«У ДАПАМО́ГУ ПЕДАГО́ГУ»,

серыя навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Засн. ў 1995 у Мінску рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне», якая была і выдаўцом. З 2001 выходзіць у выд-ве «Адукацыя і выхаванне». У серыі 22 час., якія выдаюцца на бел. і рус. мовах, у час. «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» друкуюцца арт. яшчэ і на англ., ням., франц., ісп. і інш. мовах. Часопісы «Біялогія: праблемы выкладання», «Геаграфія: праблемы выкладання», «Мастацкая адукацыя і культура», «Матэматыка: праблемы выкладання», «Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання», «Псіхалогія», «Тэхналагічная адукацыя», «Фізічная культура і здароўе», «Чалавек. Грамадства. Свет» і інш. выходзяць штоквартальна; «Беларуская мова і літаратура», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Дэфекталогія», «Кіраванне ў адукацыі», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячыя сад, школа», «Праблемы выхавання», «Сацыяльна-педагагічная работа», «Фізіка: праблемы выкладання», «Хімія: праблемы выкладання» — 1 раз у 2 месяцы; «Здаровы лад жыцця», «Русский язык и литература», «Пазашкольнае выхаванне» — штомесяц. У час. друкуюцца матэрыялы па праблемах навучання, выхавання, укаранення новых пед. тэхналогій, а таксама нарматыўна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі.

У.​П.​Пархоменка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ТЛЕН (Bethlen) Габар (1580, г. Ілія, Румынія — 15.11.1629),

князь Трансільваніі (Семіграда) у 1623—29, кароль Венгрыі [1620—21]. Кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венг. каралеўстве (з 1619). У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 разам з Чэхіяй выступіў супраць ням. імператара і караля Венгрыі Фердынанда II, заняў значную частку Венг. каралеўства і быў абраны каралём. Час кіравання Бетлена называюць залатым векам Трансільваніі (развіваліся гаспадарка, адукацыя і мастацтва).

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДА,

1) беларускі народны звычай частаваць блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавіной, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам свойскай і здабытай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам. Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці абшчыннай гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як нар. традыцыя калектыўных узаемаадносін.

2) Старадаўняя назва пасагу, запасу грошай, адзення.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́, мантаньяры,

1) у час франц. рэвалюцыі 1789—99 назва рэв.-дэмакр. крыла Канвента, якая прадстаўляла партыю якабінцаў; займала на пасяджэннях верхнія лавы (адсюль назва).

2) У час франц. рэвалюцыі 1848 група дробнабурж. дэмакратаў ва Устаноўчым сходзе, якая лічыла сябе наследнікамі ідэй мантаньяраў канца 18 ст. У лют. 1849 «Новай Гарой» назвалі блок дробнабурж. дэмакратаў і сацыялістаў.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Монтаньяры. М., 1989.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЛАКА́ЦЫЯ ваенная,

размяшчэнне (раскватараванне) сухапутных войск і ваен. устаноў у мірны час у адведзеных для іх месцах (ваен. гарадках, лагерах і інш.); размяшчэнне вайсковых часцей і злучэнняў на фронце, злучэнняў ВПС па аэрадромах базіравання, караблёў ВМФ па партах для пастаяннага базіравання або на зімовы час. Пры Д. бярэцца пад увагу неабходнасць забеспячэння ўзбр. сіламі аховы інтарэсаў краіны на выпадак вайны.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́НСКІ Міхаіл Ігнатавіч (14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),

гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.​Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл. літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.​Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА (Oncorhynchus keta),

прахадная рыба сям. ласасёвых. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак.: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амер. — ад Аляскі да Каліфорніі. У невял. колькасці дасягае рэк бас. Ледавітага ак., ад р. Лена да р. Макензі. 2 сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная). Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. У час нерасту набывае «шлюбнае» ўбранне. Пасля нерасту гіне.

Даўж. да 1 м, маса да 14 кг. Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай. Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кета: 1 — у час нагулу ў моры; 2 — у час нерасту ў рацэ.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ Адольф (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),

бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,

перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.

Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)