ЛІСІ́ЦЫН (Міхаіл Аркадзевіч) (Майсей Айзікавіч; н. 2.7.1920, г. Віцебск),
бел. музыкант, дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951). З 1946 артыст Дзярж.нар. аркестра Беларусі, ў 1948—63 — секстэта домраў Бел. радыё і тэлебачання. У 1963—92 выкладаў у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага. Кіраўнік аркестраў, у т. л.нар. аркестра нар. інструментаў БДУ (1953—80). Аўтар аранжыровак для аркестра нар. інструментаў твораў муз. класікі і бел. кампазітараў (у т. л. галоп, вальс і танец з оперы «Калючая ружа» Ю.Семянякі, «Палеская сюіта» Я.Глебава, «Святочная уверцюра» А.Багатырова, «Мой родны кут» І.Лучанка, «Кадрыля» Я.Цікоцкага, «Полька» М.Чуркіна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.
Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.Дз.Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял.Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЕР (Мікалай Арцёмавіч) (н. 9.1. 1932, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. хімік-арганік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рхім.н. (1976), праф. (1989). Скончыў Горкаўскі дзярж.ун-т (1954). З 1956 у Ін-це хіміі, з 1959 у Ін-це фіз.арган. хіміі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і даследаванні пераўтварэнняў металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Р.А.Разуваевым, Ю.А.Альдэкопам). Распрацаваў метады сінтэзу ртутнаарган. злучэнняў і метады электрахім. сінтэзу металацэнавых і металакарбаранавых злучэнняў жалеза, кобальту і нікелю.
Тв.:
Введение в элементоорганическую химию. Мн., 1973 (разам з Ю.А.Альдэкопам);
Синтез металлоорганических соединений декарбоксилированием ацилатов металлов. Мн., 1976 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЛЕЙ ((Macaulay) Томас Бабінгтан) (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),
брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл.Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАВА (Ларыса Паўлаўна) (н. 29.5.1939, г. Віцебск),
бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. кансерваторыю (1964, клас Р.Шаршэўскага). З 1964 канцэртмайстар Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі Выступае з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі рэспублікі, інстр. калектывамі, у т. л. з ансамблем «Кантабіле», асаблівую ўвагу аддае прапагандзе бел. музыкі. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання і радыё. Аўтар і вядучая цыклаў канцэртаў «Рамантычная песня 19 ст.» ў зале камернай музыкі Бел. філармоніі (1990—94), праграмы «У пошуках гармоніі» на Бел. тэлебачанні (з 1997). У 1989—93 працавала ў артыстычным бюро Р.Рааба ў Венскай дзярж. оперы.
Муз. кіраўнік праграмы «Вянок няздзейсненых мар» на фестывалі. прысвечаным 170-годдзю з дня смерці Л.Бетховена (1997, Бон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬРО́ (Malraux; сапр.Бержэ; Berger) Андрэ
(3.11.1901, Парыж —23.11.1976),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Нац. вучылішчы жывых усх. моў у Парыжы. У 1959—69 міністр культуры Францыі. Першыя раманы «Заваёўнікі» (1928), «Так жыве чалавек» (1933), «Надзея» (1937) па настраёвасці і танальнасці блізкія да экзістэнцыялізму. У 1940—50-я г. творчасць М. зазнала значны ўплыў Ф.Ніцшэ, Ф.Дастаеўскага, О.Шпенглера, А.Жыда (мастацтвазнаўчыя працы «Псіхалогія мастацтва», «Метамарфоза багоў»). У «Антымемуарах» (1967), «Чорным трохкутніку» (1970), маст. біяграфіі «Лазар» (1974) стаў на пазіцыі скептычнага гуманізму.
Тв.:
Рус.пер. — Зеркало лимба: Худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,
мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.Купрыянаў — Герой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГЕ́ЛАЎ (Васіль Піліпавіч) (27.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.3.1990),
Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1967). Канд.ваен.н. (1968). Беларус. Скончыў Аб’яднаную бел.ваен. школу імя ЦВКБССР (1931), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім, Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 3-м і 4-м Укр. франтах: камандзір палка, нач. штаба дывізіі, камандзір дывізіі. Удзельнік баёў пад Ленінградам, Сталінградам, на Дняпры, Днястры, у Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Аўстрыі. З 1946 на адказных пасадах у Сав. Арміі, у 1954—59 і 1961—79 каманд.паветр.-дэсантнымі войскамі. Дзярж. прэмія СССР 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАШВІ́ЛІ (Іло) (Ілья Анісімавіч; 7.1.1896, с. Чаргалі, Грузія — 4.8.1954),
грузінскі паэт і драматург. Вучыўся ў Харкаўскім ін-це. Майстар грамадз. лірыкі (зб-кі «Вершы», 1939, 1940, 1945, 1954). Аўтар драматычных твораў «Начальнік станцыі» (1947), «Затопленыя камяні» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Яго зорка» (1950), гіст. драмы ў вершах «Шлях у будучае» (1953). Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, К.Чорным, А.Александровічам, П.Галавачом, П.Глебкам, К.Крапівой, А.Куляшовым, М.Лыньковым. Падтрымліваў творчыя кантакты з П.Броўкам, К.Крапівой, Лыньковым. Беларусі прысвяціў шэраг вершаў. Пераклаў на груз. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Броўка, Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,
буйнейшы прыватны драм.т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн.тэатр. прадпрымальнікам Ф.Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.Чэхава, «Навальніца» А.Астроўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Маскарад» М.Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Гамлет» У.Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.Арленеў, А.Астужаў, М.Блюменталь-Тамарына, У.Давыдаў, М.Клімаў, А.Ктораў, Л.Леанідаў, І.Масквін, М.Радзін, В.Тапаркоў і інш.