АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш.краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.
партыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Утворана ў 1990. Кіруючыя органы — рада і выканаўчы к-т. Мэта дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцяў, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Выступае з пазіцый развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь, падтрымлівае сувязі і супрацоўнічае з усімі грамадска-паліт. арг-цыямі, партыямі і рухамі некамуніст. арыентацыі незалежных дзяржаў СНД і краін Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ,
умяшанне цэнтральнага (нац.) банка ў аперацыі на валютным рынку з мэтай уздзеяння на курс нац.валюты праз куплю-продаж замежнай валюты; састаўная частка валютнай палітыкі. Для павышэння курсу нац. валюты цэнтр. (нац.) банк прадае замежную валюту, а для зніжэння — купляе яе ў абмен на нацыянальную. У буйных маштабах валютная інтэрвенцыя ажыццяўляецца за кошт валютных рэзерваў ці кароткатэрміновых узаемных крэдытаў цэнтр. банкаў некалькіх краін у нац. валютах па міжбанкаўскіх пагадненнях «своп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,
адкрыты разбор спраў ва ўсіх судах; адзін з асн.дэмакр. прынцыпаў судовага працэсу. Прынцып галоснасці судаводства абвешчаны ў большасці развітых краін. У Рэспубліцы Беларусь замацавана ў Канстытуцыі, законе аб судаўладкаванні і ў інш. прававых актах. Закрыты суд. разбор дапускаецца толькі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам (калі гэтага вымагае неабходнасць захавання дзяржаўнай тайны, па справах аб палавых злачынствах і ў інш. выпадках, дзе закранаюцца інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1338,
пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́Т (франц. cornette),
малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГРЫБ (араб. захад),
1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).
2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах.ч. Міжземнага мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКА́ТАР [Mercator, лацінізаванае прозвішча Крэмера (van Kremer)] Герард (5.3.1512—2.12.1594), фламандскі картограф. Па заканчэнні ун-та ў Лувене займаўся вырабам дакладных аптычных прылад і выданнем картаў. У 1552 эмігрыраваў у Дуйсбург (Германія). Прапанаваў новыя прынцыпы пабудовы картаў, у т. л. некалькі картаграфічных праекцый, з якіх найб. вядома цыліндрычная роўнавугольная праекцыя карты свету (1569). Яе выкарыстоўваюць пры складанні картаў, дзе патрэбна дакладнае адлюстраванне вуглоў. Даследаваў зямны магнетызм і вылічыў каардынаты магнітнага полюса. Асн. праца — зборнік карт еўрап.краін, названых «Атласам» (1595).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ БАРАЦЬБІТО́Ў СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ (Fédération Internationale des Résistants; ФІР),
міжнароднае аб’яднанне нац. асацыяцый б. удзельнікаў Руху Супраціўлення, партызан, вязняў фаш. канцлагераў, ахвяр фаш. рэжыму. Утворана ў 1951. Аб’ядноўвае 75 нац. арг-цый з 27 краін (1998). Вядзе барацьбу за мір, супраць адраджэння фашызму ва ўсіх яго формах, у абарону правоў і інтарэсаў барацьбітоў Супраціўлення. Вышэйшы орган — кангрэс, на якім выбіраюцца прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты, члены Бюро і Ген. Савета. Выканаўчы орган — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),
перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар.геафіз. супрацоўніцтва.