 16 раённых і 131 пярвічная арг-цыі партыі, якія аб’ядноўвалі 1524 чал.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;
Избранное. М., 1989;
Стихотворения. Поэмы. М., 1987;
Стихи Марианне. М., 1996.
т. 14, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Леў Антонавіч) (21.10.1925, Мінск — 3.1.1988),
бел. перакладчык. Скончыў БДУ (1950). ЗФ 1950 працаваў у Бел. дзярж. выд-ве (пасля выд-ва «Беларусь»), з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1950. На рус. мову перакладаў творы М.Гарэцкага, У.Дамашэвіча, М.Зарэцкага, П.Кавалёва, В.Каваля, А.Марціновіча, Р.Мурашкі, І.Навуменкі, Р.Няхая, М.Ткачова і інш.; на бел. мову пераклаў «Зламаную падкову» А.Кешокава, «Выбранае» А.Купрына, «Святло ў Каордзі» Г.Леберэхта, «Вадзіцеляў» А.Рыбакова, «Выбраныя творы» М.Садавяну, «Белы шалаш» М.Шундзіка і інш., паасобныя творы Ч.Айтматава, А.Вішні, А.Ганчара, Я.Гуцалы, Ф.Дастаеўскага, А.Даўжэнкі, Л.Талстога, М.Шолахава, В.Шышкова і г.д. Пісаў рэцэнзіі, крыт. артыкулы.
т. 14, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЕ́НКА (Мікалай Сцяпанавіч) (5.12.1923, Мінск — 25.6.1995),
расійскі вучоны ў галіне буд. механікі. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1979). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча ў Ленінградзе (1946). З 1946 у Цэнтр. НДІ (у 1971—84 нам. дырэктара), адначасова з 1951 у Ленінградскім ун-це. З 1984 нам. старшыні Прэзідыума Санкт-Пецярбургскага цэнтра і з 1988 дырэктар-арганізатар Ін-та праблем транспарту Рас. АН. Навук. працы па механіцы дэфармавальнага цвёрдага цела, буд. механіцы карабля, статыцы і дынаміцы інж. збудаванняў, фундаментальных праблемах трансп. сістэм і трансп. працэсаў. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Прочность и устойчивость пластин и оболочек судового корпуса. Л., 1967 (разам з К.Г.Абрамянам, У В.Сарокіным).
т. 14, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМБУ́К (Іван Елісеевіч) (28.7.1919, в. Рог Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 27.5.1979),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Томскае артыл. вучылішча (1945), Ваенна-інж. радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Агнявы ўзвод артыл. палка на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў ліп. 1943 у баях на Арлоўска-Курскім напрамку, дзе 3 дні адбіваў контратакі варожых танкаў і пяхоты, у час фарсіравання Дзясны, Дняпра і Прыпяці агнём гармат садзейнічаў пераправе і наступленню палка. Да 1960 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце. Гаўбіца, разлікам якой камандаваў С., экспануецца ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны.
т. 14, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)