МУСЦЬЕ́,

археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАДАРВІНІ́ЗМ,

эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.​Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,

сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл. Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.

Літ.:

Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;

Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ. М., 1973.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТЭНІ́Я (ад неа... + грэч. teinō расцягваю, падаўжаю),

здольнасць арганізмаў дасягаць палавой спеласці і размнажацца на ранняй стадыі развіцця. У раслін Н. трапляецца ў некат. моха-, дзераза- і папарацепадобных, у гола- і пакрытанасенных (напр., у крапівы на стадыі праростка). Н. тлумачаць паходжанне жаночага гаметафіта. У жывёл Н. вядома ў некат. земнаводных, ракападобных, насякомых, чарвей на лічынкавай стадыі (напр., лічынка амбістомы—аксалотль, пячорны пратэй, сляпы трытон, сірэна і інш.). Затрымка метамарфозаў у земнаводных звязана з паніжанай функцыяй шчытападобнай залозы.

Здольнасць да Н. мае прыстасавальнае значэнне для тых відаў арганізмаў, у антагенезе якіх адбываецца змена асяроддзя пражывання, асабліва калі ва ўмовах існавання дарослай стадыі адбываюцца значныя змены, часам вельмі неспрыяльныя. У такіх выпадках Н. павялічвае шанцы віду на выжыванне. Н. адрозніваецца ад педагенезу.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,

перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС ((Parsons) Талкат) (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),

«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,

фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).

Важнейшая колькасная характарыстыка Р.м. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл. Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,

спецыфічная залежнасць эл. палярызаванасці сегнетаэлектрыка ад напружанасці знешняга эл. поля.

Пры ўключэнні эл. поля ўзнікае палярызаванасць, якая спачатку рэзка нарастае і дасягае насычэння. Пры змяншэнні напружанасці поля палярызаванасць адстае ад змены напружанасці і пры выключэнні поля набывае рэшткавае значэнне. Для памяншэння палярызаванасці да нуля неабходна прыкласці поле процілеглага напрамку (каэрцытыўнае поле). Пры далейшым павелічэнні адваротнага поля таксама дасягаецца насычэнне. Атрыманы графік залежнасці наз. пятлёй гістэрэзіса. У полідаменных крышталях форма пятлі больш плаўная, у монадаменных — блізкая да прамавугольнай. Форма пятлі С.г. залежыць таксама ад т-ры; пры т-рах, якія перавышаюць Кюры пункт, дзе сегнетаэлектрык страчвае свае спецыфічныя ўласцівасці, пятля пераўтвараецца ў прамую.

Пятля сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса: P — палярызацыя ўзору; Ps — палярызацыя насычэння; PR — астаткавая палярызацыя; Ec — напружанасць каэрцытыўнага поля.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

сацыялагічнае вучэнне пра агульныя і спецыфічныя законы развіцця і функцыянавання грамадства. У яго аснову пакладзены тэзіс, паводле якога грамадства развіваецца па аб’ектыўных, незалежных ад волі і жадання чалавека законах. Распрацаваны К.Марксам і Ф.Энгельсам у сярэдзіне 19 ст. Яны зыходзілі з таго, што ў працэсе жыцця людзі ўступаюць у пэўныя, незалежныя ад іх волі вытв. адносіны, якія адпавядаюць дасягнутаму грамадствам на дадзеным гіст. этапе ўзроўню развіцця матэрыяльных вытв. сіл. Сукупнасць гэтых вытв. адносін складае эканам. структуру грамадства, рэальны базіс, над якім узвышаецца паліт., юрыд. надбудова ў выглядзе розных сац. ін-таў і ўстаноў, а таксама розныя формы грамадскай свядомасці. Не грамадская свядомасць вызначае грамадскае быццё, а, наадварот, грамадскае быццё вызначае грамадскую свядомасць. На аснове вывучэння матэрыяльных грамадскіх адносін капіталіст. грамадства быў зроблены вывад пра паўтаральнасць грамадскіх з’яў, вылучана агульнае ў сац. ладзе розных краін, распрацавана вучэнне пра фармацыі грамадска-эканамічныя. Змена гіст. эпох пададзена як заканамерны працэс змены спосабаў вытв-сці; самі спосабы вытв-сці змяняюць адзін аднаго ў сілу аб’ектыўна існуючых і пастаянна нарастаючых супярэчнасцей паміж узроўнем развіцця вытв. сіл (больш дынамічных) і характарам вытв. адносін (больш кансерватыўнага элемента сістэмы). Нарастаючыя паміж імі супярэчнасці даходзяць да канфлікту, які вырашаецца шляхам сац. рэвалюцыі. Маркс і Энгельс прызналі вырашальную ролю нар. мас у гісторыі, класавую барацьбу як рухаючую сілу сац. прагрэсу, сац. рэвалюцыю як спосаб змены грамадска-эканам. фармацый.

Літ.:

Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология // Соч. 2 изд. Т. 3;

Іх жа. Маніфест Камуністычнай партыі. Мн., 1968;

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізма // Тв. Т. 19 (Полн. собр. соч. Т. 23);

Плеханов Г.В. Избранные философские произведения. Т. 1. М., 1956;

Фурманов Г.Л. Исторический материализм как общесоциологическая теория. М., 1979;

Ойзерман Т.И. Главные философские направления. 2 изд. М., 1984;

Исторические типы философии. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)