РУСІЛЬЁН (Roussillon),

гістарычная вобласць на Пд Францыі, каля граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Уключае дэпартамент Усходнія Пірэнеі. Пл. 4,1 тыс. Нас. каля 400 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — Перпіньян. Рэльеф пераважна горны, на З да 2921 м (пік Карліт). Клімат міжземнаморскі (на ўзбярэжжы), умераны (у гарах). Ападкаў 800—900 мм за год. У гарах захаваліся дубовыя і дубова-грабавыя лясы. Раён вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва; на горных пашах — жывёлагадоўля. Харч. прам-сць. ГЭС. На беразе мора — курорты (Сен-Сіпрыен і інш.). Турызм.

У старажытнасці тэр. Р. насяляла племя сардонаў з цэнтрам у Русцыно (адсюль назва). У 8—9 ст. графства ў дзяржаве Карла Вялікага (уваходзіла ў Ісп. марку); з 915 улада графаў стала спадчыннай.З 1172 пад уладай каралёў Арагона, але да 1258 заставаўся пад франц. суверэнітэтам. У 1276—1344 у складзе каралеўства Маёрка. У 1463 анексіраваны франц. каралём Людовікам XI. У 1943 Францыя вярнула Р. Іспаніі. Шматвяковая вайна за Р. паміж Францыяй і Іспаніяй скончылася Пірэнейскім мірам 1659, паводле якога правінцыя канчаткова замацавана за Францыяй. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 Р. падзелены на дэпартаменты.

т. 13, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЫТЫ́Ў (франц. apèritif),

спіртны напітак, прызначаны для ўзбуджэння апетыту. Ужываецца перад ежай. Як аперытыў выкарыстоўваюць звычайна вермут, херас, моцныя спіртныя напіткі, разбаўленыя фруктовым сокам, тонікам, мінер. вадою і інш.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНЗА́ЛА (ад аван... + франц. salle зала),

памяшканне перад гал. залай у вял. грамадскіх будынках, палацах. У сучасных тэатр., кінаканцэртных і інш. відовішчных будынках аванзала — вестыбюль перад партэрам глядзельнай залы.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАТЫ́ВА (франц. alternative ад лац. alter адзін з двух),

неабходнасць выбару аднаго з двух або некалькіх рашэнняў (магчымасцяў), якія ўзаемавыключаюць адно аднаго. Кожную з гэтых магчымасцяў часам называюць альтэрнатывай.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕ́ТА (франц. enquête літар. расследаванне),

апытальны ліст для атрымання якіх-н. звестак пра таго, хто яго запаўняе, або адказаў на пытанні, складзеныя па пэўнай праграме (напр., у сацыялагічных апытаннях).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬКА (франц. calque),

празрыстая папера або тканіна, якія выкарыстоўваюцца ў чарчэнні; копія чарцяжа або малюнка на такім матэрыяле. Прызначана для капіравання чарцяжоў тушшу і для атрымання з іх святлакопій.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЛІМЕ́НТ (франц. compliment),

1) прыемнае ці спакуслівае выказванне ў чый-н. адрас, пахвала.

2) Традыцыйны паклон артыста пасля выканання нумару ці ў адказ на выклікі гледачоў (звычайна ў цырку).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЬЁН, мадыльён (франц. modillon ад італьян. modiglione),

архітэктурная дэталь тыпу кранштэйна, якая падтрымлівае вынасную пліту ўвянчальнага карніза, пераважна ў ордэрнай архітэктуры (гл. Ордэр архітэктурны). Часам адыгрывае дэкар. ролю.

Мадульён.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІЗЕ́Т (франц. marquisette),

лёгкая, тонкая, празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна палатнянага перапляцення. Вырабляюць з вельмі тонкай кручанай пражы. З М. шыюць летнія сукенкі, блузкі, жаночую бялізну і да т.п.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТРА (ад франц. palette пласцінка),

1) чатырохвугольная або авальная драўляная дошчачка, метал. ці фарфоравая пласцінка, дзе мастак змешвае фарбы ў час працы.

2) Падбор колераў, уласцівы творчай манеры жывапісца.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)