ПРАМЯНЁВЫЯ ПАШКО́ДЖАННІ,

паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамянення пры мясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.

Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́СНІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура сярэдняга перыяду бронзавага веку (15—9 ст. да н.э.) у бас. Верхняга Дняпра, Ніжняй Прыпяці і Дзясны; сосніцкі варыянт усходнетшцінецкай культуры. Назва ад г.п. Сосніца ў Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Вылучана ў самаст. культуру ў 1961 І.​І.​Арцёменкам. Паселішчы С.к. размяшчаліся на поймавых узвышшах, мысах, астанцах і па краях тэрас. Жытлы наземныя ці заглыбленыя ў зямлю, слупавой канструкцыі, часцей з жылым і гасп. памяшканнямі, з печамі, адкрытымі агнішчамі і гасп. ямамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне, адпаведна ў грунтавых і курганных могільніках. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, а таксама бронзаліцейнай вытворчасцю. Сярод посуду пераважаюць гаршкі, міскі, слоікападобныя пасудзіны. Арнамент складаўся з адбіткаў шнура, зубчастага штампа, перавітай вяровачкі, ружанцовага ўзору, перакрэсленых ліній, наляпаных валікаў. Вырабы з бронзы прадстаўлены нажамі, кельтамі, долатамі, наканечнікамі дзідаў, упрыгожаннямі. На Беларусі матэрыялы С.к. выяўлены на помніках Мохаў Лоеўскага р-на і Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДЗЕ́БНІК 1550, «Царскі судзебнік», юрыдычны дакумент Расіі перыяду саслоўнай манархіі, які садзейнічаў ліквідацыі феад. раздробленасці ў дзяржаве, хаця шэраг яго норм меў кампрамісны характар. Зацверджаны, на думку вучоных, першым на Русі Земскім саборам у 1550. Падставай для яго прыняцця паслужыла неабходнасць кансалідацыі сіл феадалаў для задушэння нар. паўстанняў, абмежавання баярскага самавольства ў судзе і ў кіраванні. Грунтуючыся на Судзебніку 1497, а таксама на сумесных рашэннях Івана IV Грознага, баяр і вышэйшага духавенства, С. 1550 скасаваў суд. прывілеі ўдзельных князёў і ўзмацніў ролю цэнтр. дзярж. суд. органаў, устанавіў парадак падачы і разгляду скаргаў на намеснікаў, што забяспечвала кантроль над імі з боку памеснага дваранства і падрыхтоўвала скасаванне сістэмы «кармлення». Упершыню ў гісторыі Расіі закон быў абвешчаны адзінай крыніцай права. С 1550 адлюстроўваў палітыку далейшага запрыгоньвання сялянства, падрабязна вызначыў становішча кабальных халопаў, удакладніў парадак выплаты пажылога, увёў новую пошліну «за павоз», пацвердзіў Юр’еў дзень.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1927 у г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну экспанаты загінулі, у 1949 засн. паўторна, у 1950 адкрыты. У 1954—56 філіял Гомельскага абл. краязн. музея. Пл. экспазіцыі 328 м², 9,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Аддзелы: гісторыі стараж. Турава, этнаграфіі і побыту, Вял. Айч. вайны, гісторыі сучаснага перыяду, прыроды. Сярод экспанатаў крамянёвыя, касцяныя прылады працы, шкляныя бранзалеты з археал. помнікаў Вароніна, Рычоў, Хільчыцы і інш., шыферны саркафаг са стараж. Турава, матэрыялы пра дзейнасць Тураўскага камсамольска-маладзёжнага падполля, партызан, пра землякоў Герояў Сав. Саюза; нар. адзенне давыд-гарадоцка-тураўскага строю і турава-мазырскага строю, прылады працы і побыту сялян канца 19 — пач. 20 ст., узоры флоры і фауны нац. парку Прыпяцкі, карысных выкапняў рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, бел. нар. адзення, пра падзеі Вял. Айч. вайны.

В.​Р.​Марынкіна.

т. 16, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦКЕ́ВІЧ Анатоль Фёдаравіч (21.9.1925, в. Вуглы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 2.4.1993),

бел. філосаф і сацыёлаг. Д-р філас. н. (1973), праф. (1974). Бацька С.А.Яцкевіча. Скончыў БДУ (1951). З 1952 у Баранавіцкім настаўніцкім ін-це. З 1955 у Брэсцкім ун-це (у 1963—67 прарэктар). З 1967 у Брэсцкім тэхн. ун-це (у 1969—93 заг. кафедры). Навук. працы па сац. філасофіі, тэарэт. сацыялогіі, праблемах сац. развіцця, структуры і сацыякульт. працэсаў. Удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі дэтэрмінацыі сац. працэсаў у грамадствах пераходнага перыяду. У Брэсце штогод (з 2000) праводзяцца міжнар. навук. канферэнцыі, прысвечаныя яго памяці, выдаюцца зборнікі матэрыялаў.

Тв.:

Октябрьская революция и экономические законы. Мн., 1969;

Ленинизм и законы общества: Филос.-социол. очерк о механизмах проявления общеэкон. законов. Мн., 1971;

Диалектика объективного и субъективного в проявлении законов общества. Мн., 1982;

Нацыянальная самасвядомасць, культура, мова. Брэст, 2000;

Философия. 5 изд. Мн., 2002 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯНО́ЦІРА»

(«Menotyra» «Мастацтвазнаўства»),

літоўскі навук. ілюстраваны часопіс. Выдаецца ў Вільнюсе з 1995 на літ. мове 4 разы на год Літ. АН. Асвятляе праблемы развіцця літ. мастацтва старажытнасці і сучаснасці, нац. спецыфіку літ. маст. культуры, сувязі прафес. мастацтва Літвы з інш. краінамі, асаблівасці розных маст. стыляў і інш. Змяшчае артыкулы па архітэктуры і мастацтве ВКЛ, Літвы, Беларусі: «Віленскі ліцейны цэх волава XVI—XIX стст.» Р.​Індрулайцітэ (1996), «Агляд гісторыі кунтушавых паясоў» (1996) і «Гродзенская каралеўская шаўковая мануфактура і яе кунтушавыя паясы» (1997) Г.​Марцінайцене, «Вопіс рэчаў Любчанскай кунсткамеры 1647 г.» (1996), «Рэестр уласнасці Януша Радзівіла (1579—1620), складзены ў Койданаве ў 1627 годзе» (1999) і «Хрыстафор Радзівіл (1585—1640) — заказчык жывапісу» (2001) А.​Палюшытэ, «Літоўская арганная музыка XVII ст. ў манускрыпце Сапег» Ю.​Трылупайцене (2000), «Аб неапублікаваных тэатральных працах віленскага перыяду Станіслава Манюшкі» В.​Бакуцітэ (2002) і інш.; рэзюме на англ. мове.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),

мезазой

[ад мез(а)... + грэч. zōe жыццё],

другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.​Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).

У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл. Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч. Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.

Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на Пд Усх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.

На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр. ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах. ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

— адзін з самых развітых, рэпрэзентатыўных відаў вусна-паэт. творчасці народа. Яна суправаджала духоўнае жыццё і працу земляроба на працягу ўсяго года. Сімвалічныя паводле сэнсу каляндарныя абрады, песні, прыкметы і павер’і з’яўляліся своеасаблівымі каардынатамі жыцця традыцыйнага грамадства, яго працоўнай дзейнасці. У каляндарна-абрадавым фальклоры арганічна ўвасоблены светапогляд народа, яго маральна-этычныя ідэалы, менталітэт. Генетычныя вытокі каляндарна-абрадавай творчасці ў перыядзе індаеўрапейскай супольнасці і часткова неаліце. Назіранні стараж. чалавека за гадавым кругаваротам у прыродзе склаліся ў сістэму міфапаэтычных поглядаў, якія ўвасобіліся ў абрады, рытуалы і песні. Фарміраваўся бел. абрадавы фальклор ужо на ўзроўні этнаплемянной культуры. За час станаўлення бел. народнасці ён дасягнуў вяршыні свайго развіцця. Каляндарна-абрадавая паэзія ў залежнасці ад сезонных перыядаў падзяляецца на веснавы, летні, восеньскі і зімовы цыклы.

Веснавы цыкл пачынаўся абрадамі, песнямі і ігрышчамі т.зв. сырнага тыдня з яго магічнай мэтавай устаноўкай праводзін зімы і набліжэння вясны. Рытуалы і вербальнае суправаджэнне Масленіцы характарызавалася дынамічнасцю, песенныя мелодыі сведчылі пра прыналежнасць фалькл.-этнагр. комплексу масленічнага тыдня да веснавога цыкла. Асобную разнавіднасць веснавой абраднасці і песеннай культуры складалі магічныя абрады і песні заклікання вясны, песні-заклічкі (вяснянкі). Вяршыня паэт. культуры беларусаў у веснавым цыкле — песні валачобнікаў. Асаблівасць веснавога каляндарнага перыяду — песні і абрады веснавой талакі. Да гэтага цыкла належаць юраўскія абрады і песні, функцыянальна скіраваныя на захаванне статка ад памору і драпежных звяроў, а таксама на забеспячэнне ўрадлівасці нівы; куставыя і русальныя абрады з іх песнямі. Культ расліннасці і культ продкаў, каханне і шлюб, узаемаадносіны нявесткі і свекрыві — асноўныя матывы траецкіх (сёмушных) песень, якія завяршалі веснавы цыкл.

Летні цыкл каляндарнага фальклору адлюстраваў клопат пра захаванне ўраджаю. Сярод нар. паэзіі гэтага перыяду вылучаецца этапны ў гадавым кругавароце абрад Купалля і яго песні, што функцыяльнальна былі скіраваны на магічную ахову палеткаў і гаспадаркі ад ірацыянальных сіл, перадавалі радасць моладзі з выпадку свята ў гонар летняга сонцастаяння, росквіту жыватворных сіл зямлі. Многія песні Купалля мелі гумарыстычную афарбоўку. У пятроўскіх песнях паэтычна ўвасоблены вобразы закаханых, прыгажосць прыроды. Тэматычна разнастайныя жніўныя песні, якія ўслаўлялі жней, поле, багаты ўраджай; перадавалі атмасферу цяжкай працы, сац. ўзаемаадносіны. Да летняга перыяду адносяцца таксама працоўна-магічныя паводле функцыянальнасці абрады пакрывання поля, зажынак, дажынак. Паэтычна-вобразным багаццем вылучыліся песні жніўнай талакі, дажынкавыя песні.

Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі ўключае ярынныя песні, або «яравое жніво», якія спявалі пры ўборцы яравых, ільняныя і канапляныя песні. Невялікая група паэт.-музычных твораў выконвалася пры збіранні ягад, грыбоў, арэхаў. У часавых рамках восеньскай каляндарнай лірыкі развілася нізка песень праводзін навабранцаў у войска.

Зімовы цыкл пачынаўся піліпаўскімі песнямі, што суправаджалі калектыўнае прадзіва. Ядро цыкла склалі аграрныя абрады Каляд і іх песні, якія былі закліканы прэвентыўна садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў гаспадарцы. Асноўнае месца сярод песень каляднай абраднасці займалі калядкі і шчадроўкі. Вечарам першага дня Каляд абрадавыя гурты хлопцаў і мужчын выконвалі вітальна-віншавальныя песні-калядкі. У навагоднюю ноч (на шчадрэц) гурты пераважна дзяўчат і жанчын рабілі абрадавыя абыходы двароў са спяваннем рытуальных песень-шчадровак.

Фалькл.-этнагр. комплексы ўсіх каляндарна-абрадавых цыклаў уключалі таксама рытуалы памінання продкаў. Жанравая сістэма бел. каляндарна-абрадавага фальклору налічвае больш за 25 песенных разнавіднасцей; яна выдатна распрацавана, добра захавалася. Асобныя жанравыя падвіды абрадавай паэзіі існуюць і ў наш час. Іншыя набылі рэкрэацыйную форму ўжытку. Выйшлі тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Жніўныя песні» (1974, укладальнікі А.​Ліс, В.​Ялатаў), «Зімовыя песні. Калядкі і шчадроўкі» (1975, укладальнікі А.​Гурскі, З.​Мажэйка), «Веснавыя песні» (1979 і «Валачобныя песні» (1980, укладальнікі абодвух Г.​Барташэвіч, Л.​Салавей, В.​Ялатаў), «Восеньскія і талочныя песні» (1981, укладальнікі А.​Ліс, С.​Асташэвіч, В.​Ялатаў), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985, укладальнікі А.​Ліс, С.​Асташэвіч, Г.​Таўлай).

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 2, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДУ́ЛЯ Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1985—89.

Літ.:

Каваленка В. Пошукі і здзяйсненні. Мн., 1963;

Навуменка І.Я. Змітрок Бядуля. Мн., 1995.

З.Бядуля.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАКЛІ́МАТЫ (ад палеа... + клімат),

кліматы мінулых геал. эпох. Рэканструкцыю іх ажыццяўляюць паводле розных ускосных прыкмет: рэчыўнага складу і тэкстурных асаблівасцей асадкавых горных парод, выкапнёвых рэшткаў флоры і фауны, адбіткаў гадавых кольцаў дрэў, суадносін хім. элементаў і ізатопаў кіслароду ў ракавінах выкапнёвых арганізмаў, рэжыму ўвільгатнення, становішча геагр. шырот у мінулым і інш.

Змены кліматычных паказчыкаў у значнай ступені залежаць ад трансгрэсіі мораў, размеркавання сушы і мора, працэсаў гораўтварэння, размяшчэння тэрыторыі ў пэўных шыротах (у сувязі з рухам кантынентальных пліт), змены ледавіковага покрыва, вышыні над узроўнем мора, напрамку акіянічных цячэнняў, складу атмасферы, характару занальнасці і інш. Вывад аб характары П. грунтуецца на параўнанні кліматычных паказчыкаў мінулага з іх сучаснымі аналагамі. Найб. надзейныя вынікі даюць рэканструкцыі, заснаваныя на комплексным метадзе даследавання, Вывучае П. палеакліматалогія.

Для тэр. Беларусі на працягу большай ч. геал. часу было характэрна панаванне гарачага субтрапічнага клімату. У археі клімат быў гарачы і засушлівы. У познім рыфеі, калі частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займаў мелкаводны марскі басейн, клімат быў цёплы і сухі. У пач. венду наступіла моцнае пахаладанне і ўся яе тэрыторыя была ўкрыта магутнымі льдамі покрыўнага зледзянення, пасля якога зноў пацяплела. Цёплы і вільготны клімат быў у палеазойскай эры, сухі — на працягу большай ч. дэвону і пермі, пераважна вільготны — у кембрыі, ардовіку, сілуры і карбоне, цёплы (у 1-й палавіне сухі, у 2-й — вільготны) — у мезазойскай эры. У кайназойскай эры паступовае пахаладанне прывяло да магутных зледзяненняў у антрапагене. У пач. і сярэдзіне палеагену Пд Беларусі быў у зоне субтрапічнага клімату, на Пн клімат быў блізкі да ўмеранага; у сярэдзіне перыяду пачалося пахаладанне, якое працягвалася і ў неагене. У антрапагенавым перыядзе характэрна чаргаванне значных пахаладанняў і перыядаў развіцця ледавіковых покрываў (гл. Ледавікі) з міжледавікоўем, калі клімат станавіўся блізкім да сучаснага або больш цёплым. Найб. вывучаны П. антрапагенавага перыяду. Мінім. па сваіх памерах апошняе (паазерскае) зледзяненне адзначалася найб. пашырэннем холаду, узнікненнем шматгадовай мерзлаты, макс. замярзаннем акіянаў. Пасля яго раставання, каля 10 тыс. г. назад, пачаўся пасляледавіковы (галацэнавы) час з макс. пацяпленнем у атлантычны перыяд (5—8 тыс. г. назад), калі сярэднегадавыя т-ры паветра былі на 1,5—2 °C вышэй за сучасныя.

Я.​К.​Яловічава.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)