РО́ЎЛІНСАН ((Rawlinson) Генры Крэсвік) (11.4.1810, Чэдлінгтан, Вялікабрытанія — 5.3.1895),
англійскі дыпламат, усходазнавец. Адзін з заснавальнікаў асірыялогіі. У 1827—39 афіцэр брыт. Ост-Індскай кампаніі (у Індыі і Іране). У 1840—60-я г. прадстаўнік брыт. ўрада ў г. Кандагар (Афганістан), консул у Багдадзе, пасол у Тэгеране. У 1835—47 скапіраваў, пазней у асноўным прачытаў Бехістунскі надпіс (гл.Бехістун), дэшыфраваў перс. і вавілона-асірыйскія (акадскія) клінапісы. Вёў археал. раскопкі стараж. гарадоў Двухрэчча Барсіпы і Сіпара (цяпер тэр. Ірака). Прэзідэнт Азіяцкага (1878—81) і Геагр. (1871—72, 1874—75) каралеўскіх т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́Н (позналац. rubinus ад лац. ruber чырвоны),
мінерал, празрыстая чырвоная разнавіднасць карунду; каштоўны камень. Афарбоўка абумоўлена прымессю хрому (Cr3+); адценні (пурпурныя, бураватыя і фіялетавыя) звязаны з прымесямі жалеза (Fe3+) і ванадыю (V3+). Характэрна кармінава-чырвоная флюарэсцэнцыя ў сонечным і ультрафіялетавым святле. Паходжанне метасаматычнае. Прамысл. радовішчы: элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Найбуйнейшыя радовішчы Р. ў М’янме, Афганістане, Індыі і інш. Прыродныя Р. выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні 1 парадку. Р., што сінтэзуюцца ў прамысл. маштабах, выкарыстоўваюцца ў лазернай тэхніцы, ювелірнай і гадзіннікавай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАМА́НСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Індыйскага ак., паміж п-вамі Індакітай і Малака, в-вам Суматра, ланцугом Нікабарскіх і Андаманскіх а-воў. Абмывае берагі М’янмы, Тайланда, Інданезіі і сумежных астравоў Індыі. Пл. 605 тыс.км². Найб.глыб. 4507 м. Клімат трапічны, вільготны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады ў лют. 26 °C, у жн. 28 °C. Салёнасць ад 20—25 ‰ на Пн да 30—35 ‰ на Пд. Прылівы паўсутачныя (да 7,2 м). Фауна: дэльфіны Іравадзі, дзюгоні, лятучыя рыбы, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Рыбалоўства. Асн. парты: Янгон, Малам’яйн (М’янма), Пхукет (Тайланд), Джорджтаўн, Келанг (Малайзія), Белаван (Інданезія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ ПАРО́ДАверхавых коней.
Выведзена арабамі ў 4—8 ст. на Аравійскім п-ве шматвяковым адборам. Выкарыстоўвалася ў розных краінах свету пры стварэнні і ўдасканаленні арлоўскай рысістай, чыстакроўнай верхавой, тракененскай і інш. парод. Арабскую пароду гадуюць у Індыі, Пакістане, Егіпце, Турцыі, ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. На Беларусі перспектыўная ў спорце, турызме.
Коні невялікія (выш. ў карку жарабцоў 151, кабыл 148 см), вельмі прыгожыя і грацыёзныя. Маюць высокую пладавітасць, непераборлівыя, трывалыя. Масць шэрая, гнядая, рыжая. Рэзвасць на 1000 м — 1 мін 8 с; 1600 м — 1 мін 48,8 с; 2700 м — 2 мін 41 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСФ»
(BASF AG),
хімічная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1865, з 1973 сучасная назва. Адыграла важную ролю ў развіцці вытв-сці фарбаў, пластмасаў, фармацэўтычных прэпаратаў, стварэнні прамысл. сінтэзу аміяку і інш. Адзін з вядучых у свеце вытворцаў угнаенняў, пігментаў, палімерных матэрыялаў і паўфабрыкатаў для іх выпуску, лекаў, хім. сродкаў аховы раслін, магнітных стужак.
Выпускае больш за 5 тыс. найменняў гатовых вырабаў і 7 тыс. паўфабрыкатаў. Здабывае нафту, прыродны газ і вугаль. Аб’ядноўвае больш за 100 прадпрыемстваў у Германіі і каля 200 у ЗША, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Японіі, Індыі, Бразіліі, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,
адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л.англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.Вашынгтона работы Г.Сцюарта, 1796) і інш.
Літ.:
Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж.Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕФІ́ЦЫЙ (ад лац. beneficium дабрадзейнасць),
1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.
3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНЕВІ́ДЫ,
дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр.Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.