ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),
безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНАСЦЬ [ад лац. iners (inertis) бяздзейны, нерухомы],
інерцыя ў механіцы, уласцівасць матэрыяльных цел захоўваць стан раўнамернага і прамалінейнага руху ці спакою адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, калі знешнія ўздзеянні на цела (сілы) адсутнічаюць ці ўзаемна ўраўнаважаныя. Пры дзеянні на цела неўраўнаважанай сістэмы сіл І. выяўляецца ў тым, што змена стану спакою або руху цела (змена скорасцей яго пунктаў) адбываецца паступова, а не імгненна. Пры гэтым стан цела змяняецца тым павольней, чым большая яго І. Мерай І. цела з’яўляецца інертная маса. Гл. таксама Ньютана законы механікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІЦЫЯНІ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі і логікі, які лічыць інтуіцыюгал. і адзіным крытэрыем правамернасці метадаў і вынікаў гэтых навук. Узнік у пач. 20 ст. (Л.Браўэр, Г.Вейль, А.Гейтынг і інш.). Адмаўляе выкарыстанне ў матэматыцы і логіцы ідэі актуальнай бясконцасці і выключанага трэцяга прынцыпу. Паводле І., прадметам даследаванняў матэматыкі выступаюць разумовыя пабудовы матэм. аб’ектаў, што разглядаюцца па-за залежнасцю ад свету рэчаў. У адрозненне ад інтуітывізму не проціпастаўляе інтуіцыю логіцы, якую разглядае толькі як частку матэматыкі, а лагічныя тэарэмы — як матэм. тэарэмы найвышэйшай ступені агульнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́Л ІМАВЕ́РНАСЦІ,
агульная назва некалькіх звязаных адна з адной спец. функцый, напр., інтэграл памылак
. У тэорыі імавернасцей пераважна выкарыстоўваюць І.і. Гаўса
.
Для выпадковай велічыні x, якая мае нармальнае размеркаванне з матэм. чаканнем 0 і дысперсіяй σ2, імавернасць таго, што |x|≤t роўная er𝑓(t/√2). Для вылічэння І.і. створаны спец. табліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),
хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Пятровіч) (н. 4.6.1934, г. Валуйкі Белгародскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і мікрабіялогіі. Д-рбіял.н. (1980), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1972—95 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі (з 1979 заг. лабараторыі). Навук. працы па селекцыі мікраарганізмаў, якія вырабляюць ферментныя бялкі і мікробную біямасу, што выкарыстоўваецца з кармавымі мэтамі.
Тв.:
Экспериментальный мутагенез в селекции. М., 1972 (у сааўт.);
Химические факторы в селекции продуцентов микробных белков. Ми., 1980;
Биология — Продовольственной программе. Киев, 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫДАМІКО́ЗЫ, кандыдозы,
хваробы, што выклікаюцца дрожджападобнымі грыбкамі роду Candida. Развіваюцца пры актывізацыі грыбкоў у хворага ад нерацыянальнага ўжывання антыбіётыкаў (эндагеннае заражэнне), радзей пры перадачы грыбкоў ад хворага здароваму (экзагеннае заражэнне); пастаянны спадарожнік ВІЧ-інфекцыі ў стадыі СНІДа. Адрозніваюць К. паверхневыя (пашкоджваюцца слізістыя абалонкі і скура — стаматыт, ангіна, вульвавагініт, скурныя пашкоджанні рознай лакалізацыі) і вісцэральныя (пашкоджваюцца ўнутр. органы, найчасцей дыхальныя шляхі і страўнікава-кішачны тракт). Праяўляюцца К. тварожыстай белай высыпкай, іншы раз з эрозіяй, у цяжкіх выпадках — генералізаваная інфекцыя з сепсісам і пашкоджаннем унутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫДА́Т (ад лац. candidatus літар. апрануты ў белае; у Стараж. Рыме спаборнік на атрыманне дзярж. пасады надзяваў белую тогу),
1) асоба, вылучаная для выбрання дэпутатам заканадаўчай установы, для замяшчэння якой-н. пасады ці прыёму ў якую-н. арг-цыю; малодшая вучоная ступень у дарэв. Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навуч. установы, напр. К. славеснасці.
2) К. навук у краінах СНД — першая вучоная ступень; асоба, якой прысуджана гэтая ступень. Прысуджаецца асобам з вышэйшай адукацыяй, што здалі кандыдацкі мінімум і абаранілі кандыдацкую дысертацыю.