падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.
Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАТА́Ў (Krakatau),
дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́Р,
змена колеру скуры ад утварэння ў яе паверхневым слоі пігменту меланіну. Бывае ад дзеяння ультрафіялетавых і інфрачырв. прамянёў сонца або штучных крыніц святла (ртутная кварцавая лямпа, эл. дуга і інш.). Дзеянне сонечных прамянёў у сярэдніх дозах выклікае лёгкі З., станоўча ўплывае на арганізм, паляпшае жыўленне скуры, павялічвае ў ёй колькасць вітаміну D., павышае супраціўляльнасць арганізма да інфекц. хвароб і інш. Доўга быць на сонцы супрацьпаказана старым людзям, дзецям да 2 гадоў, цяжарным, людзям з сардэчна-сасудзістымі хваробамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,
умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс.гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),
мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ЦІЧЫ (лац. Lutici),
велеты, саюз зах.-слав. плямён у 8—12 ст. на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м., паміж рэкамі Одра (Одэр) і Лаба (Эльба) на тэр. сучаснай Германіі. Саюз аб’ядноўваў плямёны хіжан, далянчан, ратараў (гал. племя, у іх г. Рэтра знаходзілася гал. святыня Л. — храм Сварожыча) і інш. Займаліся сельскай гаспадаркай, рамяством і марскім гандлем. У 9 — пач. 10 ст. Л. кіраваў князь ратараў, пазней — сход плем. знаці. У пач. 12 ст. пасля больш як 300 гадоў барацьбы заваяваны герм. феадаламі і германізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),
геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.
Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд.гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн.гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн.гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб.стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд.гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.
На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (14C) метадам (Л.М.Вазнячук, А.І.Зімянкоў, І.Л.Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс.г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн.гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн.г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн.г. назад.
Літ.:
Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;
Шкала геологического времени: Пер. с англ.М., 1985;
Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР,
падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап.сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.С.Конеў (1955—60), А.А.Грэчка (1960—67), І.І.Якубоўскі (1967—76), В.Г.Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.
Літ.:
Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;
Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.