штомесячны ілюстраваны грамадска-палітычны часопіс на бел. мове. Засн. ў 1930 пад назвай «Чырвоная Беларусь» (выходзіў да 1933), адноўлены ў студз. 1944 пад назвай «Беларусь». У 1944 выходзіў раз у 2 месяцы спачатку ў Маскве (№ 1—3), потым у Мінску паралельна на бел. і рус. мовах. З 1945 на бел. мове. Асвятляе грамадска-паліт. і эканам. жыццё рэспублікі, узнімае пытанні развіцця нац. культуры, культ. узаемасувязяў з інш. народамі, публікуе нарысы, нататкі пра бел. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі, фотарэпартажы, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва, папулярныя творы «малых» жанраў (вершы, апавяданні, п’есыаднаактоўкі, нарысы і інш.) бел. пісьменнікаў. Шмат увагі аддае праблемам бел.нац. адраджэння, вяртання народу яго духоўнай і гіст. спадчыны, у т. л.навук. і літ.-маст. здабыткаў, створаных беларусамі за мяжой, рэліг.-хрысціянскіх традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,
папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав. бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБО́РЫН (Іофе) Абрам Майсеевіч
(16.6.1881, мяст. Упіна Шылальскага р-на, Літва — 8.3.1963),
расійскі філосаф, гісторык. Акад.АНСССР (1929). Скончыў Бернскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю і тэорыю марксізму, дыялектыку, філас.пытанні прыродазнаўства, гісторыю сац.-паліт. вучэнняў у Еўропе. Лічыў, што дыялектыка ўнутрана ўласціва прыродным і гіст. з’явам, а дыялект. метад падлягае ўкараненню ў прыродазнаўства, сама марксісцкая філасофія па спосабах развіцця свайго зместу з’яўляецца дэдуктыўнай навукай. Адзін з ініцыятараў выдання на рус. мове збору твораў Г.Гегеля (гал. рэдактар 1-га тома).
Тв.:
Людвиг Фейербах: Личность и мировоззрение. М., 1923;
Диалектика и естествознание. 4 изд. М.; Л., 1930;
Введение в философию диалектического материализма. 6 изд. М.; Л., 1931;
Социально-политические учения нового и новейшего времени. Т. 1—2. М., 1958—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (Эдуард Уладзіслававіч) (псеўд.Э.Горскі; 1906, Мінск — 1943),
бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АНБССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).
Тв.:
Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;
Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;
Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел.правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́ЕЎ (Уладзімір) (3.2.1908, с. Габарэ, Балгарыя — 14.7.1986),
балгарскі мовазнавец, спецыяліст у галіне індаеўрап. і параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл.Балг.АН (1952). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). З 1948 праф., у 1951—56 рэктар Сафійскага ун-та, з 1972 дырэктар цэнтра мовы і літаратуры Балг.АН. Аўтар даследаванняў пра стараж. індаеўрап. мовы «Індаеўрапейскія гутураліі» (1932), «Прагрэчаскае мовазнаўства» (т. 1—2, 1941—45), «Праблемы мінойскай мовы» (1953), «Слоўнік крыта-мікенскіх надпісаў» (1955), «Даследаванні па параўнальна-гістарычным мовазнаўстве. Роднасныя адносіны індаеўрапейскіх моў» (1958), «Фракійцы і іх мова» (1977). Праблемам слав. мовазнаўства прысвечаны працы «Пытанні балгарскай этымалогіі» (1958), «Балгарская этымалогія і анамастыка» (1960), «Вакальная сістэма ў развіцці славянскіх моў» (1964), «Асноўныя праблемы славянскай дыяхроннай марфалогіі» (1969), «Праблемы балгарскай мовы» (1985). Прэмія імя Дзімітрова 1951, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел.л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш.Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.
Тв.:
Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны па выкарыстанні жыллёвага фонду — набыцці, буд-ве, кіраванні, эксплуатацыі і рамонце, размеркаванні і прадастаўленні жылля для грамадзян. Ж.п. не з’яўляецца самаст. галіной права і супадае па сэнсе з паняццем «жыллёвае заканадаўства». У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай Ж.п. з’яўляюцца Канстытуцыя і жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзярж. і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай ці мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля. Пытанні Ж.п. рэгулююцца і інш. прававымі актамі, якія выдаюцца мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі і іх выканаўчымі органамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРУ́ЛЬСКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 18.12.1928, г. Тула, Расія),
бел. археолаг, гісторык. Д-ргіст.н. (1984), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1962 у БДУ: з 1973 заг. кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін, у 1986—91 дэкан гіст. ф-та. Вывучае пытанні археалогіі і стараж. гісторыі Беларусі, праблемы этнагенезу славян і іх прарадзімы, гісторыю гарадоў. Даследаваў помнікі жал. веку і ранняга сярэдневякоўя. У час раскопак у Мінску вызначыў агульную планіроўку горада 11—13 ст., абарончыя ўмацаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсх. часткі замчышча.
Тв.:
Древний Минск. Мн., 1963;
Археология Белоруссии. Мн., 1965;
Древняя история Белоруссии: Очерки этнич. истории и материальной культуры (до IX в.). Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.