ЦЫРО́З ПЕ́ЧАНІ,

хранічнае захворванне печані чалавека і жывёл, якое прагрэсіруе. Характарызуецца разрастаннем злучальнай тканкі ў печані, яе ўшчыльненнем, зменай аб’ёму (павелічэнне або памяншэнне), пашкоджаннем усіх яе структурных элементаў. У чалавека развіццё Ц.п. адбываецца пры інфекц. пашкоджаннях печані, спадчынных хваробах абмену рэчываў, уздзеянні таксічных рэчываў (лекі, алкаголь, прамысл. і быт. яды), застоі вянознай крыві і жоўці ў печані і інш. Найб. частая прычына — гепатыт інфекцыйны. Прыкметы: боль у вобласці печані, зніжаны апетыт, моташнасць, ірвота, гарката ў роце, насавы і страўнікавы крывацёк, жаўтавата-шэры колер скуры і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (уключае трансплантацыю печані). У жывёл Ц.п. часта развіваецца ў выніку гліснай інвазіі (напр., дыкрацэліёз, фасцыялёзы). Вядзе да схуднення, анеміі і гібелі ад інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАСФЕ́РА (ад грэч. anthos кветка + сфера),

сфера ўплыву пахучых залоз асобнай кветкі на дзейнасць насякомых — апыляльнікаў раслін (спажыўцоў яе нектару і пылку). Тэрмін увёў сав. вучоны Я.​М.​Лаўрэнка (1959).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛАРАВАЯ ЗО́НА,

валютная групоўка дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі, Ціхага акіяна і інш., у якіх долар мае абарачэнне нараўне з нац. валютай, а пры адсутнасці нац. валюты яе замяняе.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМ,

долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЦЫ́ТЫ [ад астэа... + ...цыт(ы)],

спелыя клеткі глыбінных слаёў касцявой тканкі, якія знаходзяцца ў поласцях яе асн. рэчыва (адросткі — у канальцах, што адыходзяць ад такіх поласцяў) паблізу крывяносных сасудаў. Удзельнічаюць у фарміраванні гідроксіапатыту і астэону.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пд Беларусі, Пн Украіны і ў Бранскай вобл. Расіі. Займае пл. каля 270 тыс. км². Яе частка ў межах Беларусі вылучаецца як падправінцыя Беларускае Палессе.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАШЫ́ЕК,

адносна вузкая паласа сушы, якая злучае паміж сабой больш значныя яе часткі, напр., 2 мацерыкі (Панамскі П., Суэцкі П.), мацярык з паўвостравам (Перакопскі П.) ці раздзяляюць 2 вадаёмы (Карэльскі П.).

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛКА,

лёгкая шапачка без аколышка, з мяккага матэрыялу, якая шчыльна прылягае да галавы. У Польшчы, Беларусі і Украіне Я. здаўна называюць падобны на яе традыц. яўрэйскі галаўны ўбор кіпу.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТ

Беларусь размешчана ва ўмераным поясе на шляху зах. паветр. мас з Атлантыкі. Яе клімат умерана-кантынентальны — пераходны ад марскога да кантынентальнага, фарміруецца ў выніку складанага ўзаемадзеяння сонечнай радыяцыі, цыркуляцыі атмасферы, вільгацезвароту і подсцільнай паверхні.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],

полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн. Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус. правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).

Літ.:

Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;

Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;

Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў.

Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)