РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРАДА́ЦЫЯ ГЛЕБ,
вяртанне глебаўтваральных працэсаў да папярэдняй стадыі. Напр., пад уздзеяннем асушальнай меліярацыі ў мінер. глебах працэсы забалочвання спыняюцца, іх змяняюць працэсы, якія фарміруюць аўтатрофныя глебы, але пры іх паўторным устойлівым залішнім увільгатненні зноў развіваецца забалочванне. Р.г. адбываецца на ўзараных схілавых эрадзіраваных глебах пры іх залужэнні; эрозія глебы спыняецца, урадлівасць яе аднаўляецца. Аднак некат. асушальныя мерапрыемствы і няправільнае с.-г. выкарыстанне зямель часам прыводзяць да неабарачальных працэсаў дэградацыі глебы, і ворныя землі ператвараюцца ў непрыдатныя (Р.г. не адбываецца).
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКАЯ ПАРО́ДА гусей.
Выведзена ў Германіі ў 20 ст. скрыжаваннем эмдэнскіх гусей з мясц. формамі. Пашырана паўсюдна, у т. л. на Беларусі.
Галава і шыя сярэдніх памераў, тулава кампактнае, грудзі шырокія. Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Маса гусакоў 6,5—6,7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць 45—50 яец за год. Маса кожнага яйца да 175 г. Выкарыстоўваюць як бацькоўскую форму для вытв-сці мяснога маладняку, якія ў 60 сут важаць 3,7—4 кг.
М.Ц.Гарачка.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КС (ад лац. reflexus павернуты назад, адлюстраваны) у жывапісе і графіцы, водсвет, адлюстраванае святло і колер на якой-н. паверхні ад крыніцы святла, у т. л. неба, або суседніх прадметаў, што выклікае змены тону і колеру. Р. — з’ява ў прыродзе і здаўна вядомая мастакам (апісана Леанарда да Вінчы). Разнастайнасць Р. выявілася ў жывапісе ў 19 ст. з пачаткам работы мастакоў на адкрытым паветры і набыла сістэматычны характар у імпрэсіяністаў і творах мастакоў, якія працавалі на пленэры.
т. 14, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЦЫ́,
глебы засушлівых абласцей, якія на невял. глыб. (20—80 см) утрымліваюць значную колькасць соды і інш. лёгкарастваральных солей. Фарміруюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму або пры рассаленні саланчакоў, пераважна ў комплексе з інш. глебамі.
Характарызуюцца вязкасцю і набраканнем у вільготным стане, моцным ушчыльненнем і цвёрдасцю ў сухім, слупкаватай, прызматычнай ці глыбістай структурай ілювіяльнага гарызонту, высокай рухомасцю калоідаў, малой водапранікальнасцю, маюць 0,5—8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пакрыты саланцовай расліннасцю. Малаўрадлівыя, патрабуюць прамыўкі, гіпсавання і ўнясення арган. угнаенняў.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МА (?—658),
славянскі князь [623—658], заснавальнік першага гіст. вядомага паліт. аб’яднання зах. і ч. паўд. славян, т.зв. дзяржавы С. (тэр. сучасных Чэхіі, Маравіі, землі лужыцкіх сербаў, ч. зямель славенцаў і харватаў) з цэнтрам, верагодна, у Маравіі. Паводле франкскай хронікі Фрэдэгара (7 ст.), С. быў франкскім купцом, што аспрэчваецца многімі гісторыкамі, якія лічаць яго славянінам. Князем стаў у 623, калі ўзначаліў паўстанне славян супраць улады авараў. Пазней паспяхова ваяваў з аварамі і франкамі. Пасля смерці С. яго дзяржава распалася.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НГА́ (Sangha, Sanga),
рака ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Конга (часткова па межах іх з Камерунам). Утвараецца ад сутокаў рэк Кадэі і Мамберэ, якія пачынаюцца на паўд. схілах нагор’я Камерун. Даўж. ад сутокаў каля 790 км, ад вытоку Кадэі каля 1300 км, пл. бас. каля 200 тыс. км². Асн. прытокі: Джа (справа) і Ліквала-оз-Эрб (злева). Сярэдні расход вады ад 700 м³/с у сак. да 4250 м³/с у кастр.—лістападзе. Суднаходная ад зліцця вытокаў.
т. 14, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЭ́ЧНЫЯ ГЛІКАЗІ́ДЫ,
арганічныя лекавыя сродкі, якія паляпшаюць работу сэрца. У прыродзе ёсць у раслінах 45 відаў (лілейных, казяльцовых, бабовых і інш), таксама ў скурным ядзе некат. рапух. Найб. пашыраны прэпараты наперстаўкі (дыгітаксін, лантазід, цэланід), ландыша (настойка, карглікон), светніку (экстракт сухі, аданізід), страфанту (страфанцін) і інш.
Павялічваюць сілу і скорасць сардэчных скарачэнняў, запавольваюць рытм, памяншаюць вянозны ціск крыві і ацёкі. Ужываюць для лячэння хранічнай або вострай сардэчнай недастатковасці, асабліва эфектыўныя пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, клапанных пароках сэрца, атэрасклератычным кардыясклерозе.
т. 14, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РЛІО ((Serlio) Себасцьяна) (6.9.1475, г. Балоння, Італія — 1554),
італьянскі тэарэтык архітэктуры. Арх. адукацыю атрымаў у Рыме (1514—27) у Б.Перуцы. Працаваў у гарадах Пезара, Венецыя, а таксама ў Францыі (з 1541). Пачынаў як майстар перспектыўнага жывапісу. Трактат С., прысвечаны геаметрыі, перспектыве, ант. і тагачасным пабудовам, набыў агульнаеўрап. вядомасць (у 1537—75 друкаваўся асобнымі кнігамі, якія ў венецыянскім выданні 1584 аб’яднаны пад назвай «Архітэктура») і значна паўплываў на развіццё рэнесансавага і раннекласіцыстычнага дойлідства ў Францыі, Нідэрландах і Германіі.
т. 14, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РЫЯ ў мастацтве,
шэраг твораў (больш за 3) станковага мастацтва, звязаных адзінствам задумы. Работы адной С. часцей выконваюцца ў адным стылі і маштабе. З часоў імпрэсіянізму С. — група станковых работ, звязаных адзінствам прадмета выяўлення, напр., колеравае вырашэнне, асвятленне або дынаміка прасторавага ўспрыняцця. Гэта ідэя перанята ў яп. мастакоў (К.Утамара, К.Хакусай і інш.). У мастацтве постмадэрнізму і сучасным, асабліва ў графіцы, папулярныя С., якія складаюцца з блізкіх варыянтаў адной тэмы. С. — больш вузкае паняцце цыкла.
т. 14, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)