ААМІЦЭ́ТЫ

(Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т.2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАЎКА

(Gypsophila),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.

Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаці-поле», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.

М.П.Млынарчык.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БКІ

(Porifera, або Spongia),

тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.

Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЯЛА́ПКА

(Alchemilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (А. acutiloba Opiz), горная (А. monticola), шызаватая (А. glaucescens), зграбная (А. gracilis), гусялапка балтыйская (А. baltica), голасцябловая (А. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (А. breviloba), хвалісталістая (А. cymatophylla), бугрыстая (А. gibberulosa), голая (А. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.

Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́ДЫІ

(Ascidiae),

клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭРЫ́НЫ

(Atherina),

род марскіх рыб атр. атэрынападобных. 5 відаў і 1 падвід. Жывуць у Чорным, Азоўскім, Каспійскім, Міжземным м. Вядомы з эацэну. Лайб. пашыраны атэрына паўднёваеўрапейская (Atherina boyeri) і яе падвід — атэрына каспійская (Atherina var caspia).

Даўж. да 15 см. Трымаюцца ў пелагіялі. Заходзяць у прэсныя і салёныя (да 45‰) воды. Палавой спеласці дасягаюць на 2-м годзе жыцця. Нерастуюць з сак. да верасня. Кормяцца зоапланктонам. Маюць прамысл. значэнне.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ,

бескілявыя (Ratitae або Gradientes), група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.

Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЗУ́БКІ

(Crocidura),

род млекакормячых жывёл сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Еўразіі. На Беларусі рэдка трапляюцца 2 віды: белазубка белабрухая (Crocidura leucodon) і белазубка малая (Crocidura suaveolens).

Даўж. цела 4—15 см, хваста 4—11 см. Нагадваюць мышэй. Шкурка зверху цёмна-бурая, знізу светлая, амаль белая. На хвасце рэдкія доўгія валаскі. Вушы адносна вялікія, зубы белыя (адсюль назва). Карысныя, кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх лічынкамі.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)