РАДЖА́НГ (Rajang),

рака на ПнЗ в-ва Калімантан, у Малайзіі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна каля 60 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Іран, цячэ пераважна па ўзгорыстай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае забалочаную дэльту (пл. больш за 3 тыс. км²). Мнагаводная ўвесь год. Суднаходная для марскіх суднаў ад г. Сібу.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ МАЯ́К,

наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),

1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.

2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЯНКО́Ў (Васіль Васілевіч) (н. 3.5.1931, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. і рас. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). З 1957 у Маскве. З 1969 трэнер па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым). Чэмпіён СССР (1959, 1960, 1961). Рэкардсмен Еўропы, СССР.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАГО́НАЎ (Дзмітрый Антонавіч) (21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ (Антон Васілевіч) (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.​В.​Баліцкага). Мн., 1995.

А.​С.​Кароль.

А.В.Баліцкі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Існавала з 14.11.1920 да вясны 1923 у Маскве. Засн. студэнтамі-беларусамі. Мэта асацыяцыі: спрыянне культ.-гасп. адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арг-цыя навук.-даследчых экспедыцый па Беларусі, навук. і культ. падрыхтоўка бел. студэнтаў для працы на радзіме. Летам 1922 сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытв. сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Разам з Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве выдала літ.-навук. альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтавала да друку альбомы «Нявывучаная Беларусь», спец. навук. зборнікі, час. «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага с.-г. ін-та). З вясны 1922 дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачванне ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Вясной 1923 у Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя бел. пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. Старшыні Г.І.Гарэцкі (да ліст. 1922), П.​Жук.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́ (БНГ),

грамадска-палітычная культ.-асв. і дабрачынная арг-цыя ў 1917—18. Засн. 9.5.1917 у Маскве. Узначальвалі Я.​І.​Васілевіч, А.​І.​Цвікевіч, Ф.​Ф.​Турук і інш. Налічвала больш за 1 тыс. членаў, пераважна бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Сестрарэцку, Тамбове і інш. На правах секцый БНГ дзейнічалі гурткі прафесараў, настаўнікаў, студэнтаў, правасл. духавенства. Адстойвала прынцып непадзельнасці Беларусі, патрабавала яе аўтаноміі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі. У ліп. 1917 удзельнічала ў з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый у Мінску. Па ініцыятыве БНГ восенню 1917 у Маскве праведзены 11-ы і 2-і Усерас. з’езды бежанцаў-беларусаў. На выбарах ва Устаноўчы сход выстаўляла кандыдатаў па Магілёўскай выбарчай акрузе ў блоку з інш. бел. арг-цыямі, але поспеху не дасягнула. Удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Канадзе, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў Канадзе. Засн. ў 1967 як аддзел Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША). З 1968 самаст. ін-т. З 1971 чл. Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя навук. канферэнцый, выставак бел. нар. мастацтва, лекцый па беларусазнаўстве, пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце і інш. Члены ін-та бралі ўдзел у канфер. канадскіх славян (1969, Таронта), па пытаннях канадскага шматкультуралізму (1978), у 1975 разам са Слав. аддзелам Атаўскага ун-та наладзілі Дні бел. чытанняў на тэму «Прысутнасць беларусаў на паўн.-амер. кантыненце». Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (г. Мінск, 1993), штогодніх Кангрэсаў навук. арг-цый (у складзе Асацыяцыі канадскіх славян). У розны час БІНіМ узначальвалі В.​Жук-Грышкевіч, Я.​Садоўскі, І.​Шыманец-Сурвіла.

А.​С.​Ляднёва.

У бібліятэцы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)