РАССЯЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н І ЖЫВЁЛ,

распаўсюджванне арганізмаў за межы відавога арэала і натуралізацыя на новых месцах; сродак захопу новых тэрыторый або тых, што вызваліліся ад інш. арганізмаў, і ўстанаўлення збалансаванай разнастайнасці пэўнага біягеацэнозу, адзін з фактараў, які садзейнічае патоку генаў і відаўтварэнню. Існуе таксама штучнае рассяленне віду, якое ўключае акліматызацыю і рэакліматызацыю; з’яўляецца эфектыўным прыёмам барацьбы з непажаданай інтрадукцыяй раслін або жывёл; карыснае мерапрыемства для дзічынаразвядзення.

Адрозніваюць рассяленне актыўнае (аўтахарыя) і пасіўнае (алахарыя). Вылучаюць 3 яго тыпы: эміграцыя (высяленне з займаемай займанай тэр.), іміграцыя (усяленне на ўжо занятую папуляцыяй тэр. новых асобін) і міграцыя (перыядычнае пакіданне і вяртанне на пэўную тэр.). Спалучэнне дзеяння сродкаў рассялення і перашкод вызначае тэмп рассялення арганізмаў. У раслін рассяленне залежыць ад колькасці жыццяздольных зачаткаў, сродкаў рассялення, магчымасцей натуралізацыі. Бывае паступовым (у прыродных умовах пераважае) і скачкападобным (адразу на вял. адлегласць). Асн. фактары рассялення: паветраныя плыні — ветры, узыходныя токі паветра (анемахарыя), воды сушы (гідрахарыя), марскія цячэнні; жывёлы (зоахарыя); дзейнасць чалавека (антрапахарыя). Абмяжоўваецца геагр. (моры, пралівы, горы і інш.), экалагічнымі (неадпаведнасць кліматычных і інш. абіятычных і біятычных умоў прыродзе віду) і біял. (канкурэнцыя інш. відаў) фактарамі. У. жывёл рассяленне звычайна звязана са змяненнем абіятычных і біятычных умоў навакольнага асяроддзя і колькасці жывёл. Залежыць ад стану папуляцыі пэўнага віду, павелічэння яго колькасці (павелічэнне шчыльнасці папуляцыі).

Літ.:

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;

Воронов АГ, Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІЁТЫКА (грэч. sēmeiōtikon ад sēmeion знак, адзнака),

семіялогія, навука, што вывучае ўласцівасці знакавых сістэм ці знакаў, кожнаму з якіх пэўным чынам надаецца пэўнае значэнне. Даследуе асн. характарыстыкі любых знакаў і іх спалучэнняў (слоў і словазлучэнняў, метафар паэт. моў, хім. і матэм. сімвалаў) і сістэм знакаў (вусных і пісьмовых натуральных моў, штучных лагічных і машынных моў, моў паэт. школ і інш.).

Асн. прынцыпы С. сфармуляваны ў 2-й пал. 19 ст. амер. логікам Ч.​Пірсам і швейцарскім лінгвістам Ф. дэ Сасюрам (разглядаў мовазнаўства як частку С.). У сучаснай С. вылучаюць З састаўныя часткі: сінтактыку (вывучае адносіны паміж самімі знакамі), семантыку (разглядае заканамернасці адносін паміж знакам і яго сэнсам) і прагматыку (даследуе адносіны паміж знакамі і тымі, хто іх выкарыстоўвае). С., што ўзнікла як лагічная навука, паўплывала на развіццё не толькі мовазнаўства, але стала агульным метадам для шэрагу даследаванняў у мастацтвазнаўстве, літ.-знаўстве і агульнай тэорыі культуры. Універсальнасць семіятычнага падыходу заснавана на тым, што па сутнасці ўся інфармацыя, якую набывае чалавек на працягу жыцця (у выніку практычнай дзейнасці, засваення мовы і г.д.) і якая складае асн. змест яго разумення, уяўляе сабой адлюстравальна-знакавую сістэму.

Літ.:

Мартынов В.В. Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн., 1966;

Яго ж. Семиологические основы информатики. Мн., 1974;

Яго ж. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Степанов Ю.С. Семиотика. М., 1971;

Лосев А.Ф. Знак. Символ. Миф. М., 1982;

Семиотика. М., 1983.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.5.1944, пас. Герой Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1965). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1973 у Гомельскім ун-це (з 1979 заг. кафедры, у 1990—96 прарэктар). Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы гіратропных і хіральных асяроддзяў, тэорыі гравітацыі. Устараніў супярэчнасці, што існавалі ў тэорыях натуральнай гіратрапіі, правёў узгадненне электрадынамічных ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі і законамі захавання, устанавіў узаемасувязь паміж рознымі спосабамі фенаменалагічнага апісання гіратрапіі. Пабудаваў самаўзгодненую тэорыю выпрамянення, распаўсюджвання, адбіцця, паглынання, рассеяння і нелінейнага ўзаемадзеяння хваль у хіральных асяроддзях. Разам з інш. выказаў ідэю гіратропнай (спінавай) палярызавальнасці элементарных часціц, даследаваў магчымасці выкарыстання прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці ў скалярнай мадэлі гравітацыйнага поля.

Тв.:

К феноменологической теории естественной оптической активности (разам з Б.​В.​Бокуцем) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1971. Т. 61, №5;

Основы теоретической кристаллооптики. Ч. 1—3. Гомель, 1977—78 (з ім жа);

К вопросу о поляризуемости и гирации элемент. частиц в полевой теории (разам з Л.​Р.​Марозам, М.​В.​Максіменкам) // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элемент. частиц и теория относительности. Мн., 1981;

Electromagnetics of bi-anisotropic materials: Theory and applications. Amsterdam, 2001 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

А.М.Сердзюкоў.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХІ́МІЯ (ад бія... + хімія),

біялагічная хімія, навука, якая вывучае хім. састаў арганізмаў і хім. працэсы, звязаныя з іх жыццядзейнасцю. Адрозніваюць статычную біяхімію, якая займаецца пераважна аналізам хім. саставу арганізмаў і цесна ўзаемазвязана з біяарганічнай хіміяй і малекулярнай біялогіяй, дынамічную біяхімію, што даследуе працэсы ператварэння рэчываў у арганізме, і функцыянальную біяхімію, якая высвятляе сувязь паміж хім. ператварэннямі малекул і функцыяй клеткі ці органа (механізмы сакрэцыі, мышачнае скарачэнне, перадача спадчынных уласцівасцяў і інш.), а таксама механізмы рэгуляцыі працэсаў жыццядзейнасці. Паводле аб’ектаў даследавання адрозніваюць біяхімію мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека. Шэраг раздзелаў біяхіміі вылучаюць у асобныя навук. дысцыпліны: біяхімія вітамінаў, гармонаў, клінічная біяхімія і інш. Асобна ідуць параўнальная і эвалюцыйная біяхімія, якія займаюцца вывучэннем узаемасувязі паміж рознымі жывымі арганізмамі на малекулярным узроўні.

Як асобная навука біяхімія сфарміравалася ў 19 ст. Гісторыя развіцця біяхіміі бярэ пачатак ад аграхімікаў (ням. ўрач і прыродазнавец Парацэльс, 16 ст., і інш.), якія разглядалі жыццядзейнасць чалавека з пазіцый хіміі, увялі ў практыку лячэння шэраг хім. прэпаратаў. У пач. 19 ст. праведзены даследаванні па вывучэнні хім. саставу раслінных і жывёльных клетак, у 1828 сінтэзавана мачавіна (ням. хімік Ф.​Вёлер), у 1842 у Германіі выдадзены першы падручнік па біяхіміі (І.​Зіман). Ва ун-тах Еўропы, Расіі (Казань, А.Я.Данілеўскі, 1863) адкрыты кафедры біяхіміі. У 2-й пал. 19 ст. назапашаны некаторыя звесткі пра састаў і хім. пераўтварэнні бялкоў, тлушчу і вугляводаў, працэс браджэння (ням. вучоныя Ю.​Лібіх, Э.Бухнер, франц. Л.Пастэр), фотасінтэз (К.А.Ціміразеў). Вял. ўклад у развіццё біяхіміі ў Расіі зрабілі М.​В.​Ненцкі, адзін з заснавальнікаў тэорыі біясінтэзу мачавіны ў арганізме млекакормячых, Я.​С.​Лондан (распрацаваў метады ангіястаміі і арганастаміі для прыжыццёвага даследавання абменных працэсаў на цэлым арганізме), У.І.Паладзін і Дз.​М.​Пранішнікаў (вывучалі абмен азоту ў раслінах), А.​М.​Бах (заснавальнік школы рус. біяхімікаў; даследаваў хімізм фотасінтэзу і акісляльныя працэсы ў клетцы) і інш.

На Беларусі біяхім. даследаванні праводзяцца з канца 19 ст. Цяпер вядуцца ў біял. ін-тах АН Беларусі, НДІ мед. і с.-г. профілю, на адпаведных кафедрах і ў навук. цэнтрах ВНУ. Найб. вядомы працы па біяхіміі фотасінтэзу (Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, А.С.Вечар), глебавых ферментаў (В.Ф.Купрэвіч), біяхіміі мікраэлементаў (В.​А.​Лявонаў, Ф.​Я.​Беранштэйн), вітамінаў (Ю.М.Астроўскі), біяхіміі біял. мембранаў (С.В.Конеў), па патахіміі (М.Ф.Меражынскі), біяхіміі апрамененага арганізма (Л.С.Чаркасава). Даследуюцца біяхім. працэсы ў тканках, асобныя праблемы тэхн. біяхіміі, малекулярнай біяхіміі, біяэнергетыкі; вывучаюцца лакалізацыя і ператварэнне рэчываў у клетках і тканках, сувязь паміж будовай біяпалімераў і інш. біялагічна актыўных прыродных злучэнняў з іх функцыямі. Патрабуюць вырашэння праблемы: вывучэнне малекулярных асноў злаякаснага росту, імунітэту, малекулярных механізмаў памяці, асноў рацыянальнага харчавання чалавека і жывёл, малекулярных асноў спадчынных і саматычных захворванняў чалавека, арганізацыі і механізмаў дзейнасці генома, прынцыпаў біял. пазнавання, структуры і функцыі біял. мембранаў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1981;

Кретович В.Л. Очерки по истории биохимии в СССР. М., 1984;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Биохимия человека. Т. 1—2. М., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,

выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.

Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.

Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).

Літ.:

Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;

Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.

А.​Г.​Раковіч.

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

аб’екты расліннасці і флоры, якія маюць навук., культ.-пазнавальную, гіст., эстэт. каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. На Беларусі каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэсп. значэння: старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі (гл. адпаведныя артыкулы), Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі р-н), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі р-н) і інш.; каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі р-н), Вепрынская (Чэрыкаўскі р-н) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі р-н) дубровы і інш.; насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі р-н) і Ліноўскі (Пружанскі р-н) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі р-н) і інш.; раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асн. вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі р-н), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., а таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі р-н), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі р-н) і інш.; дрэвы мясц. парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гіст. падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50). Гл. таксама Дрэвы-помнікі.

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Охрана важнейших ботанических объектов Украины, Белоруссии, Молдавии. Киев, 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Батанічныя помнікі прыроды: дуб пірамідальны (1) і змеепадобныя елкі (2) у Брэсце, дуб-волат (3) у Буда-Кашалёўскім раёне.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГАЛО́ГІЯ (ад лац. alga водарасць + ...логія),

фікалогія, раздзел батанікі, які вывучае водарасці.

Станаўленне альгалогіі як навукі звязана з працамі замежных вучоных 19 ст. (англ. Дж.​Стакхаўс і Д.​Тэрнер, амер. У.​Г.​Харві, швед. К.​А.​Агард і Й.​Г.​Агард, ням. Ф.​Т.​Кютцынг і інш.), якія заклалі асновы таксанаміі і сістэматыкі водарасцяў. Развіццю сучаснай альгалогіі садзейнічалі працы рус. альголагаў Л.​С.​Цанкоўскага, Х.​Я.​Габі, І.​М.​Гаражанкіна, А.​А.​Яленкіна, М.​М.​Вараніхіна, У.​М.​Арнольдзі, К.​І.​Меера, на Беларусі — М.​М.​Гайдукова, В.​Д.​Акімавай, Н.​І.​Срэценскай, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​М.​Міхеевай, Л.​В.​Прасянік і інш.

У рэспубліцы н.-д. работа вядзецца ў БДУ і ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, фотабіялогіі, геалогіі), БелрыбНДІпраекце. Вывучаюцца якасны склад водарасцяў розных экалагічных груповак, колькаснае развіццё пераважна фітапланктону ў штучных і прыродных вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках, даследуюцца праблемы фарміравання першаснай прадукцыі фітапланктону ў вадаёмах, у т. л. забруджаных, вызначаецца яго роля пры эўтрафаванні водаў і ў іх самаачышчэнні, даследуюцца водарасці перыфітону з пункту гледжання іх ролі ў працэсах самаачышчэння водных экасістэм ад радыенуклідаў, вядзецца лабараторнае культываванне некаторых водарасцяў. Альгалогія цесна ўзаемадзейнічае з экалогіяй. Даныя альгалогіі выкарыстоўваюцца пры ачыстцы бытавых, прамысл., сцёкавых водаў, у рыбнай і сельскай гаспадарках, харч., хім. прам-сці, бальнеалогіі і інш.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫБІЁТЫКІ (ад анты... + грэч. bios жыццё),

арганічныя рэчывы, што ўтвараюцца ў мікраарганізмах і ў невял. дозах прыгнечваюць жыццядзейнасць інш. мікраарганізмаў, вірусаў і клетак. Да антыбіётыкаў адносяць таксама раслінныя (фітанцыды) і жывёльнага паходжання рэчывы з антымікробным дзеяннем. Вядома каля 4 тыс. антыбіётыкаў, у мед. практыцы выкарыстоўваецца каля 60 (першы клінічна эфектыўны антыбіётык пеніцылін адкрыты англ. мікрабіёлагам А.​Флемінгам у 1929).

Паводле хім. прыроды антыбіётыкі належаць да розных груп злучэнняў: вугляродзмяшчальныя (неаміцын, канаміцын, стрэптаміцын, амінагліказіды і інш., антыбіётыкі групы рыстаміцыну — ванкаміцын), макрацыклічныя лактоны (эрытраміцын, алеандаміцын, паліены), хіноны і блізкія да іх рэчывы (тэтрацыкліны, антрацыкліны), пептыды і пепталіды (пеніцыліны, інтэрферон, граміцыдзін С, актынаміцыны) і інш. Паводле механізма дзеяння адрозніваюць антыбіётыкі, якія парушаюць сінтэз клетачных абалонак бактэрый (пеніцыліны і інш.), бялкоў (тэтрацыкліны, хлорамфенікол і інш.), нуклеінавых кіслот (проціпухлінныя антыбіётыкі — аліваміцын, рубаміцын, кармінаміцын і інш.), разбураюць цэласнасць цытаплазматычных мембран (паліены) і біяэнергет. працэсаў (граміцыдзін С). Антыбіётыкі могуць мець шырокі спектр дзеяння (уплываюць на грамдадатныя і грамадмоўныя бактэрыі, напр. тэтрацыкліны) і вузкі (актыўныя пераважна да грамдадатных мікробаў, напр. пеніцылін, рыфампіцын).

На лек. і гасп. мэты антыбіётыкі атрымліваюць гал. чынам мікрабіял. сінтэзам на аснове бактэрый і мікраскапічных грыбкоў (пераважна актынаміцэтаў), частку — хім. сінтэзам або хім. мадыфікацыяй прыродных антыбіётыкаў. Выкарыстоўваюць на лячэнне інфекц. хвароб чалавека, жывёл і раслін, для паскарэння росту і развіцця маладняку, як кансерванты, пры вывучэнні тонкіх механізмаў біяхім. пераўтварэнняў, праблем анкалогіі і функцыянавання жывых клетак.

Літ.:

Молекулярные основы действия антибиотиков: Пер. с англ. М., 1975;

Handbook of Antibiotic Compounds. Vol. 1—7. Boca — Batorn, 1980—81.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),

італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл. Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.​Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.​Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.

Літ.:

Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;

Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.

Г.Галілей.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)