Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал.штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,
найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).
П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля 3/5сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, 2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П Японія. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.
2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл.вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).
Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.
У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.
На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г.БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял.Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім.прам-сць, асабліва вытв-сцьмінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл.«Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл.Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл.Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.
З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац.АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).
Літ.:
Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;
дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.
Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб.з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб.з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб.з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял.Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б.СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб.з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).
У 1991 на прадпрыемствах б.СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс.Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.
На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА«БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.
А.С.Рукцешэль.
Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свеце (у тыс.шт.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),
Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах.ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх.ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс.км²), Уполу (1,1 тыс.км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.
Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.
Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн.нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.
Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.Бугенвіля (1768) і Ж.Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс.т), бананы (каля 25 тыс.т), какава (каля 2 тыс.т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,
міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб.глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд.афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс.км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс.км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-растудз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-раліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс.т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля 1/3 часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.
Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.тштогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.тштогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.тштогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.