БАРБЕ́С (Barbés) Арман (18.9.1809, г. Пуэнт-а-Пітр, в-аў Гвадэлупа — 26.6.1870),
французскі рэвалюцыянер. Член тайных арг-цый «Таварыства сем’яў» і «Таварыства пор года». За ўдзел у няўдалым паўстанні 12.5.1839 арыштаваны і засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Вызвалены ў час рэвалюцыі 1848, абраны дэпутатам ад левых рэспубліканцаў. За ўдзел у дэманстрацыі 15.5.1848 супраць рэакц. палітыкі Устаноўчага сходу і стварэнне рэв. ўрада зноў засуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1854 амнісціраваны Напалеонам III, эмігрыраваў у Бельгію.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц. т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Л.А.Лобан.
т. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З КУЛЬТУ́РНЫХ І ГАСПАДА́РЧЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ, Цэнтрасаюз,
грамадска-паліт. арг-цыя бел. нац. руху правацэнтрысцкага кірунку ў Зах. Беларусі. Створаны ў сярэдзіне 1930 у сувязі з выбарамі ў польскі сейм. Цэнтр. друкаваны орган — газ. «Беларускі звон». Стварэнне Цэнтрасаюза азначала раскол у бел. нац.-вызв. руху, які адбыўся ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі «санацыйнага рэжыму» і распачатых рэпрэсій палітычных супраць бел. інтэлігенцыі ў БССР, а таксама курсу КПЗБ на фарсіраванне рэв. працэсу ў краі. Лідэры саюза Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, Ф.Акінчыц, Я.Станкевіч лічылі адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця пошук кампрамісаў з урадам Ю.Пілсудскага. Пад арганізац. уплывам Цэнтрасаюза знаходзіліся Таварыства беларускай асветы, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, інш. культ.-асв. т-вы і суполкі. Правал Цэнтрасаюза на выбарах у польскі сейм у ліст. 1930, узмацненне пазіцыйных рознагалоссяў прывялі да яго расколу ў пач. 1934.
У.Ф.Ладысеў.
т. 17, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,
культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кош (таварыства казакоў) 9/500
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паявыя таварыствы, гл. Акцыянернае таварыства
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТБШ, гл. Таварыства беларускай школы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ПРАЦВІТА́ННЯ,
«Саюз дабрабыту», тайная арганізацыя дзекабрыстаў у 1818—21. Засн. на базе «Саюза выратавання». Уваходзілі А.М. і М.М. Мураўёвы, С.І. і М.І. Мураўёвы-Апосталы, П.І.Песцель, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін і інш. Заканадаўчая ўлада ў «С.п.» належала Карэннай управе (30 заснавальнікаў), выканаўчая — Думе (6 чал.), мясц. ўправы існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Тульчыне, Кішынёве і інш. Мэта «С.п.» — ліквідаваць самадзяржаўе, прыгонніцтва, увесці канстытуц. праўленне. Чл. саюза праз друк і літ.-асветныя т-вы ўздзейнічалі на грамадскую думку. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва, неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да яго роспуску. Найб. актыўныя члены арганізавалі «Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў» і «Паўночнае таварыства дзекабрыстаў».
т. 14, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕЛЯНІ́Н»,
таварыства памешчыкаў, заможных сялян, чыноўнікаў царскай адміністрацыі, правасл. духавенства кансерватыўна-манархічнага кірунку ў пач. 20 ст. Узнікла ў 1905 у Вільні. Кіраўнікі — мясц. манархісты С.Кавалюк, П.Каранкевіч, А.Пшчолка, Л.Саланевіч, А.Уруцэвіч. Абараняла інтарэсы царскага самаўладдзя на Беларусі, выступала супраць бел. нац.-вызв. руху, газ. «Наша ніва», не прызнавала права беларусаў на самавызначэнне і стварэнне нац. дзяржаўнасці, лічыла Беларусь неад’емнай часткай Рас. імперыі. З 1906 уваходзіла ў «Рускі ўскраінны саюз». Пасля расколу т-ва ў 1908 створана псеўдабел. арг-цыя «Беларускае таварыства» на чале з Саланевічам. У 1906—15 выдавала час. «Крестьянин». Спыніла сваю дзейнасць восенню 1915.
У.М.Міхнюк.
т. 14, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВО́ВЫ КАПІТА́Л,
частка сродкаў акцыянернага таварыства, што ствараецца за кошт штогодніх адлічэнняў ад прыбытку. Выкарыстоўваецца для аплаты выдаткаў, папаўнення асн. капіталу, выплаты дывідэндаў пры недастатковым прыбытку.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)