КАРМІ́Н (франц. carmin ад араб. кірміз — кашаніль + лац. minium кінавар),

чырвоны фарбавальнік, які здабываюць з цел бяскрылых самак насякомых кашанілі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі гісталагічных прэпаратаў, як харч. і парфумерны фарбавальнік.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТА́Р (грэч. nektar),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі напітак багоў-алімпійцаў, які разам з амброзіяй (ежай багоў) надае ім бессмяротнасць і вечную маладосць. У пераносным сэнсе Н. — напітак выдатнага смаку і водару.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́СКАР»

(Oscar),

штогадовая прэмія, якая прысуджаецца з 1929 Амерыканскай акадэміяй кінематаграфічных мастацтваў і навук за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа. Уяўляе сабой пазалочаную статуэтку мужчыны, які абапіраецца на меч.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎФАБРЫКА́Т,

выраб, прадукт працы, які патрабуе наступнай дадатковай або канчатковай дапрацоўкі для пераўтварэння ў гатовы выраб, а таксама гатовая прадукцыя аднаго прадпрыемства, якая можа выкарыстоўвацца як элемент гатовай прадукцыі іншага.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́ (франц. sabot),

1) чаравікі на драўлянай падэшве (на Беларусі наз. дзеравяшкі) або выдзеўбаныя з дрэва (клумпы), а таксама абутак, які нагадвае такія чаравікі.

2) Прыстасаванне для блакіроўкі колаў машын.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАДЫ́ЧНЫ ПЕРЫ́ЯД АБАРАЧЭ́ННЯ,

прамежак часу, за які цела Сонечнай сістэмы ў сваім руху вакол Сонца вяртаецца пры назіранні з Зямлі ў ранейшае становішча адносна Сонца. Роўны перыяду паўтарэння канфігурацыі планет.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,

будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.

Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛАДЖЭ́ННЕ,

1) набыццё арганізмам, які старэе, прыкмет маладосці; працэс процілеглы старэнню. Першая навук. канцэпцыя амаладжэння належыць франц. вучонаму Ш.​Э.​Броўн-Секару (1889), які меркаваў, што прычына старэння — аслабленне палавой актыўнасці, а амаладжальны сродак — экстракт палавых залоз жывёл. Амаладжальныя ўласцівасці ў розны час прыпісваліся балгарскай сыраквашы, антырэтыкулярнай цытатаксічнай сываратцы, гармонам, навакаіну і інш. Па сучасных уяўленнях амаладжэнне складанага шматклетачнага арганізма немагчыма з прычыны незваротнасці фаз антагенезу (дзяцінства, маладосць, сталасць, старасць). Можна гаварыць пра запаволенае старэнне, карэкцыю ўзроставых змен, працягласць жыцця, але не пра амаладжэнне ў поўным сэнсе гэтага слова.

2) Павелічэнне маладых асобін у складзе папуляцыі або ўзмоцненае размнажэнне клетак шматклетачнага арганізма.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р (А),

1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10​−7 Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.

2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВЫ́ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, які складаецца з прамалінейнага паступальнага руху з пастаяннай скорасцю і вярчальнага руху з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол восі, паралельнай напрамку паступальнай скорасці. Адрозніваюць прававінтавы (вектары вуглавой скорасці вярчэння і паступальнай скорасці накіраваны ў адзін бок) і левавінтавы рух (гэтыя вектары накіраваны ў розныя бакі). Любы складаны рух цвёрдага цела можна выявіць як серыю элементарных (імгненных) вінтавых рухаў, пры гэтым вось вінтавога руха наз. імгненнай вінтавой воссю, якая бесперапынна змяняе свой напрамак у прасторы і ў рухомым целе.

Да арт. Вінтавы рух: v — скорасць паступальнага руху; ω — вуглавая скорасць; VM — скорасць пункта M, які знаходзіцца на адлегласці r ад восі вярчэння AA1

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)