ЛІЦЫ́НІЙ СТАЛО́Н (Гай) (Gaius Licinius Stolo; 4 ст. да н. э.),

старажытнарымскі народны трыбун у 376—367 да н. э., у 364 і 361 да н.э. консул. Выступаў за наданне плебеям роўных з патрыцыямі паліт. правоў. Правёў 3 законы, паводле якіх аднаго консула належала выбіраць з плебеяў, забаранялася мець больш за 500 югераў зямлі, даўгі пагашаліся на выгадных для даўжнікоў умовах. У 357 да н.э. асуджаны патрыцыямі, якія абвінавацілі Л.С. ў парушэнні праведзенага ім агр. закону.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАРТ (у праваслаўі Дзмітрый; 1320? — 1384?),

галіцка-валынскі (уладзімірскі і луцкі) князь ВКЛ. Сын Гедзіміна. Пасля смерці галіцка-валынскага кн. Юрыя Баляслава II (1340) баяры абралі на пасад Л. Вёў барацьбу супраць Польшчы і Венгрыі, якія таксама прэтэндавалі на галіцка-валынскія землі; абапіраўся на дапамогу вял. кн. ВКЛ Кейстута. Пры Л. значэнне аднаго з гал. паліт. цэнтраў ВКЛ набыў г. Луцк, у 1375 утворана першае ў ВКЛ каталіцкае Луцкае біскупства, юрысдыкцыя якога ахоплівала і паўд.-зах. землі Беларусі.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́СІНА,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Цна, на аўтадарозе Ганцавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 262 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Люсіна. 1686 ж., 582 двары (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. На будынку школы мемар. дошка Я.Коласу, які ў 1902—03 працаваў у Л. настаўнікам.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́СКАВІЧЫ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Іванава — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на Пн ад г. Іванава, 143 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1368 ж., 507 двароў (1999). Лясніцтва, станцыя па барацьбе з хваробамі жывёл. Пачатковая школа, вучэбна-вытв. камбінат, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Прачысценская царква (пабудавана да 1783), сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920).

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДОМ САВЕ́ТАЎ,

помнік грамадз. архітэктуры 1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1937—39 (арх. І.​Лангбард). Уваходзіць у арх. ансамбль пл. Леніна і з’яўляецца яго дамінантай. Цэнтр кампазіцыі — 8-павярховы аб’ём, фланкіраваны 7-павярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, якія пераходзяць у паўкруг 5-павярховымі крыламі.

Верт. чляненні (лапаткі), размешчаныя па перыметры будынак, надаюць яму стройнасць і выразнасць. Гал. ўваход — у цэнтры будынка, кожны корпус мае асобныя ўваходы.

А.​А.​Воінаў.

Магілёўскі Дом Саветаў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГЛЕМАЗЕ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезалітычных плямён, якія ў 7—6-м тыс. да н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Балтыйскага мора. Назва ад знаходак у тарфяніку Маглемазе на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Знойдзены крамянёвыя прылады працы мікралітычнага і макралітычнага тыпу, рэчы з косці, рогу і дрэва. Плямёны М.к. жылі невял. першабытнымі абшчынамі. Некаторыя даследчыкі разглядаюць М.к. як пераймальніцу свідэрскай культуры. Частка рагавых і касцяных вырабаў нёманскай культуры мае аналагі ў М.к.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЛО́НСКАЕ ПАСЯЛЕ́ННЕ,

неалітычнае пасяленне на палях 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. на р. Мадлона ў Валагодскай вобл. (Расія). Выяўлены рэшткі 4 дамоў на палях і кладкі, якія іх звязвалі. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, гліняны і драўляны (з разьбой і скульптурай) посуд, бурштынавыя, шыферныя і касцяныя падвескі. М.п. з’яўляецца іншародным помнікам сярод неалітычных культур паўн.-еўрап. часткі Расіі. Аналагічныя пасяленні былі пашыраны ва ўсх. Латвіі, Пскоўскай вобл. Расіі і на Верхняй Волзе.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ у фізіцы,

змена ў часе па зададзеным законе параметраў, якія характарызуюць пэўны стацыянарны фіз. працэс. Выклікаецца знешнімі ўздзеяннямі, напр., М. гарманічнага вагання з мэтай унясення ў вагальны працэс пэўнай інфармацыі (гл. Мадуляцыя ваганняў). М. інтэнсіўнасці электроннага пучка ў кінескопе ў адпаведнасці з пададзеным на кіравальны электрод (мадулятар) відэасігналам дазваляе ўзнавіць на экране перададзены відарыс. М. электронных патокаў па скарасцях у клістроне прыводзіць да групавання электронаў у згусткі з наступным пераўтварэннем іх кінетычнай энергіі ў энергію ЗВЧ-ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЗАЛАВА,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Белая Натапа, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 90 км ад Магілёва, 8 км ад чыг. ст. Ходасы. 686 ж., 229 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 19 ст.). Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)