СІТАПАДО́БНЫЯ ТРУ́БКІ,

праводныя элементы лубу. (флаэмы) голанасенных і кветкавых раслін. Утвараюцца з пракамбію і камбію. У кветкавых раслін С.т. — аднарадныя цяжы злучаных канцамі цыліндрычных жывых бяз’ядзерных клетак. Іх характэрная асаблівасць — папярочныя перагародкі паміж клеткамі-членікамі, якія маюць шматлікія навылётныя адтуліны (перфарацыі), што нагадваюць сіта (адсюль назва). Праз іх па ўсёй сістэме С.т. злучаецца пратаплазма клетак і праходзяць растворы, багатыя арган. рэчывамі. Да С.т. прымыкаюць функцыянальна і генетычна звязаныя з імі жывыя суправаджальныя клеткі. У голанасенных раслін перфарацыі рассеяны на бакавых сценках моцна выцягнутых і звостраных на канцах клетак-членікаў, якія пазбаўлены суправаджальных клетак і маюць ядры. У большасці раслін С.т. функцыянуюць 1 год, у вінаграду — 2, ліпы — некалькі, некат. пальм — дзесяткі гадоў.

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГАМІ́Я (ад апа... + ...гамія),

апагаметыя, адна з формаў бясполага размнажэння (апаміксісу) у вышэйшых раслін. Пры апагаміі зародак утвараецца з клетак зарастка (у папарацяў) або зародкавага мяшка (у кветкавых раслін). Трапляецца рэдка (напр., у трыпутніка ланцэталістага).

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Агюстэн Пірам) (4.2.1778, г. Жэнева, Швейцарыя — 9.9.1841),

швейцарскі батанік; заснавальнік параўнальнай марфалогіі раслін. Замежны ганаровы чл. (1835) Пецярб. АН. Бацька А.Дэкандоля. Вучань Ж.Кюўе і Ж.Б.Ламарка. Праф. ун-таў у Парыжы (з 1802), Манпелье (з 1808), Жэневе (з 1816), дзе заснаваў бат. сад і «Гербарый Д.». Распрацаваў адну з першых натуральных сістэм раслін (1835); аўтар працы «Увядзенне ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 1—17, 1824—39), якую завяршыў яго сын.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЕЦ ((Nĕmec) Богуміл) (12.3.1873, Прасек, паблізу г. Нові-Біджаў, Чэхія — 7.4.1966),

чэшскі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. цыталогіі раслін. Акад. Чэшскай АН (1918). Ганаровы член с.-г. АН у Стакгольме. Скончыў Пражскі ун-т (1895), працаваў у ім. У 1901—38 дырэктар Ін-та анатоміі і фізіялогіі раслін Пражскага ун-та. Навук. працы па ўплыве розных фактараў на дзяленне клетак, поліплаідыі, трапізмах, фізіялогіі росту і апладненні ў раслін, міка- і фітапаталогіі, гісторыі батанікі.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГГЕМАГЛАБІ́Н, легаглабін,

складаны бялок — гемапратэід. Гем малекулы Л. сінтэзуюцца клубеньчыкавымі бактэрыямі, што жывуць у сімбіёзе з бабовымі раслінамі, а бялковая частка (глабін) — клеткамі раслін. Надае чырв. афарбоўку каранёвым клубеньчыкам бабовых раслін, якія актыўна фіксуюць атмасферны азот.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФЕ́ФЕР ((Pfeffer) Вільгельм Фрыдрых Філіп) (9.3.1845, г. Грэбенштайн, Германія — 31.1.1920),

нямецкі батанік і фізіёлаг раслін. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1865). Праф. Бонскага (1873), Цюбінгенскага (1878) і Лейпцыгскага (1887) ун-таў. Навук. працы па геаграфіі, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін. Паказаў ролю осмасу ў паглынанні, перамяшчэнні, выпарэнні вады ў раслін, іх мінер. жыўленні; заклаў асновы мембраннай тэорыі клетачнай пранікальнасці. Даследаваў дыханне, энергетыку фотасінтэзу, азотны абмен, фізіялогію раздражняльнасці і механіку руху лісця і кветак. Адкрыў станоўчы хематаксіс у гамет папарацяў.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНХАСПАРЫЁЗ, аблямаваная плямістасць,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рынхаспорый. Пашкоджвае ячмень, азімае жыта, пырнік паўзучы, цімафееўку лугавую, райграсы, каласнец безасцюковы, купкоўку зборную і інш. Праяўляецца ў выглядзе авальных або няправільнай формы шэра-зялёных з цёмна-бурай аблямоўкай плям на лісці і лісцевых похвах раслін, у халаднаватае дажджлівае лета — і на зерні. У хворых раслін памяншаецца асіміляцыйная паверхня лісця, парушаецца водны баланс, зніжаецца ўраджай і пагаршаецца яго якасць. У гады пашырэння Р. недабор зерня дасягае 15%.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЛІФЛО́РЫЯ [грэч. kaulos сцябло, ствол + лац. flos (floris) кветка],

развіццё кветак і суквеццяў непасрэдна на ствале і буйных бязлістых галінах (са спячых пупышак). Характэрна для трапічных раслін (какава, фікусы, хурма, хлебнае дрэва), з раслін умеранага клімату — у воўчага лыка.

т. 8, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія шматразова цвітуць і пладаносяць на працягу жыцця. Да П.р. належаць усе голанасенныя і большасць пакрытанасенных раслін. У флоры Беларусі П.р. — усе дрэвы і кусты, а таксама большасць травяністых шматгадовых раслін. Гл. таксама Монакарпічныя расліны.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),

расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад. АН СССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Дз.М.Пранішнікаў.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)