БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ Дзейнічаў у 1900—14 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў воцатны парашок, драўняны і метылавы спірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. Працавала да 160 рабочых (1900), вырабляў прадукцыі на 150—300 тыс. руб. за год.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НГЕМ (Bingham),

меднае радовішча на З ЗША (штат Юта), адно з найб. у свеце. Гідратэрмальнае меднапарфіравае з малібдэнам, да перыферыі руданосных інтрузій скарнавае і жыльнае. Запасы каля 1,5 млрд. т руды з сярэдняй колькасцю медзі 0,7% і малібдэну 0,029%. Як спадарожныя атрымліваюць плутоній, паладый, селен, нікель. Распрацоўваецца з 1880-х г. Здабыча каля 30 млн. т руды за год.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРЫ́ЛА Сцёпка, бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1915 у газ. «Наша ніва» апублікаваў апавяданні «Пятрусь» і «Стражнік» (апошняе выд. асобна, Вільня, 1915), у якіх паказаў характэрныя з’явы бел. вясковага побыту. Апавяданні напісаны жывой нар. моваю, персанажы выразна акрэслены (браты Амільян і Міхалка з-за маёмасных адносін становяцца ворагамі).

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГАРЫЗО́НТ,

функцыянальнае падраздзяленне ярусаў у біяцэнозах. Асобным біягарызонтам можа з’яўляцца полаг расліннасці або яго часткі (напр., біягарызонт генератыўных органаў у пырнікавым лузе, верхні біягарызонт лісцевага полага ў бярозавым лесе). Да біягарызонту адносяць таксама некаторыя генет. гарызонты глебы (напр., гумусавы), падраздзяленні біятопаў: геобій (месцажыхарства дробных жывёл ніжэй за паверхню глебы), герпетобій (на яе паверхні) і фітобій (на зялёных раслінах).

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬ,

бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЗІ́ВА,

рака ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. і ў Оўруцкім р-не Жытомірскай вобл. (Украіна), правы прыток р. Славечна (бас. Прыпяці). Даўж. 28,6 км, у т. л. 9 км на Беларусі (каналізаваная), 3,6 км на мяжы з Украінай. Пачынаецца за 1 км на З ад в. Гразіва Оўруцкага р-на. Цячэ па забалочанай лясістай мясцовасці. Жывіць вадасх. Свяча.

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)