пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаныдля засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш.Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ БУДЫ́НКІ.
Прызначаныдля падрыхтоўкі і правядзення тэатр. паказаў. Звычайна размяшчаюцца ў гар. грамадскіх цэнтрах, на плошчах або гар. магістралях і актыўна фарміруюць іх арх. аблічча. Паводле арх.-планіровачнай структуры памяшканні падзяляюцца на 4 асн. групы: відовішчную (глядзельная зала, касавы і ўваходны вестыбюль з гардэробам, фае, буфет, кулуары і інш.), сцэнічную (сцэна, артыстычныя прыбіральні, рэпетыцыйныя залы, склады аб’ёмных дэкарацый, мэблі і рэквізіту, касцюмерныя), вытв. майстэрняў і рэзервовых складоў. Паводле аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і размяшчэння месцаў для гледачоў залы сучасных Т.б. падзяляюцца на партэрна-ярусныя, амфітэатр і такія, дзе партэр ці амфітэатр дапаўняюцца балконамі. Т-ры лічацца вялікімі, калі маюць залы больш як на 1200 глядзельных месцаў, сярэднімі — да 1200 і малымі — да 800 месцаў.
Спец. збудаванні длятэатр. паказаў вядомы з антычнасці. У Стараж. Грэцыі склаўся класічны тып адкрытага т-ра з круглай ігравой пляцоўкай — архестрай і размешчанымі амфітэатрам месцамі для гледачоў (т-р Дыяніса ў Афінах, 6 ст. да н.э.). Далейшае развіццё Т.б. атрымалі ў Стараж. Рыме. У 1-й пал. 17 ст. з’явіліся Т.б. са шмат’яруснай глядзельнай залай. З канца 17 ст. пашыраны т.зв. італьян. тып Т.б. з авальнай у плане шмат’яруснай глядзельнай залай з лоджыямі. У 2-й пал. 18 ст. склаўся т.зв. франц. тып т-ра з круглай залай, на 3/4 па перыметры абкружаны адкрытымі суцэльнымі ярусамі, якія апіраюцца на калоны. У Расіі ў канцы 18—19 ст. будавалі т-ры італьян. і франц. тыпаў. У 20 ст. пашыраны залы традыц. ярусныя і з балконамі, а таксама адкрытыя Т.б. З 1930-х г. праектуюцца Т.б. новага тыпу длясінт. паказаў; для іх характэрны вял. ўмяшчальнасць, трансфармацыя сцэны і глядзельнай залы, каб пераносіць месца дзеяння са сцэны ў залу, механізацыя сцэн. абсталявання.
На Беларусі ў 17—18 ст.для паказаў школьнага т-ра ў будынках кляштараў, і калегіумаў, школ і інш. былі спец.тэатр. залы са сталай сцэнай, абсталяванай рознымі механізмамі, у т. л. люкамі, апафеозамі або глорыямі (прыстасаванні пад столлю над сцэнай для спуску з «нябёс» багоў, анёлаў) і інш. Такія залы былі ў калегіумах езуітаў у Полацку, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Мінску і інш.Для прыватных т-раў, пашыраных, у 18—1-й пал. 19 ст. (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Шклоў, Гродна, Свіслач, Віцебск, Магілёў), прыстасоўвалі розныя будынкі (напр., манеж у Слуцку, 1751) ці будавалі спецыяльна як ч. палацавага комплексу. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстоўваўся т.зв. італьян. тып са шмат’яруснымі ізаляванымі лоджыямі, падковападобнай або авальнай залай, глыбокай сцэнай, аддзеленай ад залы невысокай балюстрадай, пляцоўкай для аркестра перад сцэнай. Найб. значныя будынкі былі ў Нясвіжы (т-р Радзівілаў «камедыенгаўз» 1747—48, арх. К.Ждановіч), Слуцку (1758), Слоніме (1777—80, арх. І.Мараіна), Шклове (1780, арх. П.Барцанці; усе не захаваліся). Захаваўся будынак Гродзенскай муз. школы А.Тызенгаўза (1780), у якім працавала і яго тэатр. школа. Вылучаўся корпус Ружанскага палацавага комплексу, дзе размяшчаўся т-р Сапегаў. Акрамя Т.б., з пач. 18 ст. магнаты стваралі ў сваіх парках і садах т-ры на вольным паветры (напр., т-р Радзівілаў Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і каля Нясвіжскага замка на рове, зялёны т-р «Кансаляцыя»; т.зв. плывучы т-р М.Агінскага, 1771, гл.Слонімскі тэатр Агінскага). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў многіх гарадах узніклі публічныя т-ры, дзе для паказаў выкарыстоўвалі асобныя памяшканні розных будынкаў (у Мінску залы ратушы, 1847, Дваранскага сходу, 1864; бакавы флігель Святадухаўскага манастыра, 1803—17) ці будаваліся спецыяльна (тэатр. афіцына ў Мінску, 1799, арх. Ф.Крамер). У 2-й пал. 19 ст. пад Т.б. рэканструяваны жылыя дамы ў Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. У гар. садах і парках ствараліся летнія т-ры («Ваксалы» ў Віцебску, і 1846, і Магілёве; летні т-р у Мінску, адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі). Створаны стацыянарныя Т.б. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі тэатр), Магілёве (гл.Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Віцебску (1845, арх. М.Чарвінскі, не захаваўся; 1889, арх. А.Кляменцьеў), Гомелі (1887—1900). У пач. 20 ст. пабудаваны летні драўляны гар.т-р у Оршы, т-р «Мадэрн» у Рагачове, электратэатр «Сатурн» у Гродне, летні тэатр-цырк у Брэсце, тэатр-вар’етэ з рэстаранам «Акварыум» у Мінску (адкрыўся ў 1905), т-р у Баранавічах (усе не захаваліся). Большасць дарэв. Т.б. былі яруснага тыпу. У 1930-я г. пад т-ры прыстасоўвалі культавыя будынкі (Чырвоны касцёл і Харальная сінагога ў Мінску і інш.). Узведзены Мазырскі клуб-тэатр, будынкі Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»), Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Тэатра юнага гледача Беларусі (цяпер Бел.рэсп.т-р юнага гледача), Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер Нац.акад.т-р імя Я.Коласа) у Віцебску. Гал. фасады гэтых будынкаў упрыгожаны шматкалоннымі порцікамі, планы маюць традыц.тэатр. схему з сім. размяшчэннем памяшканняў, глядзельныя залы — партэр ці амфітэатр з балконамі. У 1965 пабудаваны Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі (цяпер Бел.дзярж.т-р лялек). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні Т.б. 1970—80-х г.маст. ролю адыгрываюць усе фасады, будынкам уласціва дынамічная кампазіцыя Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, цяпер Бел.дзярж.муз.т-р; Гродзенскі абласны драматычны тэатр). Залы тэатр. тыпу маюць Дом афіцэраў у Мінску (1934—38, арх. І.Лангбард), большасць пабудаваных у 1960—70-я г. палацаў культуры, Рэспублікі палац, канцэртная зала «Мінск» (1987, арх. Л.Пагарэлаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч). У 1988 пабудаваны летні амфітэатр у Віцебску (арх. В.Бабашкін), у 1993 — комплексны будынак Дзярж. харэагр. каледжа Беларусі.
Літ.:
Барышев Г.И., Егорова И.Ю. Театральные здания и сооружения XVIII в. в Белоруссии // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 1;
Чарнатаў В.М. Архітэктура тэатраў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 1;
Дзянісаў У. З гісторыі тэатральных будынкаў XIX ст. ў Мінску // Тэатр. Мінск. 1985. № 3;
Кулагін А. Мадэрн, відовішча // Мастацтва. 1992 № 8.
В.І.Анікін, В.М.Чарнатаў.
Да арт.Тэатральныя будынкі. Адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гарадскі тэатр у Віцебску. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гродзенскі абласны драматычны тэатр.Да арт.Тэатральныя будынкі. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаныген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаныбрыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫФТ (ням. Schrift ад schreiben пісаць),
графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаныдлянабору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., дляТураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі дляцарк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. У пач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 у Бел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
від скульптуры, прызначаныдля ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст.маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш.). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.Фальканэ), К.Мініну і Дз.Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.
На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст.вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял.Айч. вайны: помнікі В.І.Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.Селіханаў), экіпажу самалёта М.Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.Анікейчык, арх. В.Занковіч, Л.Левін), А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.Арцімовіч, М.Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.Купалу (скульпт. Анікейчык, А.Заспіцкі, Л.Гумілеўскі, арх. Ю.Градаў, М.Левін). Я.Коласу (скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.Багдановічу (1982, скульпт. С.Вакар, арх. Л.Маскалевіч) у Мінску, Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, арх. В.Марокін), С.Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.Гарбунова), Я.Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальная скульптура. В.Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.Да арт.Манументальная скульптура. С.Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІЧНЫ АРКЕ́СТР,
калектыў інструменталістаў, прызначаныдля сумеснага выканання твораў сімфанічнай музыкі, вышэйшы тып аркестра.
Развіццё С.а. абумоўлена эвалюцыяй арк. інструментаў, новымі прыёмамі ігры, размяшчэннем музыкантаў на эстрадзе ці ў арк. яме, кіраваннем калектывам, зменай арк. мыслення кампазітараў. Класічны (т. зв. малы) С.а. склаўся ў канцы 18 ст. Звычайна ў яго ўваходзілі квінтэт стр. смыкавых (І-я і 2-я скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы), парны склад духавых (2 флейты, 2 габоі, 2 кларнеты, 2 фаготы, 2 валторны, пазней 2 трубы) і літаўры. У 19 ст. сфарміраваўся вялікі С.а., які ўключаў стр., парны склад драўляных з малой флейтай і контрафаготам, 4 валторны, 2 трубы, 3 трамбоны, тубу, літаўры, вугольнік, талеркі, вял. барабан. Творчасць рамантыкаў (К.М.Вебер, Ф.Шуберт, Ф.Мендэльсон, Г.Берліёз) стымулявала развіццё каларыстычных і драм. бакоў гучання, увод у С.а. інструментаў з асаблівым тэмбрам (малая, альтовая і басовая флейты, англ. ражок, габой д’амур, гекельфон, малы кларнет, басетгорн, бас-кларнет, саксафон, контрафагот, арфа, чэлеста, розныя ўдарныя інструменты). Творчасць Р.Вагнера абумовіла ўзнікненне трайнога, а да канца 19 ст. і чацвярнога (медная група ўзмоцнена квартэтам валторнавых, ці «вагнераўскіх», туб) складу С.а. Творчасць кампазітараў пач. 20 ст. (Р.Штраус, Г.Малер, А.Скрабін, І.Стравінскі) абумовіла з’яўленне звышаркестраў з пяцярной групай духавых, павялічанай колькасцю стр., ударных і інш. інструментаў; колькасць выканаўцаў дасягала 100 і больш чалавек. У 20 ст. наглядалася тэндэнцыя да памяншэння арк. складаў. Сучасная практыка ўлічвае розныя арк. склады. Найб. пашыраны трайны, камерны (малы), С.а. з павялічанай групай ударных (Стравінскі. А.Шонберг, Б.Бартак, А.Месіян) без акрэсленай вышыні гучання. Адраджаюцца інстр. склады перыяду барока, вядзецца работа па стварэнні стэрэафанічнага гучання ў выніку індывідуалізаваных тыпаў рассаджвання музыкантаў або іх пераходу ў час выканання. З 1950-х г. пашырана «амерыканская рассадка»: злева ад дырыжора 1-я і 2-я скрыпкі, справа — альты і віяланчэлі, у глыбіні — драўляныя і медныя духавыя, кантрабасы, злева — ударныя інструменты. Сярод найб. вядомых С.а.: Гевандхаўз (1743), Венскі філарманічны аркестр, Нью-Йорскі філарманічны аркестр (абодва з 1842), Бостанскі сімфанічны аркестр (1881), Берлінскі філарманічны аркестр (1882), Лонданскі філарманічны аркестр (1932), Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага (1930), Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (1943).
На Беларусі ў 18—1-й пал. 19 ст. дзейнічалі прыватна-ўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы пры дварах і т-рах магнатаў (Шклоў, Гродна, Слуцк, Нясвіж, Слонім; гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1803—1917 (з перапынкамі) працаваў Мінскі гарадскі аркестр; у канцы 19 ст. невял. прафес. С.а. існаваў у Віцебску, у пачатку 20 ст. дзейнічалі аматарскія С.а. ў Гродне (пры мужчынскай гімназіі), у Магілёве, С.а. у Брэсце (пры муз.-літ.-драм. гуртку). У 1910-я г. на базе нар. кансерваторый, муз. школ, драм. т-раў створаны С.а. ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Беларусі (2001) працуюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Вял.сімф. аркестр творчага аб’яднання «Нац.акад.Вял.т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», С.а. Дзярж.муз.т-ра Беларусі, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, С.а. Гомельскай абл. філармоніі, С.а. ў Брэсце, Маладзечне і інш., вучэбныя С.а. сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, у т. л. «Маладая Беларусь» Бел. акадэміі музыкі і «Маладзёжны сімфанічны аркестр» Бел. ун-та культуры.
Літ.:
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫЎНАЯ МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
здольная забяспечыць спарт. і спартыўна-масавую работу на самым высокім сучасным узроўні. Асноўныя спарт. збудаванні і комплексы дазваляюць весці трэніровачныя працэсы і праводзіць спаборніцтвы амаль па ўсіх відах спорту. У краіне штогод адбываецца каля 10 афіц.міжнар. спаборніцтваў: чэмпіянаты і этапы Кубкаў свету і Еўропы, традыц. турніры па розных відах спорту, каля 700 штогадовых рэсп. спаборніцтваў. На Беларусі функцыянуюць (2004): 220 стадыёнаў, каля 4,5 тыс. спартзалаў, больш за 200 плавальных басейнаў, 24 манежы, 7 крытых лядовых арэн са штучным ільдом, каля 1,5 тыс. стралковых ціраў, больш за 150 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, 9 баз алімп. падрыхтоўкі і інш.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе створаны ў Мінску ў 1978. У яго складзе Палац тэніса з 4 кортамі і трыбунай на 500 месцаў, трэніровачная зала, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні; агульная плошча 7659 м². На тэр. Цэнтра размешчаны 13 кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём) агульнай пл. 11 127 м², медыка-рэабілітацыйны комплекс. У Цэнтры праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы, працуюць вучэбна-спарт. групы.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках існуе ў Мінску з 1997. Будынак цэнтра (раней Палац шахмат) рэканструяваны ў 1985. Сучасны Цэнтр з’яўляецца дзярж. спецыялізаванай вучэбна-спарт. установай, з 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву. Цэнтр мае аддзяленні шахмат і шашак (каля 20 вучэбных груп, да 200 навучэнцаў). У Цэнтры адбываюцца спарт. мерапрыемствы і спаборніцтвы рознага ўзроўню, яго спецыялісты імкнуцца забяспечыць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўсім аматарам шахмат і шашак, падрыхтоўку спартсменаў і спартсменаў-інструктараў, наладжванне міжнар.спарт. сувязей.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце знаходзіцца ў в. Качына Мінскага р-на. Спарт. база цэнтра на Заслаўскім вадасховішчы існуе з 1968, займае тэр. 2 га. Яна ўключае бухту для стаянкі яхтаў і катэраў, прычальныя пабудовы, элінг для захоўвання маёмасці, майстэрні па рамонце суднаў, дапаможны корпус, дзе размешчаны медкабінет, раздзявальні, склады, адм. корпус і інш.
Рэспубліканская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства па водных відах спорту існуе з 1976, размешчана на Заслаўскім вадасховішчы. Мае веславальны канал на 6 дарожак даўж. 2 км (пабудаваны ў 1979), канал для байдарак і каноэ даўж. 1 км, басейны дляакад. веславання на байдарках і каноэ (1976), трэнажорную залу, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, футбольнае поле, пляцоўкі для гульні ў валейбол (2), баскетбол (1), гандбол (1), тэніс (2), адм., гасцінічны, дапаможныя карпусы і інш.
Алімпійскі спартыўны комплекс пабудаваны ў Мінску ў 1984. Агульная яго плошча 16,5 га, плошча крытых спарт. памяшканняў 13 450 м². У складзе комплексу лёгкаатлетычны манеж, залы спарт. і маст. гімнастыкі, бокса, барацьбы, трэнажорная зала, 2 плавальныя басейны (25×6 і 11×9 м), стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычнымі сектарамі, 2 футбольныя палі з сінт. і гумава-бітумным пакрыццём, комплекс для лёгкаатлетычных трэніровак, тэнісныя корты, медыка-рэабілітацыйны цэнтр і інш.
Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску мае ў ліку асноўных спарт. збудаванняў навучальны корпус, пабудаваны ў 1987, агульнай пл. 8,4 тыс.м², футбольны стадыён.
Рэспубліканскі цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка» здадзены ў эксплуатацыю ў 1970 у пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны завод імя Л.Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце. Спарткомплекс уключае зімовы манеж 64×24 м з трыбунамі на 150 месцаў, канкурны стадыён 140×100 м з пясчаным манежам і трыбунамі на 3 тыс. месцаў (уведзены ў строй у 1980), 2 трэніровачныя крытыя манежы: вучэбны (1974) і выездкавы (1975), 3 адкрытыя манежы, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і і трэніровачны скакавы круг, 3 канюшні (1970), гасцінічны комплекс (1979), базу коннага пракату, шэраг службовых і дапаможных памяшканняў.
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Спартыўны комплекс «Раўбічы» — адзін з лепшых спарт. комплексаў рэспублікі — размешчаны каля в. Раўбічы (за 22 км на поўнач ад Мінска). Гэта сучасная спарт. база для заняткаў пераважна зімовымі відамі спорту (біятлон, лыжнае дваябор’е, лыжныя гонкі, слалам, скачкі на лыжах з трампліна, сноўбордзінг, фрыстайл). Пабудаваны ў 1974, займаў тэр. 36 га; у наш час яго пл. пашырана да 80 га. У складзе комплексу: біятлонная траса са стрэльбішчам 150×140 м, трэніровачнае стрэльбішча 150×50 м, лыжная траса (3 пятлі агульнай даўжынёй 20 км), 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём з разліковай даўжынёй скачка 20, 40 і 74 м, спецыялізаваныя лыжаролерныя трасы (пабудаваны ў 1989 і 2003) з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная траса і схіл для фрыстайла, ролікадром (150×60 м), універсальная спарт. зала, тэнісныя корты, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, адміністрацыйна-гасп. корпус. Трыбуны для гледачоў размешчаны на штучных земляных валах, злучаны з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Раўбічах» праводзяцца рэсп. і буйныя міжнар. спаборніцтвы (напр., чэмпіянат свету 1974, чэмпіянат Еўропы 2004, этапы Кубка свету па біятлоне і інш.).
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі» размешчаны каля в. Стайкі (за 12 км на ПдУ ад Мінска). Засн. ў 1947, будаўніцтва завершана ў 1970-я г. Займае пл. 90 га. На гэтым спарт. комплексе праходзяць асн. этапы падрыхтоўкі бел. спартсменаў і нац. каманд па розных відах спорту да буйных міжнар. спаборніцтваў: Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы і інш. Комплекс уключае 2 універсальныя залы-манежы (54×36 м, пабудаваны ў 1976, і 72×50 м, пабудаваны ў 1979), 2-зальны гімнастычны корпус, спецыялізаваныя залы для цяжкай атлетыкі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя памяшканні, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя бегавыя дарожкі, лёгкаатлетычныя сектары, вадасховішча. Комплекс мае медыка-рэабілітацыйны цэнтр. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, бібліятэка, 2 кіназалы, канферэнц-зала і інш. У «Стайках» праводзяцца спарт. і спартыўна-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. ўзроўню, семінары, сімпозіумы і інш.
Стадыён «Дынама» ў Мінску — найбуйнейшы ў рэспубліцы. Яго трыбуны змяшчаюць каля 50 тыс. гледачоў. Адкрыты ў 1934, адноўлены ў 1947—54, рэканструяваны ў 1978—80 да Алімп. гульняў 1980 для правядзення папярэдніх спаборніцтваў па футболе. Комплекс стадыёна мае спецыялізаваныя залы (пад трыбунамі), адкрытыя пляцоўкі дляспарт. гульняў, абсталяваны электронным табло і сучасным асвятляльным электраабсталяваннем.
Мінскі Палац спорту — адно з буйнейшых у краіне спарт. збудаванняў шматмэтавага прызначэння. Пабудаваны ў 1966, рэканструяваны ў 2002—04. Мае хакейную пляцоўку 61×30 м, стацыянарныя трыбуны на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны — да 6 тыс. месцаў, 2 спарт. залы па 18×12 м, дапаможныя памяшканні. У Палацы праводзяцца спарт. спаборніцтвы на хакеі з шайбай, фігурным катанні, гімнастыцы, боксе, барацьбе і інш. Вялікая зала Палаца выкарыстоўваецца і для правядзення інш. масавых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў і інш. У 1999 каля Палаца пастаўлены будынак лядовай пляцоўкі.
Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат з першым у Мінску адкрытым басейнам, які працуе з 1961; прымае спартсменаў і наведвальнікаў з 1967, рэканструяваны ў 2002—03. Камбінат здольны абслугоўваць штодзённа больш за 4 тыс. аматараў воднага спорту. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі для гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс.
Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.К.Цімашэнкі пабудаваны ў Мінску ў 1972, рэканструяваны ў 1978. Мае галоўны павільён з 4 крытымі цірамі і адкрытыя ціры для стральбы на розныя адлегласці, ціры для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі. Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралковай зброі, маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем; вынікі выводзяцца на электроннае інфармацыйнае табло.
Палац лёгкай атлетыкі Спорткамітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску пабудаваны ў 1976. Гэта шматмэтавы спарт. комплекс для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні і інш. Агульная пл. будынка 125×48 м. Мае дэманстрацыйную арэну з 200-метровай 4-раднай і 6-раднай прамой бегавымі дарожкамі са спец.сінт. пакрыццём, трыбуны на 3 тыс. месц, залы для трэніровак, памяшканні для спартсменаў-удзельнікаў спаборніцтваў і інш.
Мінскі лядовы палац спорту пабудаваны ў 1999. Прызначаныдля трэніровак, выступленняў спартсменаў і артыстаў на лёдзе, правядзення спаборніцтваў па хакеі, фігурным катанні і інш. Уключае вялікую залу з трыбунамі на 2 тыс. месц, лядовае поле 60×30 м, рэкрэацыйныя памяшканні, раздзявальні з саунамі, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інжынерным абсталяваннем, што дае магчымасць праводзіць спарт. і спарт.-масавыя мерапрыемствы на самым высокім міжнар. узроўні.
Крыты футбольны манеж у Мінску пабудаваны ў 2002. Пл. будынка 15,5 тыс.м². Поле аснашчана штучным пакрыццём з падагрэвам. Умяшчальнасць трыбун да 3 тыс. месц. У комплекс уваходзяць трэніровачная зала 45×24 м, 6 раздзявальняў з саунамі, масажныя памяшканні, зона размінкі футбалістаў пл. 633,5 м², зона сілавой падрыхтоўкі з трэнажорамі пл. 663,5 м². У прылеглай да манежа зоне пабудавана лыжаролерная траса. У 2004 у манежы на спецыялізаваным корце праводзіліся этапы Кубка Дэвіса па тэнісе.
Гарналыжны комплекс паблізу г. Лагойск Мінскага р-на. З 2003 эксплуатуецца яго 1-я чарга; у перспектыве будзе зімовым шматфункцыянальным спарт. комплексам, зонай адпачынку і заняткаў рознымі відамі лыжнага спорту.
Шмат спарт. збудаванняў рознага прызначэння размешчаны ў абл., раённых гарадах, на асобных буйных прадпрыемствах краіны.
У Брэсцкай вобласці функцыянуюць 23 найб. значныя аб’екты спарт. прызначэння, у т. л. Палац спорту, спарткомплексы «Алімп», «Блакітны», «Брэсцкі», «Дынама», лёгкаатлетычны манеж, водна-веславальная база «Ураджай», лядовы палац у Брэсце, спарткомплексы: «Атлант» у Баранавічах, «Прыпяць» у Пінску і інш.
У Віцебскай вобласці 143 спарт. аб’екты абласнога і мясц. падпарадкавання, у т. л. Палац спорту, Цэнтральны спарткомплекс, лядовы палац у Віцебску; Палац воднага спорту «Садко», Палац спорту і культуры, Дом фізкультуры «Ізумруд», спартклуб «Залатая шыпоўка» ў Наваполацку; спарткомплекс і басейн ільнокамбіната, спарткомплекс «Лакаматыў» у Оршы; веславальная база і спарткомплекс «Спартак» у Полацку; коннаспарт. база ў Талачынскім р-не (в. Загараддзе); спарткомплекс ДРЭС у Новалукомлі і інш.
У Гомельскай вобласці 15 буйных спарт. аб’ектаў, сярод якіх Палац лёгкай атлетыкі т-ва «Дынама», коннаспарт. комплекс, Палац гульнявых відаў спорту, лядовы палац спорту ў Гомелі, стадыёны і спартзалы ў раённых цэнтрах.
У Гродзенскай вобласці 34 спарт. аб’екты абласнога і ведамаснага падпарадкавання. Найб. значныя з іх: спорткамбінат «Нёман», лядовы палац спорту, стралковы комплекс «Гродна-Азот» у Гродне; веславальная база ў г. Масты; спарткомплексы «Ліда» і «Алімп» у Лідзе, коннаспарт. комплекс «Ніва» ў Лідскім р-не (в. Дворышча), спарткомплексы і басейны дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і інш.
У Магілёўскай вобласці 52 найб. значныя спарт. аб’екты, у т. л. Палац спорту і лядовы палац, спорткомплекс «Дняпро», спорткамбінат «Лакаматыў», веславальная база ў Магілёве; спарткомплекс «Геліяс», веславальная база ў Бабруйску; Палац спорту ў Быхаве, спарткомплекс у Клічаве, база «Алімпіец» (в. Шчакава Бабруйскага р-на) і інш.
У Мінскай вобласці 89 спарт. аб’ектаў, найб. значныя з іх — Дом фізкультуры ў Маладзечне, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы (ФАК) «Атлет» і «Лагойскі» ў Лагойску, спорткомплекс «Юнацтва» ў Плешчаніцах, спорткамбінат у Барысаве, ФАКі, стадыёны ў раённых цэнтрах, пры буйных прадпрыемствах і інш.
У.В.Міневіч, А.М.Петрыкаў.
Спартыўны комплекс «Раўбічы»: 1 — універсальная спартыўная зала; 2 — трампліны.Крыты басейн Рэспубліканскага водна-спартыўнага камбіната (Мінск).Пад’ёмнік гарналыжнага комплексу пад Лагойскам.Стадыён Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1920.
Слуцкі збройны чын 1920, адзін з актаў узбр. выступлення часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства Случчыны супраць палітыкі «ваеннага камунізму». Узначальваў выступленне Бел.нац.к-т у Слуцку. С.п. адбывалася ў канцы польска-сав. вайны 1919—20 (гл.Савецка-польская вайна 1920). У Бел.нац. к-це былі прыхільнікі ген. С.Н.Булак-Балаховіча, якія выступалі за саюз з Польшчай, і прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), што выступалі за поўную незалежнасць і ад Польшчы і ад Расіі; некат. былі схільныя да пагаднення з Сав. Расіяй. Па ініцыятыве прадстаўнікоў БПС-Р 14—15.11.1920 у Слуцку адбыўся бел. з’езд Случчыны (117 дэлегатаў). Кіравалі з’ездам бел. эсэры, якіх падтрымлівала большасць дэлегатаў. Актыўны ўдзел у рабоце з’езда прымаў П.Я.Жаўрыд, прызначаныНайвышэйшай радай БНР камісарам на Случчыне. 14 ліст. з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую раду БНР і заявіў пратэст супраць сав. улады на Беларусі як «чужацкай». З’езд абраў Беларускую раду Случчыны (БРС) з 17 чал. на чале з У.М.Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу ў павеце і даручыў арганізацыю нац. войска. БРС лічылася часовым органам да ўтварэння выбарнага органа на ўсёй Беларусі. Рада складалася з 8 бел. эсэраў на чале з Пракулевічам і прадстаўнікоў інш.паліт. груповак. Першачараговай задачай было фарміраванне войска, для чаго з членаў рады створана тройка на чале з Жаўрыдам. Была сфарміравана І-я Слуцкая брыгада стральцоў у складзе 2 палкоў — І-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада Штодзённыя бесперапынныя атакі вяліся на ўчастку працягласцю 60 км; асабліва моцна атакавалі на лініі Капыль—Цімкавічы—Вызна. Баі ішлі каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчка Капыль, Вызна. Камандаванне 16-й сав. арміі вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Аднак дзеянні Чырв. Арміі не далі вынікаў, бо камандаванне Слуцкай брыгады вывела гал. сілы з-пад удару сав. войск. Толькі ў раёне Семежава частка паўстанцкіх атрадаў была разбіта і 7 снеж. адкінута да дэмаркацыйнай лініі (30 афіцэраў і 400 жаўнераў). Пасля вяртання сав. войск на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на атрады Чырв. Арміі. У ноч на 10 снеж. паўстанцы напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, 12 снеж. — на в. Старынь. 13 снеж. яны занялі Семежава, але пазней вымушаны былі з боем адысці. Штаб Слуцкай брыгады 15 снеж. пераехаў у в. Морач. У ноч на 18 снеж. паўстанцы зноў занялі Семежава, 19 снеж. — Вызну. Сав. камандаванне перакінула на фронт новыя сілы, якія ў выніку наступлення адбілі Вызну і Смолічы, 20 снеж. — Семежава. Штаб Слуцкай брыгады і атрады паўстанцаў перабазіраваліся ў в. Заастравечча (Клецкі р-н) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. БРС прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 28.12.1920 Слуцкая брыгада перайшла за р. Лань, 31.12.1920 на польскі бок перайшоў апошні атрад паўстанцаў. Афіцэры і жаўнеры брыгады былі раззброены і інтэрніраваны ў лагеры ў раёне в. Сіняўка (Клецкі р-н), потым пераведзены ў лагер у г. Беласток, а пазней — у лагер у Дарагуску. Вызвалены яны толькі ў маі 1921 пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 і абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Адзін батальён (каля 400 чал.) брыгады адмовіўся здацца польскім вайскоўцам і застаўся на Случчыне для працягу ваен. дзеянняў партыз. характару. У асн. гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны вялі барацьбу яшчэ доўгі час. У абставінах, што склаліся ў канцы грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, С.п. шанцаў на перамогу не мела.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI армии. Могилев, 1921;