ГЕ́ТЭРЫ (англ. getter),

газапаглынальнікі, рэчывы, якія звязваюць газы (акрамя інертных) за кошт хім. ўзаемадзеяння (хемасорбцыя) ці адсорбцыі. Выкарыстоўваюць гетэры (звычайна плёнкі тытану, цырконію, барыю, танталу, малібдэну і інш.) для павышэння вакууму ў электравакуумных прыладах, ачысткі інертных газаў ад прымесей.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДУІРО́ЎКА (ням. graduieren ад лац. gradus крок, ступень) сродкаў вымярэнняў, вызначэнне і нанясенне ў маштабе асн. (апорных) пунктаў для пабудовы шкалы адліку ў вымяральных прыладах і мерных прыстасаваннях. Робіцца параўнаннем паказанняў прылады, якая градуіруецца, з паказаннямі эталоннай (узорнай) прылады.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),

механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням. інж. Э.​Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН,

1) адзінка масы, што выкарыстоўвалася ў аптэкарскай практыцы (гл. Аптэкарская вага). 1 гран = 62,2 мг. У сістэме англ. мер гран гандлёвы, аптэкарскі і тройскі (для ўзважвання каштоўных камянёў і металаў) роўны 64,8 мг.

2) (Перан.) мізэрна малая велічыня.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАВЫ́ ДВОР,

частка тэр. чыг. станцыі, якая мае комплекс збудаванняў і прыстасаванняў для прыёму, пагрузкі, выгрузкі, сартавання грузаў і іх кароткатэрміновага захавання. Грузавы двор мае таксама рамонтныя майстэрні, гаражы, пад’ёмныя краны і інш. сродкі механізацыі пагруза-разгрузачных работ.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧЫ ГАЗ,

сумесь 2 аб’ёмаў вадароду і 1 аб’ёму кіслароду. Пры падпальванні ўзрываецца, у прысутнасці губчатай плаціны гарыць: 2H2 + O2 = 2H2O + 572 кДж. Вадародна-кіслароднае полымя (т-ра да 2800 °C) выкарыстоўваюць для газавай зваркі і рэзкі металаў.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНЫЯ МО́ВЫ,

штучныя знакавыя сістэмы, якія спецыяльна ствараюцца для камунікацыі ва ўмовах, калі сродкаў натуральных моў недастаткова ці карыстацца імі цяжка або немагчыма. Д.м. падзяляюцца на 2 асн. класы: міжнар. мовы-пасрэдніцы, або штучныя мовы, і інфармацыйныя мовы.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МПКАР (англ. dump-car),

грузавы чыгуначны паўвагон, кузаў якога пры разгрузцы нахіляецца вакол падоўжнай восі ў розныя бакі пнеўматычным або гідраўлічным механізмам. Выкарыстоўваецца для перавозкі руды, вугалю, буд. сыпкіх матэрыялаў па тэрыторыі буйных прадпрыемстваў. Грузападымальнасць да 180 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЦЫ́ДЫ [ад заа... + ...цыд(ы)],

хімічныя сродкі знішчэння шкодных пазваночных. Выкарыстоўваюць у асн. для барацьбы з грызунамі (радэнтыцыды), у прыватнасці мышамі і пацукамі (ратыцыды), а таксама птушкамі (авіяцыды). Моцныя яды. Вытв-сць, захоўванне і выкарыстанне дапускаюцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. органаў.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА СУСА́ЛЬНАЕ, сусаль,

вельмі тонкія (звычайна долі мікраметра) плёнкі золата. Вырабляюць каваннем з золата ці яго сплаваў. Выкарыстоўваюць для дэкар. аздаблення вырабаў. З.с. наз. часам плёнкі з металаў, сплаваў (напр., медных) ці хім. злучэнняў (дысульфід волава), якія імітуюць золата.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)