АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),

від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ (ад франц. action акцыя, дзеянне),

1) каштоўная папера, якая сведчыць пра ўдзел яе ўладальніка ў акцыянерным таварыстве, дае права атрымліваць долю прыбытку ў выглядзе дывідэнду, удзельнічаць у кіраванні дзейнасцю таварыства і размеркаванні маёмасці пры яго ліквідацыі. Як прадмет куплі-продажу акцыя, апрача намінальнай вартасці, мае цану, або курс, які вагаецца ў адпаведнасці з кан’юнктурай рынку.

Акцыі бываюць прывілеяваныя (прыносяць уладальніку раней устаноўлены працэнт даходу незалежна ад прыбытку акц. т-ва) і звычайныя (даход залежыць ад прыбытку акц. т-ва), імянныя і на прад’яўніка. Адрозніваюць акцыі, якія маюць адзін голас; якія не маюць голасу (у т. л. часам і прывілеяваныя); т.зв. ўстаноўчыя, якія маюць некалькі галасоў кожная і даюць права атрымліваць новыя выпушчаныя акцыі.

2) Дзеянне з паліт., эканам., ваен. або інш. мэтай.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),

ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс. г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЕЎСКІ (Уладзімір Фёдаравіч) (11.8.1803 ці 1804, Масква — 11.3.1869),

рус. пісьменнік, філосаф, муз. і літ. крытык, заснавальнік рус. класічнага музыказнаўства. Старшыня «Таварыства любамудрыя» (1823—25). Аўтар фантаст. апавяданняў «Розныя казкі з трапным слоўцам, сабраныя Ірынеем Мадэставічам Гамазейкам» (1833), «Жывы мярцвяк» (1844), сатыр. свецкіх («Княжна Мімі», 1834; «Княжна Зізі», 1839) і містыка-фантаст. («Сільфіда», 1837; «Космарама», «Саламандра», абедзве 1840; «Шалёныя», 1842) аповесцяў, артыкулаў і эсэістычных нататкаў пра А.​Пушкіна і М.​Гогаля. Духоўную атмасферу 1830-х г. перадаў у рамане «Рускія ночы» (1844, 2-я рэд. 1862, апубл. 1913), які спалучае філас. дыялогі, апавяданні-прытчы, навелы. Распрацоўваў муз.-тэарэт. і эстэт. праблемы, даследаваў нар. песню, старарус. музыку. Аўтар біягр. апавяданняў і муз.-крытычных эсэ.

Тв.:

Соч. Т. 1—2, М., 1981;

Музыкально-литературное наследие. М., 1956.

У.Ф.Адоеўскі.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,

1) кірунак у гнасеалогіі, у аснове якога ляжыць арыентацыя пазнавальнай дзейнасці на сац.-паліт. «нейтральнасць», на ўстрыманне ад сац.-крытычных ацэнак, суджэнняў аб яе каштоўнасцях і мэтах. Тым самым ён абмяжоўвае «разумнае мысленне», нярэдка маскіруючы гнасеалагічны суб’ектывізм. Аб’ектывізм адмаўляе самаст. ролю актыўных дзеянняў гіст. суб’ектаў, трактуе іх як цалкам абумоўленыя фатальным ходам рэчаў, уплывам тэхніка-тэхнал. і навук. фактараў. У найноўшай сваёй форме сцыентызму Аб’ектывізм выражаецца ў тэндэнцыі звесці ўсю культуру да навукі, а праблемы чалавека і грамадства — да навук.-тэхн. задач.

2) Кірунак у этыцы, які прызнае аб’ектыўныя каштоўнасці і прадпісанні і спрабуе ўстанавіць аб’ектыўны крытэрый і аб’ектыўную мэту маральнага дзеяння (гл. Норма).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного звания. М., 1983;

Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЧУ́ГА,

вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).

Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.​А.​Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕДАГО́ГІКА,

плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.​Берэйтэр (ЗША), М.​Манані (Францыя), А.​Мілер (Швейцарыя), Р.​Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.​Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТЭРЫЁРЫ І АПРЫЁРЫ (лац. a posteriori літар. з наступнага, a priori літар. з папярэдняга),

апастэрыёры — веды, атрыманыя з вопыту, апрыёры — веды, якія папярэднічаюць вопыту і атрыманы да і незалежна ад яго, першапачаткова ўласцівыя свядомасці. Супрацьпастаўленне апастэрыёры і апрыёры найбольш адлюстравана ў рацыяналізме новага часу (Дэкарт, Лейбніц), паводле якога існуюць усеагульныя і неабходныя ісціны, якія ў аснове адрозніваюцца ад выпадковых ісцін, набытых апастэрыёрным (вопытным) спосабам. Такое супрацьпастаўленне характэрна і для філасофіі Канта, які прызнаваў наяўнасць усеагульных і неабходных ісцін, лічыў крыніцай іх безумоўнасці (ападыктычнасці) апрыёрнасць. Кант прызнаваў апрыёрнымі толькі спосаб арганізацыі ведаў, іх форму, якая напаўняецца апастэрыёрным зместам, робіць магчымым існаванне ўсеагульных і неабходных тэарэт. сцвярджэнняў.

Літ.:

Кант И. Соч. Т. 3. М., 1964;

Швырев В.С. Теоретическое и эмпирическое в научном познании. М., 1978.

В.​П.​Оргіш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж. Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.

М.Ю.Брут.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)