ЛУПА́Н ((Lupan) Ганна Паўлаўна) (н. 12.9.1924, в. Мігулены Рэзінскага р-на, Малдова),
малдаўская пісьменніца. Сястра А.П.Лупана. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Друкуецца з 1953. У аповесцях, кнігах апавяданняў «Дарога ў вёску» (1955), «Асеннія кветкі» (1960), «Нагаворнае зелле» (1964), «Вячэрні звон» (1970), раманах «Дзе твае ратаі, зямля?» (1961), «Трэція пеўні» (1966), «Знайсці сябе» (1972), «Абнаўленне» (1975), «Чорны колер чарэшні» (1977) актуальныя праблемы вёскі, вясковай інтэлігенцыі, падзеі Вял.Айч. вайны, іх уплыў на чалавечыя характары і лёсы. Аўтар драм. твораў «Кола часу» (1959), «Усё ў парадку» (1962). Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Л.Дайнека, М.Татур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял.Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.Маякоўскага «Добра!» (з В.Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст.Бел. т-рам юнага гледача імя Н.К.Крупскай, 1941), паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Блока, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Э.Вайнерта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968 у г. Любань Мінскай вобл., адкрыты ў 1971. Пл. экспазіцыі 175,5 м², 9,4 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў калекцыя археал. знаходак эпохі неаліту і бронзы, манетны скарб часоў Рэчы Паспалітай, матэрыялы пра 1-ю сусв. вайну, рэв. рух на Любаншчыне ў 1905—07 і 1917, асушэнне Мар’інскіх балот і дзейнасць чырвонаармейскай камуны і яе заснавальнікаў, партыз. рух і дзейнасць патрыят. падполля ў Вял.Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза П.Р.Алейнікава, З.Р.Лышчэню, Дз.С.Наруцкага, Герояў Сац. Працы, дзеячаў літаратуры і навукі, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі раёна ў пасляваенны час. У экспазіцыі музея карціны самадз. мастакоў, тканыя і ганчарныя вырабы мясц. майстроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.
Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШЧЫ́НСКІ (Адам Браніслававіч) (н. 24.12.1920, в. Якубавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў паскораныя курсы Чкалаўскага танк. вучылішча (1942), 2-га Кіеўскага артыл. вучылішча (1943), Варонежскі с.-г.ін-т (1957). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Маскоўскай бітвы, вызвалення Украіны. Камандзір батарэі самаходнага артыл. палка лейт. Л. вызначыўся ў кастр. 1943 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Дняпра: экіпаж самаходнай гарматы на чале з ім знішчыў шмат агнявых кропак і жывой сілы праціўніка; калі гармата была падбіта, паранены Л. працягваў бой гранатамі і аўтаматным агнём. Да 1948 у Сав. Арміі, да 1984 у нар. гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЦАЙМА́КА (Віталь Паўлавіч) (5.5.1906, г. Валгаград, Расія —21.12.1967),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1957). Скончыў Ленінградскі тэхнікум сцэн. мастацтва (1927). З 1927 працаваў у ленінградскіх т-ры юнага гледача, з 1930 у Вял.драм. т-ры імя М.Горкага. Акцёр яркага тэмпераменту, шырокага творчага дыяпазону, майстар псіхал. партрэта. Сярод лепшых роляў: Ягор Булычоў, Ніл, Лука, Нястрашны і Дасцігаеў («Ягор Булычоў і іншыя», «Мяшчане», «На дне», «Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Пракопій Пазухін («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Камедыянт («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Савельеў («Так і будзе» К.Сіманава) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАРА́НЕ,
група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл.Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е,
гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял.тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,
сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл.табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.